Пачынаецца аповяд з даследавання архiўных дакументаў, у якiх узгадваецца роднае паселiшча. А.Талерчык устанавiў факт, што свой радавод паселiшча вядзе ад 7 лiстапада 1556 года. Тады ўпершыню Парэчча як месца падзеi адзначана ў Акце слонiмскага земскага суда. Канечне, яно iснавала i раней, аднак у друкаваных матэрыялах не ўзгадвалася.
Шмат цiкавай iнфармацыi друкуе аўтар аб «дзяржаўцах» вёскi. Называе дзесяткi прозвiшчаў, падзеi, якiя адбывалiся тут. Асаблiвая ўвага надаецца сямейству Валовiчаў, дэвiзам якiх было: «Лепш загiнуць за Айчыну, чым бачыць яе зняволенай». Яны доўгi час валодалi Парэччам. Значны след у гiсторыi пакiнуў Астафей Валовiч (1520-1587). Ён скончыў Падуанскi унiверсiтэт, жыў у Гродне. Абiраўся канцлерам ВКЛ, быў адным з лiдэраў апазiцыi пры заключэннi Люблiнскай унii 1569 г. З’яўляўся настаўнiкам Льва Сапегi.
Ашчэ аднаму Валовiчу – Мiхалу – прысвечаны цэлы раздзел. Ён нарадзiўся ў Парэччы, вучыўся ў Варшаве i Вiльнi. Актыўны ўдзельнiк паўстання 1831 г. Захоплены ў палон у слонiмскiх лясах, Мiхал спрабаваў пры затрыманнi застрэлiцца, але не паспеў. 21-га лiпеня 1833 г. яго павесiлi ў Гродне за Скiдальскаю «заставаю». Цела было перавезена ў закiнуты вапнавы кар’ер i захавана так, каб нельга было адшукаць.
Аляксандр Талерчык пiша пра найбольш значныя для людзей з’явы – «Паншчына», «Парэцкая дача», «Царква», «Кантрольная палата», «Хведар Данiлюк» (святар), «Парэцкiя настаўнiкi», «Бежанцы», «Другая ўсясветная вайна», «Другiя Саветы». Аўтар нагадвае прозвiшчы сялян, якiя калiсьцi жылi ў Парэччы, нават аб веравызнаннi кожнага. Грэка-унiятаў было больш, чым католiкаў. Пiша пра свой уласны радавод, паходжаннi мянушак жыхароў паселiшча.
Балючай праўдзiвасцю вылучаюцца звесткi пра савецка-германскую вайну 1941-1945 г. Аляксандр Талерчык абапiраецца тут не толькi на дакументальныя сведчаннi, але i на ўласную памяць, успамiны вяскоўцаў. Называе прозвiшчы расстраляных немцамi дэпутатаў сельсавета i савецкiх актывiстаў. На прыкладах тлумачыць разгортванне партызанскай барацьбы, знiшчэнне вёсак. Савецкiя дыверсанты забiвалi фашыстаў каля вёсак, i за гэта гiтлераўцы палiлi паселiшчы разам з мiрнымi людзьмi. Пасля вызвалення 23 аднавяскоўцы былi прызваны ў Савецкую Армiю. На фронце загiнула 18 – не падрыхтаваных i не навучаных змагацца, як след.
Балюча чытаць пра здзекi над вяскоўцамi з боку савецкiх органаў улады адразу пасля вайны. Несправядлiвасць запанавала паўсюдна. Стварэнне калгасаў суправаджалася накладаннем такiх падаткаў, што людзi былi вымушаны аддаваць уласнае дабро ў калектыўную гаспадарку. З заробленых за год 22 рублёў, бацькi Адяксандра былi прымушаны 15 аддаць на дзяржаўную пазыку...
Добра, што жывуць сярод нас неабыякавыя да ўласнай гiсторыi людзi. Гiсторыка-краязнаўчы нарыс «Парэчча» сведчыць аб магчымасцях краязнаўцаў вобласцi. Кожнае паселiшча павiнна мець свой такi допiс.
Антон ЛабовIЧ