Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Канфесіі

Беларуская царква: праз церні да Бога

У мястэчку Пагранiчны Бераставiцкага раёна ў падмурак першай у краiне Беларускай Праваслаўнай аўтакефальнай царквы закладзена капсула з пасланнем для нашчадкаў. Асвяцiў гэта дзеянне ў мiнулую суботу архiепiскап Беларускай Народнай праваслаўнай аўтакефальнай царквы з ЗША айцец Юры Рыжы.

Святочныя ўрачыстасцi ў Пагранiчным пачалiся ў 8.30 з лiтургii. Набажэнства дагэтуль праводзiцца ў вайсковай палатцы. Але ўжо побач пачалiся працы над узвядзеннем царквы Еўфрасiннi Полацкай. Гэта будзе першы ў Беларусi храм i прыход не Маскоўскага патрыярхату, а Беларускай Народнай праваслаўнай аўтакефальнай царквы з цэнтрам у ЗША.

Служба ў палатцы вялася па-беларуску, настаяцелю Яну Спасюку дапамагаў святар з Мiнску, айцец Леанiд. Сабралася шмат вяскоўцаў, сярод якiх сталыя i маладыя, а таксама дзецi. На ўрачыстасцi з ЗША прыбыў архiепiскап Беларусккай Народнай Праваслаўнай аўтакефальнай царквы айцец Юры Рыжы. Прыхажане сустракалi яго з хлебам i соллю. Падчас закладкi капсулы ён зачытаў пасланне для нашчадкаў, у якiм гаварылася, што беларусы шмат выпакутавалi, але прыйшоў час, калi яны пачалi будаваць урэшце сваю беларускую царкву. Архiепiскап Юры казаў, што не спадзяваўся прыехаць у Беларусь, паколькi ў красавiку перанес аперацыю на сэрца. Але, як сам заўважыў: «Бог даў сiлы». Ён выглядаў па-сапраўднаму расчуленым.

З пасланнем архiепiскапа ў капсулу было ўкладзена яшчэ адно пасланне – ад амерыканскай амбасады ў Мiнску, якое прывёз першы сакратар амбасады Джон Кунштадтэр. Ён зачытаў яго па-беларуску i па-англiйску.

Вакол будоўлi царквы, згодна з праваслаўнай традыцыяй, тройчы абыйшла працэсiя з крыжом, харугвамi i iконамi.

Адразу пасля таго, як была закладзена капсула, у небе заззяла сонейка. Людзi казалi, што гэта добры знак.

«БI» неаднойчы пiсала аб справах незарэгiстраванага прыходу Беларускай Народнай Праваслаўнай аўтакефальнай царквы ў Пагранiчным i аб яе святары. Ён прайшоў непросты шлях разам з сваiмi прыхажанамi, але i дагэтуль яны моляцца неафiцыйна, мясцовыя ўлады не хочуць рэгiстраваць прыход.

Першыя крокi да аўтакефальнай Беларускай царквы вясной 1999 года зрабiў мясцовы святар Ян Спасюк. Той вясной ён аб’явiў, што ягоны прыход выходзiць з пад пратэктарату Маскоўскага патрыярхату i пачынае ствараць Беларускую Народную Праваслаўную царкву. Ад самага пачатку на баку святара былi прыхажане. Адна з вернiцаў ахвяравала свой дом пад будынак царквы, дзе адбывалiся малебны на беларускай мове. Бацюшка апраўдваў давер вернiкаў. Яны хвалiлi яго за шчырыя службы, за тое, што не абiраў iх, калi хрысцiў дзiця, вянчаў маладых цi адпяваў нябожчыка. У храмах Рускай праваслаўнай царквы за падобныя паслугi вiселi расцэнкi, якiя па сваiх памерах складалi чуць цi не ўсю пенсiю вясковай бабулькi.

Тым не менш мясцовыя ўлады не супакойвалiся i не давалi жыцця святару. На службу прыходзiў участковы мiлiцыянт i папярэджваў, што бацюшка парушае заканадаўства, яго выклiкалi на камiсiю ў раён i штрафавалi. А ў той самы час у райвыканкаме ляжалi дакументы, пададзеныя на рэгiстрацыю царквы. Iх доўгi час трымалi, потым вярталi, спасылаючыся на тое, што яны не адпавядаюць iснуючаму заканадаўству. Пазней яны нацiснулi на прыхажанку, якая аддала свой дом пад храм. Дом давялося пакiнуць. Але ўжо другая вернiца аддала частку свайго гароду, дзе i распачалася будоўля храма. А з вясны 2000 года ў гародзе вернiкi паставiлi вайсковую палатку i набажэнствы праводзiлiся ў ёй. Праўда, iзноў – такi не давалi спакою ўлады. Падчас аднаго з набажэнстваў у палатку ўварвалася некалькi мiлiцыянтаў. Яны апаганiлi алтар i надзелi на рукi святара кайданкi. Выцягвалi сiлаю з палаткi. Святару ўдалося ўцячы, пасля чаго некалькi дзён вернiкi хавалi яго ў знаёмых у Гродне. Перажылi i гэта. Потым улады пачалi чапляцца да таго, што каля ўласнага плоту людзi пачалi складваць будматэрыялы для будаўнiцтва царквы. Зноў выклiкi на камiсiю, штрафы, запалохваннi... Давялося святару нават адсядзець некалькi сутак. Але разам з тым цякло i iншае жыццё: у палатцы хрысцiлi дзяцей, бралi шлюб, адпявалi нябожчыкаў.

Так, практычна на нулявым кiламетры нашай Радзiмы спрабуе адраджацца беларуская царква. Яе шлях нагадвае лацiнскi афарызм: праз цернi да зорак.

М.КАРНЕВIЧ

Фота аўтара

Назад