Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

«Вавілонская вежа» на вуліцы Ажэшкі

У суботу, 20 кастрычнiка, а 18-ай гадзiне выставачная зала Саюза мастакоў, што на вулiцы Ажэшкi, прэзентуе наведвальнiкам новую экспазiцыю. Свае творы прадставяць керамiсты Iрына Радкевiч i Яўген Адзiночанка.

Яна – працы з шамотавых* мас, ён – своеасаблiвыя свяцiльнiкi, адзiн з якiх мае абрысы Вавiлонскай вежы, i скульптуры, аздобленыя мазаiкай з каляровых мас. Iрына i Яўген – выпускнiкi кафедры керамiкi i шкла Беларускай Акадэмii Мастацтваў i сябры Саюза Мастакоў. Iх працы дэманстравалiся ў Францыi, Японii, Польшчы i Германii. Гродзенскiя керамiсты стала выстаўляюцца ў Мiнску ды iншых беларускiх гарадах, працуюць на пленэрах. Апошняя, i пакуль што адзiная, выстава ў Гродне была 6 гадоў таму.

Гаворыць Iрына Радкевiч:

«Пасля заканчэння мастацкай школы ў Мiнску я трапiла на ленiнградскую парцалянавую фабрыку . Там два гады працавала ў мастацкай лабараторыi. Было вельмi цiкава, я магла б i ўсё жыццё там працаваць. Але хацелася атрымаць вышэйшую адукацыю, i я пайшла вучыцца ў Мiнскую Акадэмiю Мастацтваў.

Керамiка ад iншых вiдаў мастацтва адрознiваецца тым, што глiна павiнна прайсцi праз агонь. Калi карцiна, намаляваная мастаком, высахне, яна не страцiць першапачатковага выгляду. Абпал жа заўсёды прыпадносiць неспадзянкi. Рэчы могуць парэпацца альбо нечакана змянiць колер. Напрыклад, чорныя дэталi могуць зрабiцца нават блакiтнымi. Можна, канешне, выправiць недахопы шляхам халоднай апрацоўкi. Але сапраўдныя творы мастацтва не павiнны дарабляцца пасля абпалу. На салiдных мiжнародных выставах такiя рэчы не прымаюцца. Таму, каб працаваць з глiнай i фарбавальнiкамi, трэба добра ведаць тэхналогiю i хiмiю.Праўда, неспадзянкi могуць быць як непажаданыя для творцы, гэтак i цiкавыя. Паглядзiце на гэты гарбатнiчак. Такiя арыгiнальныя разводы атрымалiся як раз пасля абпалу. Першапачаткова ён быў аднакаляровы.

Мы амаль не працуем з палiванай керамiкай. Я люблю эксперыментаваць. Раблю шмат працаў, якiя знаходзяцца на мяжы магчымасцяў тэхналогii, нават не дажываюць да абпалу. Мне падабаюцца рэчы, якiя цяжка выцягнуць, абпалiць, данесцi. Праўда, i печ, якую мы нядаўна прыдбалi, не надта мне адпавядае – яна занадта маленькая. Вялiкiя рэчы даводзiцца рабiць па частках.

Яўген працуе з рэчамi, якiя патрабуюць дасканалай апрацоўкi. Ягоныя творы праходзяць спачатку праз галаву, а потым ужо праз рукi. Шмат хто з мастакоў проста не стаў бы гэта рабiць. Над адной такой скульптурай з мазаiкай можна працаваць цэлы месяц. Падчас вучобы ён займаўся крысталiчнымi палiвамi – узважваў кожны кампанент, нарабiў шмат проб. Ён любiць крапатлiвую працу.

Апрача работы ў майстэрнi мы выкладаем у дзiцячым гуртку ад Хiмвалакна. Зараз у нас займаюцца каля 20 чалавек. Звычайна дзецi цiкавяцца керамiкай да пэўнага ўзросту. Потым школьныя заняткi пачынаюць вымагаць больш часу, з’яўляюцца iншыя зацiкаўленнi. Некаторыя саромеюцца прызнацца сябрам, што займаюцца лепкай. Увогуле, у нас людзi не цiкавяцца керамiкай. Хаця шмат хто разбiраецца, напрыклад, у музыцы або жывапiсе. У той жа Польшчы ладзяцца пленэры, як для прафесiяналаў, гэтак i проста для аматараў. Любы чалавек, заплацiўшы пэўную суму, можа паўдзельнiчаць. А зiрнiце на керамiку ў нашых крамах. Яна нецiкавая. На заводах мала хто займаецца распрацоўкай новых iдэй. Ведаеце, чаму гэта справа на Беларусi занiкла? Адна з прычын у тым, што пры Хрушчове ганчароў абклалi падаткамi. Хаця керамiка не была прыбытковай. Людзi страцiлi зацiкаўленасць i кiнулi гэты занятак. Традыцыi памерлi разам з людзьмi, якiя валодалi прафесiйнымi сакрэтамi ганчарства».

I. АстраЎцова

* шамот – дамешак у глiнянае цеста з драбнюткiх кавалачкаў посуду.

Назад