Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Вандалізм побач з Каложай

Побач з Каложскай царквой у Гродне невядомыя ўчынiлi акт вандалiзму – з камня, зробленага ў выглядзе помнiка, збiты памятны знак – Пагоня на Грунвальд.

Дакладна, ў якi дзень гэта адбылося, невядома. Але знак, адлiты на плiце, па-варварску вырваны валяўся побач з камнем. Плiта невялiкiх памераў, у сярэдзiне невялiкi значок Пагонi i надпiс: Пагоня на Грунвальд 1410 год. Зроблена гэта са звычайнага металу, некаштоўнага. Паколькi некалькi гадоў таму гэты знак таксама вырвалi невядомыя, i яго больш не знайшлi. Але тады плiта была зроблена з медзi, i палiчылi, што яе скралi тыя, хто прадае каляровыя металы. Гэтым разам плiту кiнулi побач з камнем, яўна дэманструючы нешта iншае. Плiту падабралi вернiкi з Каложы i занеслi ў храм. Там яна зараз i знаходзiцца.

У гарвыканкаме аб вандалiзме нiчога не ведалi. Але супрацоўнiк аддзела iнфармацыi Вiктар Жалязняковiч ужо пабываў на месцы i паабяцаў, што ў блiжэйшы час плiту адновяць.

Нагадаю, што знак Пагоня на Грунвальд быў устаноўлены ў гонар дружыны Вiтаўта, якую з гэтага месца ён вёў на Грунвальдскае поле ў 1410. З тых часоў гэта месца лiчыцца святым у Гродне, i менавiта адсюль заўсёды адыходзiлi воiны абараняць нашу Радзiму. Iснуе паданне, што менавiта тут захаваны вядомы гарадзенскi князь Давыд Гарадзенскi. Ён быў вядомы тым, што адзiн з нямногiх рабiў удалыя набегi на землi крыжаносцаў. Згодна з паданнем, яго забiў здраднiк, якога падкупiлi крыжаносцы. Здарылася гэта на Мазурах, тэрыторыя сучаснай Польшчы. Ягоныя воiны прынеслi цела князя ў Гродна на руках i пахавалi побач з Каложай.

Сказаць цяпер, што гэта месца i надалей святое, цяжка. Увечары тут збiраюцца маладыя людзi, п’юць гарэлку, пiва i адпаведна сябе паводзяць. Аб гэтым мне распавядалi вернiкi, якiя i падабралi зьбiтую плiту. I сапраўды, дастаткова толькi паглядзець, у якiм стане знаходзiцца тэрыторыя побач Каложы: пустыя бутэлькi, папера i iншае смецце.

Выходзiць, што святога ў нас ужо нiчога не засталося?

М.КАРНЕВIЧ

Назад