Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Мітынг пенсіянераў

Больш ста чалавек пенсiйнага ўзросту сабралiся ў Гораднi на плошчы Ленiна з тым, каб адзначыць 7 лiстапада. Мiтынг працягваўся каля 15 хвiлiн. Перад пенсiянерамi выступiў новапрызначаны старшыня гарвыканкама Аляксандр Антоненка.

Наогул яшчэ ў аўторак у абласным тэатры быў наладжаны ўрачысты вечар з нагоды 7 лiстапада. Па старой звычцы ў зале сядзелi салдаты, пенсiянеры i супрацоўнiкi «вертыкалi». Сярод выступоўцаў – старшыня Савета Ф.Гудзей, старшыня гарвыканкама А.Антоненка i прадстаўнiкi ветэранскай арганiзацыi, а таксама камунiстычнай партыi. У сераду на плошчу Ленiна на санкцыянаваны мiтынг сабралася трохi больш ста ветэранаў. Сярод iх новапрызначаны старшыня гарвыканкама А.Антоненка, якi цёпла вiншаваў таварышаў i абяцаў, што паколькi за яго спiной чырвоныя сцягi, то гэта i з’яўляецца гарантыяй таго, што ў далейшым 7 лiстапада будзе адзначацца. Праўда, не ўсе маглi пачуць, паколькi не было гукаўзмацняльнай апаратуры. Найбольш натхнёна выступiў дэпутат палаты прадстаўнiкоў ад Гораднi А.Лосеў. Былы камсамольскi работнiк падкрэслiў, што нашы продкi былi першымi ў стварэннi сацыялiстычнай дзяржавы, што дало магчымасць у далейшым разбурэнню каланiяльнага свету. Ён зазначыў, што ва ўсiм свеце нармальныя людзi станоўча адносяцца да гэтага дня. Але зараз у нашай краiне вельмi складаная сiтуацыя, няма грошай, няма сродкаў, адбываецца яўны сабатаж з боку Захаду. У сувязi з гэтым, былога камсамольца вельмi хвалюе пытанне, хто ж праз пяць гадоў возьме пераходны сцяг з рук А.Лукашэнкi, маўляў, такога чалавека пакуль няма. Складвалася ўражанне, што Лосеў ужо зараз марыць аб тым, як бы ўзяць гэты сцяг з рук Лукашэнкi i працягнуць ягоную справу ў Беларусi. Невыпадкова ён зазначыў, што «мы касьцьмi ляжам, але выйдзем з цяжкага становiшча, таму што ў нас гарант Лукашэнка». Пасля выступу нейкая бабуля пацiснула Лосеву руку, маўляў, «правельной дорогой идете, товарищ».

М.КАРНЕВIЧ

Назад