Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Новае свята: Дзень святога Губерта

За кубкам кавы i куфлем пiва мастакi, журналiсты i пiсьменнiкi Гродна ўпершыню адзначылi Дзень святога Губерта.

Арганiзаваў iмпрэзу Сяржук Астраўцоў – гродзенскi пiсьменнiк, сябра ПЭН-клубу i журналiст Радыё Свабода. У цэнтар гораду, у бар на вулiцу Вiленскую, ён запрасiў знаёмых i сяброў, сярод якiх былi пераважна мастакi i журналiсты.

С. Астраўцоў нагадаў, што 3 лiстапада – Дзень святога Губерта, i варта было б пагаварыць пра гэта без навуковага сур’ёзу. Апякун усiх паляўнiчых, алень святога Губерта з’яўляецца гербам Гродна. Таму iнiцыятар iмпрэзы напачатку прыгадаў легенду, як Стэфан Баторы ўпаляваў апошняга аленя святога Губерта ў гарадзенскiх пушчах i неўзабаве памёр у Гораднi.

Цiкава было слухаць гiсторыю, як у 1987 годзе гэты гiстарычны сiмвал стаў гербам нашага гораду. Калi быў абвешчаны конкурс на стварэнне гербу, то шмат хто з мясцовых артадоксаў актыўна выступаў супраць аленя святога Губерта, прапаноўваючы ўзамен шасцяронкi i трубы.

Тым не менш мастакi Фралоў i Iльiн з дапамогай прафесара Мiхася Ткачова i тады супрацоўнiцы музею Таццяны Малiноўскай распрацавалi эскiз гербу менавiта з аленем святога Губерта. Улады не прымалi герб з крыжом, хацелi замянiць яго на зорку. Але ўсё ж у 1991 годзе ён быў афiцыйна зацверджаны.

На iмпрэзе мастак Алесь Сураў расказаў гiсторыю пра iкону святога Губерта, якая да Другой Сусветнай вайны знаходзiлася ў Фарным касцёле. Потым яна знiкла i апынулася ў вёсцы Новы Двор, непадалёку ад таго месца, дзе 505 гадоў таму Гродна было нададзена Магдэбургскае права.

Мастак Сяргей Грыневiч расказаў, як шануюць святога Губерта ў Еўропе. Ён нядаўна вярнуўся са Швейцарыi – аказваецца, там выявы святога Губерта можна сустрэць не толькi ў храмах, але i на дамах.

У 1996 годзе гродзенскi каваль Юрась Мацко спрабаваў замянiць зорку на Новым Замку на вiтраж святога Губерта, але былыя партнаменклатуршчыкi не дазволiлi гэта зрабiць.

Як бы там нi было, сёння кожны гродзенскi школьнiк ведае, як выглядае герб ягонага роднага гораду.

М.КАРНЕВIЧ

Назад