Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

гісторыя

Рускія ў Беларусі

Заканчэнне. Пачатак у №45

У 20 ст. рускiя – гэта адна з асноўных iншаэтнiчных групаў насельнiцтва БССР. Падчас палiтыкi «беларусiзацыi» (першая палова 20-х г.), для якой была характэрнай партыйная падтрымка развiцця беларускай культуры, рускае насельнiцтва БССР атрымала каштоўны вопыт iснавання ва ўмовах беларускай культурна-нацыянальнай аўтаномii. Руская мова разам з беларускай, яўрэйскай (iдыш) i польскай мела статус дзяржаўнай мовы. Iснавала 14 рускiх сельсаветаў. У рускамоўных школах вучылася 6% дзяцей.

Колькасць рускага насельнiцтва расла коштам мiграцыi. Паводле перапiсу 1926 г. у Беларусi пражывала 384 тыс. (7,7%) рускiх. Сюды накiроўвалiся партыйныя чыноўнiкi, рабочыя, спецыялiсты розных галiнаў народнай гаспадаркi, выкладчыкi ВНУ, навукоўцы. Варта адзначыць уклад апошнiх у развiццё беларускай культуры. Так, дацэнт Беларускага Дзяржаўнага унiверсiтэту Мiкалай Шчакацiхiн стаўся пачынальнiкам беларускага мастацтвазнаўства. У Беларусi працавалi вядомыя рускiя лiтаратуразнаўцы Iван Замоцiн, якi кiраваў Iнстытутам лiтаратуры i мастацтва АН БССР, А.Вазнесенскi, фiлосаф В.Iваноўскi, прафесар хiмii М.Прылежаеў. Яны выкладалi ў БДУ на беларускай мове. Аднак у другой палове 30-х г. усе названыя асобы, як i шмат iншых прадстаўнiкоў рускай iнтэлiгенцыi, сталiся ахвярамi палiтычных рэпрэсiй. Колькасць рускага насельнiцтва значна зменшылася. Паводле дадзеных перапiсу 1937 г., якiя сталi вядомымi толькi недаўна, у Беларусi пражывала толькi 248 тыс. (4,8%) рускiх.

Выпрабаваннi ваеннага часу, сумесная барацьба супраць агрэсii германскага нацызма спрыялi ўмацаванню беларуска-рускiх адносiнаў. Гэта адбылося нягледзячы на тое, што цэнтральнае партыйнае кiраўнiцтва падчас вайны 1941-1945 гг. прыкладала вялiкiя намаганнi дзеля барацьбы з праявамi беларускага нацыянальна-культурнага жыцця i са спробамi арганiзацыi беларускага нацыянальнага антыфашыстскага i антыкамунiстычнага руху супрацiўлення.

Беларусь выйшла з савецка-германскай вайны абезлюдненай, са зруйнаванай гаспадаркай. У пасляваеннай адбудове Беларусi ўдзельнiчалi апроч беларусаў прадстаўнiкi розных нацыянальнасцяў, у т.л. i рускiя. Колькасць рускага насельнiцтва хутка расла за кошт перасяленцаў, якiмi часцей з’яўлялiся былыя ваеннаслужачыя, рабочыя, спецыялiсты народнай гаспадаркi i партыйныя функцыянеры. Паводле перапiсу 1959 г. у рэспублiцы пражывала ўжо каля 659 тыс. (8,2%) рускiх. Варта адзначыць, што гэтая хваля перасяленцаў уладкоўвала сваё жыццё ва ўмовах, калi тэрмiн «беларусiзацыя» быў выкрэслены з грамадска-культурнага ўжытку. Камунiстычныя ўлады працягвалi наступ на беларускую культуру. Спробы абаранiць беларускую мову жорстка пераследавалiся. Так, у маi 1947 г. на паседжаннi бюро ЦК КП(б)Б была прынятая асуджальная пастанова па справе загадчыка кафедры педагогiкi Гомельскага педiнстытута I.Алiсiевiча, якi публiчна выказваў занепакоенасць становiшчам беларускай мовы. Справа дайшла да таго, што ў тым жа самым Гомельскiм педiнстытуце ў 1952-53 навучальным годзе нават беларуская лiтаратура на факультэце беларускай мовы i лiтаратуры выкладалася па-руску.

У пасляваенны час колькасць рускага насельнiцтва ў БССР хутка расла: 1970 г. – 938 тыс. (10,4%), 1979 – 1134 тыс. (11,9%), 1989 г. – 1342,1 тыс. (13,2%). Прырост колькасцi рускага насельнiцтва забяспечваўся таксама развiццём асiмiляцыйных працэсаў сярод беларусаў i некаторых нацыянальных меншасцяў. Вельмi часта нацыянальнасць дзяцей ад змешаных беларуска-рускiх, украiнска-рускiх i г.д. шлюбаў бацькi вызначалi як «рускую».

На працягу 1959-1989 гг. лiчба беларускага насельнiцтва, якое ставiлася да беларускай мовы як да роднай, узрасла на 255,1 тыс. Затое колькасць рускiх i беларусаў, якiя лiчылi роднай рускую мову павялiчылася на 1773,5 тыс. Калi сумiраваць рускамоўных беларусаў i рускiх, то атрымаецца, што ў 1989 г. па-за сферай беларускай культуры ў Беларусi жылi, па меншай меры, 1874,2 тыс.чал. (28,3%). У 1959 г. для параўнання гэтая супольнасць налiчвала 1100,7 тыс. (13,7%). Лiчбы яскрава сведчаць пра русiфiкацыйныя працэсы, якiя пагражалi iснаванню беларускай культуры. Не рускiя падвяргалiся беларусiзацыi, а беларусы русiфiкавалiся ва ўласнай рэспублiцы. Наймацней русiфiкацыя адбывалася ў гарадскiх цэнтрах, а буйнейшым яе цэнтрам сталася сталiца БССР – Мiнск.

Распад СССР i абвяшчэнне незалежнай Рэспублiкi Беларусь прычынiлiся да пачатку новага этапу беларусiзацыi. У 1990 г. Вярхоўны Савет рэспублiкi прыняў Закон аб мовах, якi абвяшчаў беларускую мову дзяржаўнай мовай рэспублiкi i забяспечваў яе ўсебаковае развiццё i функцыянаванне ва ўсiх галiнах грамадскага жыцця. Канстытуцыя, прынятая ў 1994 г., пацвердзiла статус беларускай мовы як дзяржаўнай. Адначасова яна гарантавала права карыстання рускай мовай як мовай мiжнацыянальных зносiнаў. Зноў жа трэба адзначыць, што частка рускага насельнiцтва прыняла гэтыя перамены. Сацыялагiчныя даследаваннi сярэдзiны 90-х г. сведчылi, што 8 з 10 рускiх чытаюць творы беларускiх пiсьменнiкаў, а кожны шосты чытае iх толькi на беларускай мове.

Аднак многiм рускiм вельмi цяжка было пагадзiцца з iстотнымi пераменамi iх становiшча ў Беларусi, дзе яны паступова ператваралiся з дамiнуючай нацыi ў нацыянальную меншасць. Таксама цяжка прымалася крушэнне мiфа пра «старэйшага брата», новыя досыць крытычныя ацэнкi месца i ролi Расii ў беларускай гiсторыi i г.д. На пачатку 90-х у рэспублiцы пачалi з’яўляцца напоўпадпольныя рускiя арганiзацыi i таварыствы («Русь», Народна-праваслаўны саюз «Белая Россия», таварыства «Отечество», рэспублiканскi фiлiял «Памяти»), для iдэалогii якiх было характэрным спалучэнне антысемiтызма з нянавiсцю да беларускага руху.

Ператварэнне БССР у беларускую нацыянальную дзяржаву сустрэла досыць моцнае супрацiўленне. Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка на пачатку 1995 г. iнiцыяваў правядзенне рэферэндума па пытаннях мовы, дзяржаўнай сiмволiкi i паўнамоцтваў прэзiдэнта. Па вынiках рэферэндума былi прынятыя законы, якiя, фактычна, спынялi працэс беларусiзацыi. Дапаўненнi да Канстытуцыi ад лiстапада 1996 г. уводзiлi дзяржаўнае двухмоўе, што ва ўмовах постсавецкай рэспублiкi адраджала панаванне рускай мовы.

Палiтычныя перамены не маглi не паўплываць на становiшча рускай грамадскасцi Беларусi, што ў пэўнай ступенi адлюстравалi вынiкi перапiсу 1999 г.. Упершыню за пасляваенны час за перыяд з 1989 па 1999 г. быў зафiксаваны рост удзельнай вагi беларусаў сярод усяго насельнiцтва рэспублiкi. Апроч таго беларусы аказалiся адзiнай нацыяй краiны, колькасць якой узрасла па абсалютным паказчыкам: 1989 – 7905 тыс. (77,9%), 1999 – 8159 тыс. (81,2%). Прычынамi гэтага росту можна лiчыць мiграцыйныя працэсы на постсавецкай прасторы, развiццё нацыянальнай свядомасцi. Апошняе ў вялiкай ступенi вызначалася самым фактам абвяшчэння дзяржаўнага суверэнiтэту i пашырэннем сярод насельнiцтва краiны беларускай гiстарычнай памяцi. Таксама ўпершыню зменьшылася абсалютная колькасць i ўдзельная вага рускага насельнiцтва: 1989 – 1342 тыс. (13,4%), 1999 – 1142 тыс. (11,4%).

Колькасць рускiх зменшылася за дзесяцiгоддзе на 14,9%. Галоўнай прычынай гэтага прыкметнага змяншэння таксама трэба лiчыць мiграцыйныя працэсы. Непрыяцце палiтыкi беларусiзацыi, надзеi на хуткае павышэнне жыццёвага ўзроўня грамадзян Расiйскай Федэрацыi абумовiлi працэс актыўнай эмiграцыi рускiх з Беларусi на пачатку 90-ых гадоў. Але пасля 1995 г. сiтуацыя змянiлася. Мiграцыйны прыток рускiх у Беларусь аднаўляецца. У 1996 г. у рэспублiку перасялiлася 3953 чал., у 1997 г. – 4347 чал. Мiграцыi таксама спрыяў працэс беларуска-расiйскай iнтэграцыi.

Перапiс засведчыў пэўныя перамены моўнай сiтуацыi ў рэспублiцы. Па-ранейшаму пануе руская мова, на якой звычайна размаўляюць 62,8% насельнiцтва (па-беларуску размаўляе 36,7%). Аднак узрасла колькасць людзей, якiя лiчаць роднай беларускую мову – 85,6% (1989г. – 80,2%). Прычым, сярод рускiх 95,7% лiчаць роднай мовай рускую, а 4,3% – беларускую (1989 г. – 2,2%). Апошняе сведчыць пра наяўнасць прабеларускiх сiмпатый сярод часткi рускай грамадскасцi.

Сёння ў Беларусi рускае насельнiцтва мае выдатныя ўмовы, каб задаволiць свае патрэбы ў сферы культуры i асветы. Старшыня «Рускага таварыства» Мiхаiл Ткачоў у выступленнi на III Мiжнародным кангрэсе беларусiстаў (снежань 2000 г., Мiнск) заявiў, што рускiя ў Беларусi маюць больш магчымасцяў для развiцця ўласнай культуры, чым нават у Расii...

Большасць беларускай iнтэлiгенцыi ацэньвае дзяржаўную палiтыку ў галiне беларускай культуры як палiтыку яе маргiналiзацыi i выцяснення на перыферыю грамадскага жыцця. Далейшая фаварызацыя рускай культуры ўтрымлiвае небяспеку рэальнага пагаршэння адносiнаў памiж беларусамi i рускiмi ў рэспублiцы.

Алесь СМАЛЯНЧУК

Назад