Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

ВыстаЎка

Купіце маску фараона!

З 13 лiстапада ў выставачнай зале на вулiцы Ажэшкi пачала працаваць буйная выстава-продаж. Сябры Гродзенскай гарадской фiлii Саюза мастакоў выставiлi на продаж свае творы, каб сабраць грошы на рамонт выставачнай залы на вулiцы Ажэшкi. 25% ад кошту кожнай прададзенай рэчы пойдуць у агульную скарбонку. Самая танная праца каштуе $30, самая дарагая – 3000. Першага пакупнiка чакае прыз-неспадзянка.

“Мы вырашылi сабраць максiмальную колькасць работ. Каб завешаць сцены ад столi да падлогi – як персiдскi дыван”, – гаворыць Юры Якавенка, сябра Саюза мастакоў, адказны за правядзенне выставы. I сапраўды, мазаiка з жывапiсных карцiн, афортаў, скульптур, керамiкi i мастацкiх кавальскiх вырабаў выглядае надзвычай шыкоўна. Акварэлi Валянцiны Шобы i афорты Юрыя Якавенкi вiсяць побач з маскай фараона, якую зрабiў Уладзiмiр Панцялееў. Да пiрамiды, намаляванай Сяргеем Грыневiчам, прысуседзiлiся карцiны Аляксандра Сiльвановiча. Свае працы прынеслi таксама Юрась Мацко, Генадзь Лакоба, Алесь Ступень ды iншыя. Амаль усе работы – новыя.

На працягу 18 дзён, пакуль будзе доўжыцца выстава, плануецца правесцi некалькi сустрэч з зацiкаўленымi асобамi, якiя згодны матэрыяльна падтрымаць мастакоў i дапамагчы давесцi да ладу выставачную залу. За ўвесь час яе iснавання нi разу не рабiўся капiтальны рамонт. “Пафарбавалi ўсё нямецкай эмульсiёнкай гады тры таму, перад прыездам Сасноўскага. Ён тады мiнiстрам культуры быў”, – узгадвае Яўгенiя Сямёнаўна Пушкова, якая даглядае залу ўжо 23 гады. Пры ёй змянiлася 6 загадчыкаў выставачнай залы. З прыходам кожнага новага наводзiўся адно касметычны марафет. На большае не хапала сродкаў.

“У iдэале мы хацелi б набыць галагенавыя лямпы. Зараз асвятленне ў зале вельмi дрэннае – памяшканне ж напачатку планавалася аддаць пад краму. Добра было б пакласцi на падлогу новую плiтку. Карацей, зрабiць нармальны еўрарамонт,” – кажа скульптар Уладзiмiр Панцялееў. “Нядаўна ў горад прыязджалi госцi з Францыi, Германii. Да нас таксама заходзiлi. Дык мы не ведалi чым старую падлогу прыкрыць. Гродзенцаў даўно не здзiўляе iнтэр’ер нашай залы. А замежнiкi прызвычаiлiся да выставачных памяшканняў, якiя самi па сабе з’яўляюцца творамi мастацтва”, – дадае новая загадчыца выставачнай залы Марыя Мацко.

Выставачная зала Саюза мастакоў на вулiцы Ажэшкi iснуе з 1967 года. Агульная экспазiцыйная плошча складае 260 кв.м. Невялiкую частку яе займае цяпер кнiгарня “Слова”. Грошы, якiя плоцяць за арэнду, – пакуль адзiная крынiца для ўтрымання выставачнай залы. “Персанальныя выставы прыбытку зале не прыносяць, – тлумачыць Юры Якавенка. – Таму вырашана рэгулярна праводзiць i выставы-продажы. Зараз тут таксама прадаюцца карцiны. Але адны i тыя ж творы выстаўляюцца там па 5-6 год. Руху няма. Ну прыляпiце дома газету на сцяну i глядзiце кожны дзень – сумна зробiцца, праўда?”.

I. АстраЎцова

Назад