Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Гісторыя

Беларускія палякі або палякі ў Беларусі?

Аналiз навуковай лiтаратуры сведчыць, што на сённяшнi дзень прынцыповых разыходжанняў у характарыстыцы радаводу палякаў Беларусi i Лiтвы памiж беларускiмi, лiтоўскiмi i польскiмi навукоўцамi амаль няма. Найбольш аўтарытэтныя даследчыкi прыйшлi да высновы, што ў сваёй абсалютнай большасцi мясцовыя палякi з’яўляюцца нашчадкамi паланiзаваных або паланiзаваўшыхся аўтахтонаў беларускiх i лiтоўскiх земляў.

Пачатак. Працяг будзе.

Першымi выказалi гэтую думку прадстаўнiкi г.зв. “лiцвiнскай” (на пачатку ХХ ст. – “краёвай”) гiстарыяграфii, якiя паходзiлi з мясцовай польскай грамадскасцi. Вядомы навуковец i палiтык пачатку ХХ ст. Мiхал Ромэр быў упэўнены, што палякi Лiтвы i Беларусi не павiнны ўспрымацца як прышлы i чужы элемент накшталт нямецкiх баронаў у Латвii i Эстонii. На яго думку, характэрныя для iх рысы польскай культуры былi вынiкам працэсу паланiзацыi. На пачатку ХХ ст. М.Ромэр увёў у навуковы зварот паняцце “лiтоўскiя палякi [САФ1]”. У ягонай далейшай навуковай i грамадска-палiтычнай дзейнасцi тэзiс мясцовага паходжання польскай шляхты атрымаў сваё развiццё. Навуковец катэгарычна абвяргаў сцвярджэнне, што палякi Беларусi i Лiтвы з’яўляюцца часткай польскай нацыi, якая пасялiлася на т.зв. “крэсах усходнiх”. Ён даказваў, што мясцовыя палякi – гэта прадукт культурнай паланiзацыi вышэйшых колаў грамадства “гiстарычнай Лiтвы”, а таксама гарадскога насельнiцтва i сялянства ўсходнiх рэгiёнаў этнiчнай Лiтвы. Маючы на ўвазе лiтоўскiх i беларускiх палякаў, даследчык заяўляў: “Мы не iмпартаваны экзатычны тавар, а прадукт непасрэднай гiстарычнай эвалюцыi, якая адбывалася ў нашым краю па прычыне ўздзеяння пэўных падзей палiтычнай гiсторыi”. М.Ромэр характарызаваў палякаў Лiтвы як адметны этнакультурны феномен, не падобны нi на палякаў, нi на лiтоўцаў, нi на беларусаў.

Трэба адзначыць, што гэтая канцэпцыя знайшла водгук у польскай гiстарыяграфii другой паловы ХХ ст. Прыкладам могуць служыць працы вядомага гiсторыка Юлiўша Бардаха. Ва ўмацаваннi польскiх пазiцый на тэрыторыi “гiстарычнай Лiтвы” галоўную ролю, па яго меркаванню, адыграла пашырэнне польскай мовы i культуры сярод вышэйшых колаў грамадства Вялiкага Княства Лiтоўскага. Ю.Бардах адзначыў супольнасць паходжання “лiтоўскiх палякаў” з этнiчнымi беларусамi i лiтоўцамi, культурныя ўзаемаўплывы. На яго думку, у вынiку паланiзацыi ў Лiтве i Беларусi сфармаваўся адметны тып паляка, якi па сваiм этнакультурным характарыстыкам быў блiжэйшым да лiтоўца i беларуса, чым да паляка з этнiчнай Польшчы.

Тэрмiн “паляк” у часы iснавання Рэчы Паспалiтай быў тэрмiнам не нацыянальным, а саслоўным. I толькi ў такiм сэнсе гэтую краiну можна лiчыць “польскай дзяржавай”. Спроба ахарактарызаваць працэсы паланiзацыi часоў Рэчы Паспалiтай у катэгорыях палiтыкi дзяржаўнай асiмiляцыi ўладаў II Рэчы Паспалiтай (1918-1939) толькi заблытвае сiтуацыю. У гэтым выпадку мы сустракаемся з пэўнай iдэалагiчнай зададзенасцю, якая перашкаджае навуковаму вырашэнню праблемы.

Частка польскiх навукоўцаў (напрыклад, Пётр Эберхардт i Роман Вапiньскi) лiчаць “лiтоўскiх палякаў” часткай польскай нацыi, якая апынулася ў больш цяжкiх гiстарычных абставiнах i не здолела захаваць усе польскiя этнакультурныя рысы. Яны карыстаюцца традыцыйным паняццем “палякi ў Беларусi”. Iншыя даследчыкi (напрыклад, Уладыслаў Вяльхорскi i Юлiўш Бардах) адзначаюць адметнасць палякаў Беларусi i Лiтвы ад палякаў з этнiчнай Польшчы. Яны досыць шырока ўжываюць паняцце “лiтоўскiя палякi”.

Пры гэтым падкрэслiваецца, што ў свядомасцi гэтых палякаў iх прыналежнасць да польскай культуры спалучалася з выразным успрыяццем Беларуска-лiтоўскага краю як сваёй гiстарычнай Радзiмы. Вось, як характарызаваў гэты феномен у 1915 г. карэспандэнт газеты “Mysl Polska”: “Польскасць у Лiтве (маецца на ўвазе “гiстарычная Лiтва”-А.С.) абсалютна незалежная ад лозунгаў, што iдуць з Варшавы. Гэта асобная, лакальная польскасць. Толькi ад мясцовых фактараў залежыць, цi поўнiцца справамi яе жыццё, цi яна празябае ў бездзейнасцi. Пра “вяртанне” лiтоўскiх палякаў у этнаграфiчную Польшчу не можа быць i размовы, бо яны i не прыходзiлi ў Лiтву з Польшчы. Лiтва – гэта адзiны край, з якiм яны этнаграфiчна звязаныя”. Лiтоўскi даследчык Рымантас Мiкныс, якi прывёў гэтую цытату ў адным з артыкулаў, лiчыць, што на пачатку ХХ ст. iснавалi пэўныя ўмовы фармавання нацыi лiтоўскiх палякаў. Яе асноўную масу маглi скласцi носьбiты т.зв. “тутэйшасцi”. Толькi ўзнiкненне польскай i лiтоўскай нацыянальных дзяржаваў, на яго думку, зашкодзiла гэтаму працэсу.

Развiццё лiтоўскага нацыянальнага руху выклiкала пэўную трансфармацыю паняцця “лiтоўскiя палякi”. Нацыянальныя памкненнi лiтоўскага этнасу спрыялi таму, што частка элiты “лiтоўскiх палякаў” пачала актыўна звяртацца да элементаў этнiчнай лiтоўскай культуры. Слова “лiтоўскiя” у словазлучэннi “лiтоўскiя палякi” на пачатку ХХ ст. звязвалася ўжо не толькi з “гiстарычнай”, але i з “этнаграфiчнай” Лiтвой. У той жа час па меры развiцця беларускага руху “лiтоўскiя палякi”, якiя жылi на этнiчных беларускiх землях, падпадалi пад пэўныя ўплывы беларускасцi. Можна назваць iмёны Эдварда Вайнiловiча, Аляксандра Ельскага, Марыi Магдалены Радзiвiл i Рамана Скiрмунта. Аўтарытэт, якiм карысталiся гэтыя асобы сярод асноўнай масы мясцовых палякаў, сведчыць пра тое, што беларускаць у той цi iншай форме прысутнiчала ў свядомасцi значнай часткi польскай грамадскасцi на этнiчных беларускiх землях. Усё гэта дае падставы для ўжывання паняцця “беларускiя палякi”.

Права на iснаванне гэтага тэрмiну пацвердзiў таксама аналiз палiтычнай дзейнасцi польскай грамадскасцi Беларусi i Лiтвы напрыканцы ХIХ – пачатку ХХ ст., асаблiва ў перыяд рэвалюцыi 1905-1907 гг. У польскiм руху ў гэты час выразна выявiлiся два накiрункi – краёвасць i прыхiльнасць польскай нацыянальнай дактрыне ў фармулiроўцы Партыi нацыянальных дэмакратаў. Пры гэтым дамiнаваў першы. Краёўцы, якiя зыходзiлi з iнтарэсаў усяго Беларуска-лiтоўскага краю i ўсiх насяляючых яго народаў, iмкнулiся замянiць этнакультурнае разуменне нацыi разуменнем яе як палiтычнай катэгорыi i пастаянна падкрэслiвалi адметнасць Беларусi i Лiтвы ад Польшчы, карысталiся падтрымкай пераважнай большасцi мясцовай польскай грамадскасцi. Такая пазiцыя беларускiх палякаў спрыяла фармаванню даволi прыязных адносiнаў з беларускiм нацыянальным рухам.

Варта заўважыць, што на працягу амаль усяго ХIХ ст. памiж палякамi i беларусамi не iснавала выразнага пачуцця нацыянальнай чужасцi. Аналiз беларускага фальклору, зроблены Паўлам Церашковiчам, сведчыць, што палякi Беларусi нават не траплялi ў катэгорыю “чужых”. Частка iнтэлiгенцыi з лiку беларускiх палякаў (Ян Чачот, Ян Баршчэўскi, Людвiк Сыракомля, Вiнцэнт Дунiн-Марцынкевiч i iнш.) прыняла актыўны ўдзел у працэсе беларускага культурнага накаплення i выпрацоўцы ўласна беларускай культурнай традыцыi. Толькi напрыканцы ХIХ ст. стаў адчувальным пэўным этнасацыяльны канфлiкт. Ён быў вынiкам як дэмакратызацыi грамадства, якая суправаджалася радыкалiзацыяй настрояў сацыяльных нiзоў, так i наступствам русiфiкацыi Беларусi. З пачаткам палiтычнага этапу беларускага Адраджэння гэты канфлiкт мог яшчэ больш абвастрыцца. Аднак доўгi час гэтага абвастрэння не назiралася, бо краёвая пазiцыя большасцi беларускiх палякаў была выдатнай глебай для супрацоўнiцтва. Польскiя краёўцы, як i беларускiя дзеячы, успрымалi Беларусь i Лiтву ў якасьцi суб’екта гiсторыi i марылi пра яе пераўтварэнне ў суб’ект палiтыкi.

У 1917-1918 гг. Беларуска-лiтоўскi край ператварыўся ў арэну вострага палiтычнага i нацыянальнага змагання. Распачалася барацьба за стварэнне нацыянальных дзяржаваў. У гэтых умовах краёўцы як з’ява рэгiянальная страцiлi свае пазiцыi. Адметнасць iнтарэсаў беларускiх палякаў была прынесена ў ахвяру агульнапольскiм iнтарэсам.

Дамiнаванню iдэi польскай нацыянальнай дзяржавы спрыяла прызнанне германскiмi ўладамi незалежнасцi Лiтвы са сталiцай у Вiльнi, што перакрэслiла геапалiтычныя праекты беларусаў i мясцовых палякаў па адраджэнню былога Вялiкага Княства Лiтоўскага (г.зв. “гiстарычнай Лiтвы”), а таксама захоп улады ў Расii бальшавiкамi. Апошнiя распалiлi сапраўдную сацыяльную вайну ў беларускай вёсцы, што прывяло да канчатковага афармлення ўласна нацыянальнага беларуска-польскага канфлiкту. Большасць недаўнiх краёўцаў сталася прыхiльнiкамi канцэпцыi iнкарпарацыi беларускiх земляў у склад Польшчы. Буйнейшыя польскiя партыi iмкнулiся да стварэння незалежнай Польскай дзяржавы. “Беларускае пытанне” як самастойны палiтычны фактар для iх не iснавала. Наладжванню кантактаў не спрыяла таксама спроба беларускiх палiтыкаў услед за лiтоўскiмi разыграць “германскую карту” у мэтах умацавання ўласнай дзяржаўнасцi.

Блiжэйшым наступствам гэтага канфлiкту сталася савецка-польская Рыжская дамова (1921 г.) i падзел Беларусi, якi на працяглы час зруйнаваў iдэю незалежнай беларускай дзяржавы i паспрыяў далейшаму пагаршэнню польска-беларускiх адносiнаў.

Павялiчэнне колькасцi палякаў на беларускiх землях у ХХ ст. адбывалася ў асноўным у Заходняй Беларусi, якая ў 1921-1939 гг. уваходзiла ў склад Польскай дзяржавы. Польскiмi ўладамi праводзiлася палiтыка дзяржаўнай асiмiляцыi беларускага насельнiцтва. З этнiчных польскiх земляў сюды перасялялiся групы “асаднiкаў” (ваеных i цывiльных каланiстаў), розныя катэгорыi рабочых i чыноўнiкаў. Па звестках Iгара Карашчанкi i Анатоля Валахановiча было пераселена каля 300 тыс.чал.

У БССР паводле перапiсу 1926 г. пражывала 97,5 тыс. (2,0%) палякаў. Польскiя даследчыкi лiчаць гэтыя дадзеныя сфальсiфiкаванымi. Так, гiсторык з Вроцлава Мiкалай Iваноў, спасылаючыся на запiску дырэктара Акруговай статыстычнай управы ў Менску пад назвай “Пра скажэннi падчас Усеагульнага перапiсу 1926 г.”, у якой сцвярджаўся факт паслядоўнай дыскрымiнацыi польскага насельнiцтва, ацанiў колькасць палякаў у 1926 г. у 300 тыс.чал.

Палякi, безумоўна, з’яўлялiся адной з асноўных этнiчных групаў сярод насельнiцтва БССР. У перыяд “палiтыкi беларусiзацыi” iх этнакультурныя асаблiвасцi ў асноўным улiчвалiся. У 1921 г. ЦВК БССР спецыяльным рашэннем замацаваў за польскай мовай статус дзяржаўнай разам з беларускай, яўрэйскай i рускай мовамi. У 1924 г. iснавалi 136 польскiх школ i 7 польскiх дзiцячых дамоў. Дзейнiчалi таксама змешаныя беларуска-польскiя школы. З 1922 г. у Менску працавалi польскi педагагiчны тэхнiкум, польскае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага вышэйшага педагагiчнага iнстытута, якiя рыхтавалi настаўнiкаў для польскiх школаў i выхавальнiкаў для дашкольных установаў. Працай польскiх навучальных установаў кiравала Польскае бюро пры Наркамаце асветы. У 1920-30-ыя г. выдавалася 6 польскiх газет. У 1927 г. было створана Польскае аддзяленне Беларускай асацыяцыi пралетарскiх пiсьменнiкаў. У месцах кампактнага пражывання польскага насельнiцтва арганiзоўвалiся польскiя нацыянальныя сельсаветы. Усяго быў утвораны 41 польскi сельсавет. З 1932 па 1937 г. на базе Койданаўскага раёна БССР iснаваў Польскi нацыянальны раён як аўтаномная адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльная адзiнка. Яго ўзначальвалi польскiя камунiсты-палiтэмiгранты.

У вынiку палiтычных рэпрэсiй другой паловы 30-х г. польскiя нацыянальна-адмiнiстратыўныя адзiнкi былi скасаваныя. Лiквiдавалiся польскiя школы, клубы i бiблiятэкi. Быў зачынены Польскi тэатр у Менску. Апагей антыпольскiх пераследаў наступiў у 1937-1938 гг. Пачалiся масавыя дэпартацыi i фiзычнае вынiшчэнне польскага насельнiцтва. У межах таталiтарнай савецкай дзяржавы не было месца нацыянальным адметнасцям. Аналiз статыстычных матэрыялаў сведчыць, што колькасць палякаў у БССР памiж 1937 i 1939 гг. зменьшылася на 61,5 тыс. Частка з iх была забiтая ў Курапатах i iншых месцах масавых растрэлаў, частка – дэпартаваная ў Казахстан i Сiбiр. Толькi ў вынiку “польскай аперацыi”, па сфабрыкаванай АДПУ-НКУС справе “Польскай вайсковай арганiзацыi” было арыштавана болей 21 тыс.чал.

Алесь СМАЛЯНЧУК, гiсторык

Назад