Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Звяртаючыся да надрукаванага

Асудзілі бацюшку

У Гродне на мiнулым тыднi адбыўся царкоўны суд над святаром Iванам Спасюком. Япiскап Гродзенскi i Ваўкавыскi Арцемiй абвесцiў аб пазбаўленнi Iвана Спасюка сану. Прытым каля паловы прысутных святароў не галасавала, а частка з iх падтрымала Спасюка.

У мiнулым нумары «БI» падрабязна паведамляла аб тым, што Iван Спасюк два гады таму выйшаў з-пад юрысдыкцыi Расiйскай праваслаўнай царквы. Ён належыць да Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы i не прызнае гэтага суда. Яму не паведамiлi – дзе, у якi час адбудзецца мерапрыемства, i ён на iм не прысутнiчаў. На суд з усяе Гродзенска-Ваўкавыскай епархii з’ехалiся каля 70 святароў.

Дэбаты адбывалiся амаль 6 гадзiн. Гаварылi, i што Спасюк хоча раскалоць царкву, i што ён быццам бы згадзiўся вярнуцца ва ўлонне Расiйскай царквы – з умовай, што яму захаваюць прыход, узнагароды i дадуць самастойнасць. Сам святар гэтыя цверджаннi адмаўляе. Каля трацiны калегаў нечакана падтрымалi Спасюка, гэта пераважна сталыя святары, якiя служаць ад 10 да 20 гадоў. Некаторыя з iх нават звярнулiся да япiскапа Арцемiя, каб ён сам папрасiў прабачэння ў Спасюка за цiск на яго.

Аднак япiскап абвесцiў адкрытае галасаванне. Каля паловы прысутных не паднялi рукi. Але галасаванне «супраць» не прадугледжвалася. Таму абвесцiлi, што Спасюк пазбаўлены сану нiбыта адзiнагалосна. Сам святар лiчыць, што падобныя паўнамоцтвы мае толькi сход япiскапаў, i не прызнае вынiкаў суда.

Аднак небяспека ў тым, што гэтыя вынiкi могуць выкарыстаць улады, каб распачаць на Iвана Спасюка крымiнальную справу – паколькi ён, маўляў, пазбаўлены сану, але займаецца рэлiгiйнай дзейнасцю.

Нягледзячы на гэта, Iван Спасюк збiраецца i надалей працягваць сваю святарскую мiсiю.

М.М.

Назад