Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Без мінулага не бывае будучага

Сёння спаўняецца 40 гадоў як у Гродне бальшавiцкiмi ўладамi быў узарваны касцёл Фара Вiтаўта. Гэта быў першы касцёл, збудаваны ў нашым горадзе, i пакуль касцёл iснаваў, ён лiчыўся фарным (цэнтральным). З гэтае нагоды група гарадзенцаў падала заяўку ў гарвыканкам на правядзенне мiтынгу «Без гiсторыi – няма будучага» побач з плошчай Савецкай, на месцы, дзе некалi стаяў касцёл, 29 лiстапада ў 17.30. Гарадскiя ўлады адмовiлi ў правядзеннi мерапрыемства, спаслаўшыся на колiшняе рашэнне гарвыканкама аб тым, што месца для правядзення сходаў i мiтынгаў устаноўлена ў парку 40-годдзя камсамола.

Цяпер Фару Вiтаўта можна пабачыць толькi на здымках. З фундацыi князя Вiтаўта ён быў пабудаваны да пачатку ХУ ст. Тады гэта быў яшчэ драўляны касцёл, але па прызнанню папскай нунцыi Кантэльмi (1586 г) – з’яўляўся самым вялiкiм i самым прыгожым драўляным касцёлам у Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм. Пазней яго неаднойчы перабудоўвалi. Месца, побач з плошчай Савецкай, дзе ён некалi ўзвышаўся, пустое. Цяпер тут збiраюцца падлеткi, выпiвохi, ды проста гуляюць з сабачкамi. Лёс гэтага па-сапраўднаму знакавага храма на працягу ўсёй ягонай гiсторыi даволi трагiчны. Нагадаю, што са зменай улады ў краiне касцёл напачатку ХХ стагоддзя быў перабудаваны ў царкву, а затым, зноўжа са зменай улады, у касцёл. I толькi бальшавiкi ў 1961 годзе ў ноч з 28 на 29 лiстапада ўзарвалi храм. Рыхтавалiся яны да гэтага доўга. З Ленiнграду прывезлi спецыяльную брыгаду вайскоўцаў i дзьве тоны выбуховага рэчыва. Цэлы месяц свiдравалi ў фундаменце дзiркi ды закладвалi ў iх узрыўчатку. Кiравала гэтай справай, дарэчы, жанчына. Кнопка, нацiснуўшы якую разбурылi Фару Вiтаўта, знаходзiлася ў будынку бiблiятэкi на Савецкай плошчы. Выбух прагрымеў а палове другой уначы. Касцёл асеў, а крыж, як быў, вертыкальна ўваткнуўся ў зямлю i застаўся стаяць. Шмат здзекаў пацярпеў ад людзей касцёл за час свайго iснавання, але толькi бальшавiкi дадумалiся ўзарваць яго...

Ранiцой вакол сабралося шмат людзей – усе збiралi на памяць кавалачкi цэглы, што засталiся ад падмуркаў. Нейкi прахожы ўкленчыў перад руiнамi i сказаў: «Крыж застаўся стаяць. Што б бальшавiкi не рабiлi – вера застанецца на гэтай зямлi...» Вялiзную колькасць цэглы i абломкаў прыбралi за два днi. За гэта рабочым абяцалi даць па 600 рублёў кожнаму, але яны так i не дачакалiся гэтых грошай. Наступным павiнен быў быць узарваны Езуiцкi касцёл, той, якi цяпер фарны i якi зараз упрыгожвае цэнтр горада. Дзякуй Богу, людзям удалося яго адстаяць.

Гарадзенка Марыя Гратулевiч гэтую гiсторыю распавядала «БI» яшчэ некалькi гадоў таму. Яе адшукала наша юная журналiстка Iнга Астраўцова, тады яшчэ першакурснiца журфаку.

Некалькi гадоў таму вернiкi Гродна паспрабавалi ўшанаваць касцёл, i на месцы, дзе ён стаяў, усталявалi крыж з бела-чырвона-белымi стужкамi. Рабiлi гэта, вiдавочна, уначы, без дазволу ўладаў. Потым прыходзiлi да яго малiцца i нават ксёндз асвяцiў гэты крыж. Праўда, прастаяць яму давялося толькi некалькi дзён. Па загаду гарадскiх уладаў крыж выкапалi.

Цяпер улады адмаўляюць людзям збiрацца на месцы ўзарванага храма i ўшанаваць памяць аб мiнулым, проста ўзгадаць, распавядаць гiсторыю, нарэшце, тым, хто не ведае. Аказваецца трэба iсцi ў новы парк, дзе нiхто не бывае, за выключэннем толькi тых, хто выгульвае там сабак. Такое стаўленне нашых уладаў да мiнулага, да нас гродзенцаў, да гiсторыi наогул. Цiкава, што паведалi арганiзатарам аб забароне мерапрыемства ў мiлiцыi, а не ў гарвыканкаме, хоць падпiсаны гэты дакумент новым старшынём гарвыканкама А. Антоненкам. Вiдаць, даўно вядомае выслоўе: без мiнулага – няма будучага, яму незнаёма.

М.КАРНЕВIЧ

Назад