Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

АГП працягвае працаваць

«Мы збiраемся i будзем рабiць зварот да кiраўнiцтва Еўразвязу i ўладаў Швейцарыi, каб яны пайшлi на разблакiроўку рахункаў у швейцарскiх банках грамадзян Беларусi» – такую заяву зрабiў старшыня Грамадзянскай Аб’яднанай партыi Анатоль Лябедзька ў Гродне падчас сустрэчы з журналiстамi.

На думку Лябедзькi, колькасць вырасшых рахункаў у швейцарскiх банках ад беларускiх грамадзян – гэта вынiк карупцыi ў вышэйшых органах улады, а таксама грошы, выручаныя ад продажы зброi. Гэтую iнiцыятыву партыi яе лiдар упершыню агучыў у Гродне.

Наогул размова iшла пра рознае. А.Лябедзька яшчэ раз падвёў вынiкi прэзiдэнцкiх выбараў, пры гэтым зрабiўшы выснову, што на наступныя выбары партыi павiнны iсцi толькi з партыйнымi кандыдатамi, якiя былi б iм падкантрольнымi. Перадвыбарчую агiтацыю ў далейшым плануецца акцэнтаваць усё ж на рабоце з насельнiцтвам, а не наменклатурай, як гэта было зараз. Па-iншаму плануецца ўлiчваць Усходнi i Заходнi фактары. На думку лiдэра АГП, Захад зараз стамiўся ад Беларусi, паколькi не можа на яе паўплываць. Аднак, як зазначыў Лябедзька, сiтуацыя апошнiм часам значна змянiлася ў свеце i сустрэча Лукашэнкi з Пуцiным будзе нялёгкай для беларускага лiдэра. Не выключана, на думку Лябедзькi, што ўжо ў наступным годзе жыхарам Беларусi прапануецца рэферэндум, на якiм Лукашэнка паспрабуе задаволiць усе бакi. Маскве ён прапануе пытанне на больш канкрэтнае зблiжэнне, Захаду, што хоча ўвесцi пасаду амбудсмена, а для сябе заставiць пытанне аб магчымасцi выбiрацца яшчэ на адзiн тэрмiн.

Выказаўся А.Лябедзька i наконт заяваў некаторых лiдэраў апазiцыйных партый аб удзеле ў выбарах у Саюзны парламент. На яго думку, гэта дзiўныя заявы, паколькi сёння яшчэ нiхто не ведае, што азначае гэты парламент, а з другога боку – гэта сiгнал беларускiм уладам аб удзеле апазiцыйных партый у такiх выбарах.

Што датычыць эканамiчных праблемаў у Беларусi, А.Лябедзька распавядаў, што ягоная партыя адаслала ў новы ўрад свае прапановы па рэформах у краiне. Зрабiлi яны гэта з тае прычыны, што становiшча ў эканомiцы апускаецца да крытычнае адзнакi, што можа значна паўплываць на настроi людзей: некаторыя з iх захочуць адыйсцi да Расii, Польшчы альбо Лiтвы. А гэта ўжо небяспечна.

А прыехаў у Гродна спадар Лябедзька з тае прычыны, што партыя вырашыла ўмацоўваць кантакты з рэгiянальнай прэсай i мясцовай уладай.

М.КАРНЕВIЧ

Назад