Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

З чым паедзем у Польшчу?

З 1 студзеня наступнага году, адна асоба зможа легальна ўвозiць у Польшчу толькi паўлiтра алкагольных напояў i адзiн пачак цыгарэтаў.

Ад новага году польскi ўрад змяншае нормы ўвозу ў краiну алкагольных напояў ды цыгарэтаў. Для тысячаў жыхароў беларускага памежжа, якiя возяць гэткiя тавары на продаж у Польшчу, гэта азначае страту заробку, якi часам ёсьць адзiнай крынiцай прыбытку.

Першапачаткова паведамлялася, што новыя абмежаваннi тычацца толькi польскiх грамадзянаў, якiя жывуць у памежных раёнах. Аднак у аддзеле iнфармацыi польскай мытнi карэспандэнту радыё «Свабода» паведамiлi, што змены нормаў увозу алкагольных i тытунёвых вырабаў у Польшчу распаўсюджваюцца i на замежных грамадзянаў.

Такiм чынам, ад 1 студзеня наступнага году адна асоба зможа легальна ўвозiць у Польшчу толькi паўлiтра алкагольных напояў i адзiн пачак цыгарэтаў. Дагэтуль алкаголю можна было везцi ў два разы болей, а цыгарэтаў – 18 пачак.

Польскi ўрад тлумачыць гэтыя абмежаваннi неабходнасцю змагання з дробнымi гандлярамi, якiя штодзённа ўвозяць у Польшчу вялiзную колькасць цыгарэтаў ды прадаюць iх па коштах, нiжэйшых, чым ў крамах.

З-за гэтага польскi бюджэт штогод губляе каля паўмiльярда даляраў, а напярэдаднi нават зачынiлiся некалькi цыгарэтных фабрыкаў. Паводле даследаванняў польскiх вытворцаў тытунёвых вырабаў, у памежным з Беларуссю Падляскiм ваяводстве 70% выпаленых цыгарэтаў – кантрабандныя.

Па другi бок мяжы, з гандлю цыгарэтамi ды гарэлкай жывуць тысячы беларусаў, якiя часам ездзяць у Польшчу нават двойчы на дзень. Цягам месяцу такiм чынам можна зарабiць каля 100 даляраў ды яшчэ, пры нагодзе, ашчаджаць, купляючы у суседняй краiне больш танныя прадукты харчавання.

Цяпер жыхары Брэстчыны ды Гродзеншчыны, якiя займалiся памежным гандлем, будуць вымушаныя шукаць iншых заробкаў. А ўладам памежных раёнаў пабольшае клопатаў, бо добрая частка былых гандляроў напэўна звернецца на бiржы працы.

Страцяць прыбыткi ды звольняць працаўнiкоў i шэраг польскiх прадпрымальнiкаў, якiя ўтрымлiваюць свае гандлёвыя прадпрыемствы ў памежных раёнах коштам турыстаў з Беларусi i Украiны. Але пра памеры стратаў польскага боку ад увядзення новых мытных правiлаў пакуль не паведамляецца.

Паводле «Радыё Свабода»

Назад