Суд вакол «музыкі, cалдацкіх ботаў» і невядомага аўтара
Старшыня Кастрычнiцкага суду Валеры Кулакоўскi адмовiў былому старшынi Саюзу палякаў Беларусi Тадэвушу Гавiну ў зыску да газеты «Гродзенская праўда». Судовы працэс працягваўся амаль год, адбылося 10 паседжанняў.
Судовы працэс у Кастрычнiцкiм судзе Гродна пачаўся ў студзенi мiнулага году. Былы старшыня СПБ Тадэвуш Гавiн падаў зыск да газеты «Гродзенская праўда» ў абарону свайго гонару i годнасцi.
У дзень правядзення з’езду СПБ, 18 лiстапада 2000 году, газета надрукавала артыкул пад назовам «А король-то голый, или Чью музыку сегодня играет Союз поляков Беларуси». Аўтар, нехта Ежы Кручынскi (iмя гэта пакрытае таямнiцай, аб iм пазней – аўт.), так бы мовiць, робiць спробу прааналiзаваць, на якiм шляху развiцця знаходзiцца Саюз палякаў Беларусi – прагрэсiўным альбо рэгрэсiўным. Праўда, па нейкiх дзiўных абставiнах Ежы ўступае ў монадыскусiю ўжо ў дзень з’езду, а не напярэдаднi. Да таго на старонках «ГП» нiхто па гэтаму пытанню наогул не дыскутаваў. Але гэта мiж iншым кажучы.
Трэба зазначыць, што Ежы глабальна пачынае разглядаць праблему: напачатку гэта напамiн пра адну з формаў iснавання матэрыi, затым савецкi лозунг «Кадры решают все», якi, па яго словах, «хорошо усвоен Тадеушем Гавиным», затым успамiн пра «фильм Ф.Феллини в советском варианте, который назывался «Репетиция оркестра» – усё гэта ў перадз’ездаўскай дыскусii СПБ. Узгадаўшы фабулу класiчнага фiльма, Ежы задумаўся над тым – «какую музыку будет играть СПБ после съезда?». Маўляў, «старая гвардия» не хоча прымаць новага рэжысёра. А згодна з фiльмам «Репетиция оркестра», якi так глыбока запаў аналiтыку ў душу, стары дырыжор застаўляе iграць толькi вайсковыя маршы. Дык чаго ж хоча «старая гвардия», калi iх «дырыжор» адбыў два тэрмiны i больш, згодна з статутам СПБ, не можа «кiраваць аркестрам». На думку Ежы, яны «готовы вести союз на баррикады». Аказваецца дзеля таго, каб «открывать польские школы». I разам з тым «при строительстве больших объектов, да и за чужой счет можно при случае и коттеджик построить, да и денежки в карманчик положить». Такiмi недвухсэнсоўнымi намёкамi Ежы карыстаецца i надалей. Як той дабрадзей: «бiце, бiце яго, толькi не кажыце, што гэта я казаў».Не хочацца перабольшваць, але калi чытаеш опус Ежы, то нiякага сумневу не ўзнiкае, у чый бок ягоная «дабрыня» скiравана. Стыль, мова, форма матэрыяла, не ў твар, як сумленны чалавек, а з-за спiны, як стукачы ў 37-ым годзе – такая iдэалогiя ў аналiтыка Ежы. Прыём не забыты, як некалi казалi: «з душком». I абсалютна нi ў кога з тых сябраў СПБ, хто чытаў гэты матэрыял, не ўзнiкала сумневу, каго мае на ўвазе Ежы, калi пiша «не допустим, чтобы молодая здоровая польская поросль была сломлена бездушным солдатским сапогом...».
Усе гэтыя празрыстыя намёкi i здагадкi Ежы, якiя яўна скiраваны ў бок Гавiна, той ўспрыняў на свой рахунак. А таму i звярнуўся ў суд.
Зразумела, Ежы нiякiм чынам нават не намякаў у сваiм матэрыяле, што Гавiн быў адным з першых арганiзатараў СПБ у Гродне 12 гадоў таму. Што хадзiў у салдацкiх ботах па чыноўнiчых кабiнетах, каб зарэгiстраваць арганiзацыю. Ежы, вядома, забыўся, што за гэты час структуры СПБ былi створаныя ва ўсёй вобласцi, збудаваныя дзьве польскiя школы, практычна ва ўсiх раёнах адкрытыя польскiя класы, набытая нерухомая i рухомая маёмасць. Ды i кандыдатуры сваёй Гавiн на трэцi тэрмiн на з’ездзе не выстаўляў, але яго абралi ганаровым старшынём СПБ дэлегаты за ягоныя заслугi.
Зрэшты, мы, здаецца, адхiлiлiся ад справы. Гавiн найперш патрабаваў, каб у суд з’явiўся аўтар матэрыялу. I тут пачынаецца самае цiкавае. Значна цiкавейшае, чым аналiтыка Ежы. Першы раз прадстаўнiк адказчыка заявiў, што лiст у рэдакцыю прыйшоў па пошце, маўляў, не ведаем яго. Суд устанавiў, што гэта не так, бо на канверце не было пячаткi. У другiм паседжаннi прадстаўнiк «ГП» падаў адрас аўтара i назваў ягонае прозвiшча – Iван Крушынскi. Аўтара выклiкалi позваю ў суд, але высветлiлася, што гэты чалавек наогул не чытае «ГП» i нiколi не пiсаў у газету нiякiх лiстоў, нават з тае прычыны, што ён не ўмее гэтага рабiць. Да таго, ён вельмi доўга i моцна абураўся. Цалкам не выключана, што чалавек можа падаць яшчэ адзiн зыск да «ГП».
Суд трэцi раз звярнуўся да адказчыка з тым самым пытаннем. Нарэшце прадстаўнiк «ГП» заявiў, што лiст быў напiсаны ў рэдакцыi. Вось так, спадарства... Вось так працуюць нашы «чэсныя» журналiсты. Цяжка ўявiць, каб падобнае адбылося ў недзяржаўным выданнi, i рэдакцыя паспрабавала б пагуляцца з судом у кошкi-мышкi. Дарэчы, не хачу, каб усе калегi з «ГП» прынялi маё ўражанне на свой рахунак. Перакананы, што iм самiм сорамна за падобныя публiкацыi ў родным выданнi.
Прадстаўнiк Гавiна ў судзе, адвакат Алег Куц, як матэматык, даказваючы тэарэму, раскрываў перад суддзём усе лагiчныя хады Ежы, якiя былi скiраваны на тое, каб дыскрэдытаваць ягонага падабароннага. Выглядала настолькi пераканаўча, што нават прадстаўнiк «ГП» пасля сканчэння спрэчак у судзе, не жадаючы чакаць рашэння, адыйшоў. Маўляў, перамога за Гавiным. Сам Гавiн у сваiм звароце да суду патрабаваў адказу: чаму дзяржаўнае выданне, якое выдаецца на грошы падаткаплатнiкаў, у тым лiку i на ягоныя, хавае чалавека, якi вылiвае бруд i распаўсюджвае хлусьню аб тым самым падаткаплатнiку, на грошы якога iснуе выданне.
Прадстаўнiк «ГП» патрабаваў, каб суд адмовiў у зыску Гавiну па ўсiх сямi пунктах, хаця падчас судовых паседжанняў некаторыя з iх прызнаваў. Дарэчы, зыск Гавiна заключаўся толькi ў тым, каб рэдакцыя надрукавала абвержанне ў газеце такiм самым аб’ёмам i на тым самым месцы, дзе быў змешчаны матэрыял аб iм. Нiякага матэрыяльнага скампенсавання ён не патрабаваў.
Суддзя матываваў сваю адмову тым, што газетны матэрыял быццам быў надрукаваны ў межах перадз’едаўскай дыскусii i не датычыць асобы Гавiна.
Цiкава, што за 12 год знаходжання Гавiна на пасадзе старшынi СПБ «ГП» нiводнага разу не змясцiла на сваiх старонках негатыўнага матэрыялу пра яго.
М.КАРНЕВIЧ
|