Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Генералава царква

Вёска Мiлькаўшчына, што ў Гродзенскiм раёне, вядома, як радзiма нашай знакамiтай пiсьменнiцы Элiзы Ажэшкi. Але мала хто ведае, што з Мiлькаўшчынай звязана жыццё генерал-лейтэнанта кавалерыi Канстанцiна Антонавiча Шырмы. Тут, дарэчы, ён i пахаваны.

Згодна з дадзенымi Дзяржаўнага ваенна-гiстарычнага архiву РФ, Канстанцiн Антонавiч нарадзiўся 3 лiстапада 1851 года ў дваранскай сям’i ў Мiнскай губернii. Скончыў Мiкалаеўскi кадэцкi корпус i кавалерыйскае вучылiшча. Пачаў службу ў 1870 годзе ў лейб-гвардыi драгунскага палка. Удзельнiчаў у руска-турэцкай вайне 1877-78 г.г. у складзе Плевенскага атрада генерал-лейтэнанта Гурко. 2 красавiка 1906 года быў узведзены ў чын генерал-лейтэнанта, а 20 кастрычнiка 1912 года атрымаў званне генерала кавалерыi ад службы з мундзiрам i пенсiяй. За гады службы неаднойчы ўзнагароджваўся самымi высокiмi адзнакамi.

К.Шырма быў жанаты на шлюбаразводнай жонцы генерал-лейтэнанта Сынгаеўскага – Вользе Васiльеўне – народжанай Нябольскай. Дзяцей у iх не было. У вёсцы Старая Мiлькаўшчына генерал меў маёнтак, якi ў час ваеннай службы часта наведваў. Мясцовыя сяляне ўзгадвалi, што Канстанцiн Антонавiч быў чалавекам высокаадукаваным, культурным, з прагрэсiўнымi поглядамi. I разам з тым у адносiнах з сялянамi трымаўся проста. Умеў весцi сваю гаспадарку. Асаблiвую ўвагу звяртаў на стан маёнтка i тое, што было побач з iм. Нездарма побач з маёнткам расло шмат кветак, экзатычных дрэваў. Дарэчы, некаторыя з iх захавалiся i да нашага часу.

А ўвекавечыў сваё iмя генерал Шырма на Гродзеншчыне тым, што ў 1904 годзе на свае ўласныя грошы пачаў будаваць царкву Пакрова Божай мацi. Будаваў яе па праэкту Санкт-Пецярбургскiх архiтэктараў, з фiгуральнай чырвонай заморскай цэглы. Кожная цаглiнка была запакавана ў паперу. I ўжо праз год у Мiлькаўшчыне ўзнёсся ўнiкальны па свайму вонкаваму i ўнутранаму выгляду праваслаўны храм. На вялiкае шчасце храм захаваўся да нашых дзён.

Пасля далучэння Заходняй Беларусi да Усходняй, пры ўсталяваннi савецкай улады, храм выкарыстоўвалi пад амбар: сыпалi туды зерне, муку. За ўсе гэтыя гады, вядома, нiхто не парупiўся яго парамантаваць.

Пасля сканчэння вайсковай службы К.Шырма часта наведваўся ў свой маёнтак у Мiлькаўшчыну, хаця сам жыў у Санкт-Пецярбургу. Перад кастрычнiцкiм пераваротам Канстанцiн Антонавiч памёр i па завяшчанню быў пахаваны ў вёсцы Мiлькаўшчына. Месца пахавання было абнесена металiчнай агароджай i, магчыма, дзякуючы гэтаму засталося неразбураным. Праўда, дубовы крыж на магiле павалiўся. У такiм стане магiлка прастаяла да часоў, пакуль у СССР не пачалася Перабудова. Як толькi стала магчыма, вернiкi прывялi ў парадак магiлку генерала, усталяваўшы на ёй металiчны крыж. Царкву адрэстаўравалi рэстаўратары з Гродна. Храм атрымаў статус помнiка архiтэктуры, набыўшы ахоўную грамату ад дзяржавы.

У сувязi з высакародным учынкам генерала К.Шырмы, хацелася б сказаць вось аб чым. У першыя днi айчыннай вайны ў Скiдзелi згарэў будынак Святапакроўскай царквы, якi красаваўся ў цэнтры горада больш за 300 гадоў. Да гэтага часу храма не аднавiлi. Гадоў пяць таму людзi пачалi збiраць грошы на будаўнiцтва новага храму. Але што яны маглi сабраць, калi большасць жыве ў нястачы. А такiх генералаў, як К.Шырма, зараз папросту не iснуе i iснаваць не можа. Краiна ў нас такая.

Iлья БАРЫСАЎ, грамадскi краязнаўца.

Фота аўтара

Назад