У Зэльвы з’явіўся свой «Бэз»
У першыя днi новага года выйшаў у свет першы нумар часопiса Зэльвеншчыны – «Бэз». Выдавец часопiса Юры Качук тлумачыць падобную назву тым, што на Зэльвеншчыне шмат бэзу, да таго ж «бэз» сугучна з пачаткамi словаў «Беларусь» i «Зэльва».
На пяцiдзесяцi двух старонках «Бэзу» чытач знойдзе аповед пра гiсторыю старажытнага мястэчка, занатоўкi пра сучаснасць горада: аднаўленне Зэльвенскага – Ганненскага кiрмашу. Гэты кiрмаш праводзiўся раз на год на працягу месяца з 1721 г. i лiчыўся ў свой час адным з найбуйнейшых у Еўропе. Значнае месца адведзенае творчасцi Ларысы Генiюш, 91 угодкам паэткi. Чытачы змогуць пазнаёмiцца з яе вершамi, цыклам, прысвечаным Зэльве. Значная частка часопiса прысвечаная паэтычнай, празаiчнай, перакладчыцкай, выяўленчай творчасцi вядомых зэльвенцаў – нашых сучаснiкаў: Алены Таболiч, Мiхася Скоблы, Валянцiна Дубатоўкi, Янiны Якiмчык, Анатоля Валюка, Валеры Жамойцiна, Юры Качука, графiка Васiля Шамрука. Цiкаўныя змогуць пазнаёмiцца з адмысловымi гульнямi ды забавамi Зэльвеншчыны, а таксама з улюбёнымi стравамi мясцовых жыхароў.
BARC
|