Дзе прапісацца суполцы Свабоднага прафсаюза?
Калегiя Гродзенскага абласнога суда пакiнула без змены рашэнне Мастоўскага раённага суда аб адмове ў рэгiстрацыi суполкi Свабоднага прафсаюза на сумесным дрэваапрацоўчым прадпрыемстве «Самана-плюс».
Дакументы на рэгiстрацыю суполкi Свабоднага прафсаюза ў Мастоўскi райвыканкам падаваў лiдэр прафсаюза Валерый Ерамянчук. У якасцi юрыдычнага адрасу ён прапанаваў гараж, паколькi кiраўнiцтва «Саманы-плюс» адмовiла яму ў памяшканнi. Гараж быў абраны невыпадкова. У 1999 годзе юрысты Свабоднага прафсаюза з Мiнску звярнулiся па тлумачэннi ў Мiнюст Беларусi з тым, каб атрымаць адказ, што можа з’яўляцца юрыдычным адрасам. Вядома, што такога паняцця ў Грамадзянскiм кодэксе не iснавала. Па словах У.Адзiнца, юрыста Свабодных прафсаюзаў, з Мiнюста прыйшла папера, у якой было патлумачана, што ў якасцi юрыдычнага адрасу можа быць абраны гараж, альбо нават хлеў, пры ўмове, што гэта асобна стаячы будынак. Тым не менш, у райвыканкаме адмовiлi рэгiстраваць суполку па такiм адрасе. Пасля гэтага В.Ераменчуком i была пададзена скарга ў Мастоўскi раённы суд. Адно з паседжанняў суда было нават выяздным, i сама суддзя хадзiла i аглядала гараж. Рашэнне аднак яна вынесла адмоўнае.
Сёння ўжо абласная калегiя разглядала гэтую скаргу паўторна. На паседжаннi выступала юрыст Мастоўскага райвыканкаму i патлумачыла адмову ў рэгiстрацыi тым, што Мiнюст выканкаму даслаў iншае тлумачэнне наконт юрыдычнага адрасу, згодна якому, адрас не можа быць ў гаражы.
На судзе не прысутнiчаў Валеры Ерамянчук. Ён знаходзiцца ў шпiталi. Справа ў тым, што падчас працы на прадпрыемстве ён паранiў руку, пазней быў звольнены з прычыны прафесiйнай нягоднасцi. Дарэчы, ён таксама падаў скаргу ў суд на адмiнiстрацыю «Саманы-плюс» за незаконнае звальненне. Сваё звальненне ён звязвае непасрэдна з прафсаюзнай дзейнасцю.
М.МIКАЛАЙЧЫК
|