Суддзя Ленiнскага раённага суда Анатоль Пракопiк абвясцiў у аўторак, 15 студзеня, сваё рашэнне па грамадзянскай справе аб рэгiстрацыi пярвiчнай суполкi Свабоднага прафсаюза Беларускага Гродзенскага РУП «Хiмвалакно». Такiм чынам, сябрам Свабоднага прафсаюза, якiя працуюць на гэтым буйнейшым прадпрыемстве горада Гродна, адмовiлi ў рэгiстрацыi iх прафсаюзнай арганiзацыi.
Гэтая гiсторыя цягнецца ўжо два гады. У адпаведнасцi са Статутам СПБ для рэгiстрацыi пярвiчнай суполкi прафсаюза патрабуецца згода як мiнiмум трох чалавек. На прадпрыемстве «Хiмвалакно» жадаючых стварыць пярвiчку Свабоднага прафсаюза Беларускага аказалася не трое, а нават болей. Нягледзячы на недвухсэнсоўныя заявы з гэтай нагоды прадстаўнiкоў заводзкай адмiнiстрацыi.
Як таго патрабуе заканадаўства, хiмiкi звярнулiся па iнстанцыях з просьбай аб рэгiстрацыi. Працэдура гэта няпростая. Неабходна аформiць шмат папер,атрымаць юрыдычны адрас i многае iншае. Але хаджэнне па iнстанцыях не дапамагло. Атрымаўшы адмову, хiмiкi звяртаюцца ў Ленiнскi раённы суд. Доўга цягнецца разгляд iх скаргi, i, нарэшце, пасля рашэння, якое прымае суддзя Н.Сяргейка, гарвыканкам усё-такi рэгiструе прафсаюзную пярвiчку. Але пры гэтым чамусьсцi не выдае прадстаўнiкам суполкi пасведчанне аб рэгiстрацыi.
Сябры СПБ iзноў звяртаюцца ў раённы суд, каб давесцi справу да лагiчнага завяршэння.
Робiць свой ход i процiлеглы бок. Прэзiдыум абласнога суда ўносiць пратэст на рашэнне суда Ленiнскага раёна, i справа раскручваецца «па новай».
Цяпер ёю займаецца iншы суддзя – Анатоль Пракопiк. Амаль два месяцы цягнецца разбiральнiцтва. Суд запрасiў усе неабходныя паперы, заслухаў у якасцi сведак каля дзесяцi сяброў прафсаюзнай пярвiчкi РУП «Хiмвалакно» i нарэшце абвясцiў сваё рашэнне: адмовiць у рэгiстрацыi на падставе таго, што ёсць Дэкрэт прэзiдэнта, якi патрабуе для рэгiстрацыi пярвiчнай прафсаюзнай арганiзацыi ўдзелу ў ёй не менш чым 10 адсоткаў ад усiх, хто працуе на прадпрыемстве. А на РУП «Хiмвалакно», – нагадаем, налiчваецца цяпер 5680 чалавек. Значыць, каб зарэгiстраваць пярвiчку, патрэбна сабраць 568 чалавек. Калi нават на аднаго будзе меней, то ўсе намаганнi будуць марнымi.
Вось такi каленкор... I такiя казусы нашага цяперашняга заканадаўства. Аляксандр Чарней, якi прадстаўляў iнтарэсы Свабоднага прафсаюза Беларускага ў судзе, заявiў у размове з вашым карэспандэнтам, што барацьба за правы прафсаюзаў будзе працягвацца, i СПБ збiраецца абскардзiць рашэнне Ленiнскага раённага суда ў абласной судовай iнстанцыi.
Раман ПЯТРОЎСКI