Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Ад душы в?ншуем ус?х прых?льн?каў беларускай песн?!

«Бацькаўшчыне» – 10 год

Сапраўды, гродзенскаму хору «Бацькаўшчына» споўнiлася дзесяць гадоў. З гэтай нагоды ў гарадзкiм Доме культуры адбылася святочная вечарына. Сюды прыйшлi многiя з тых, хто браў удзел у хоры на працягу ўсяго гэтага часу. Гучалi вiншаваннi, зычэннi на адрас выдатнага творчага калектыву. Харавога калектыву, якi, маючы статус аматарскага i працуючы выключна на грамадскiх пачатках, дасягнуў вельмi многага.

Адразу пасля святочнай вечарыны ў гутарцы з вашым карэспандэнтам аб справах «Бацькаўшчыны» распавядаюць кiраўнiк хору Вера Васiльеўна Кунцэвiч i стараста хору Мiхась Васiльевiч Амялiшка.

Вера Кунцэвiч:

– Гэта калектыў, якi спявае беларускую духоўную музыку.Не хачу падацца нясцiплай, але такi калектыў, наколькi я ведаю, на Беларусi адзiны. Калектыў самабытны, самадзейны. Ён складаецца з валанцёраў, што добраахвотна аддаюць свой час, сваю энергiю i таленты святой справе.

– (Кар.) Гэта як дэкларацыя праграмы дзейнасцi хору. А ўсё-такi, давайце вернемся на дзесяць гадоў назад. Што паслужыла штуршком для стварэння «Бацькаўшчыны»?

– (В.К.) Гэтая думка нарадзiлася ў спадарынi Вiкторыi Тарасевiч, – вядомага ў нашым горадзе чалавека. Яе прапанова была падтрымана сябрамi гiстарычнага клуба «Паходня», i адтуль прыйшлi першыя ўдзельнiкi хору. Гэта быў Мiхась Васiльевiч Амялiшка , якi стаў старастай хору. Гэта былi таксама Юры Тарасевiч, Iгар Лапеха, Кастусь Жынь, Данiiл Аркадзьевiч Жукоўскi i iншыя. Першыя рэпетыцыi адбылiся ў лiстападзе 1991 года, спачатку ў памяшканнi музычна-педагагiчнага вучылiшча, а затым у гарадскiм Доме культуры. Мы адразу вызначылi як творчы прыярытэт адраджэнне беларускiх нацыянальных традыцый. Асаблiвую ўвагу звярнулi на ўдзел у святкаваннi Калядаў. Удзельнiкi хору ўжо ў першыя месяцы iснавання свайго калектыву заявiлi пра сябе: мы выйшлi на вулiцы Гродна са святочнымi каляднымi песнямi, i гэта мела шырокi розгалас. Першыя «калядкi» пачыналi спяваць каля сабору, каля унiверсiтэту, на вулiцы Ажэшкi. Потым прыйшлi на Савецкую плошчу, дзе была святочная ёлка. Мы наладзiлi карагод. Нас людзi падтрымалi. Цiкава, што якраз пры гэтым быў фотакарэспандэнт i першы здымак трапiў у газеты.

Пасля было шмат выступаў, паездак. Запомнiўся ўдзел у мiжнародным фестывалi-конкурсе «Магутны божа» у Магiлёве. Гэта быў 1993 год. Нас прызналi. Хор «Бацькаўшчына» атрымаў дыплом. Наш калектыў быў адзiным, якi прывёз на фестываль конкурсную праграму выключна на беларускай мове. У нас былi даволi высокага ўзроўню творы. Атрымалi натхненне, атрымалi штуршок далейшай творчай дзейнасцi. I ўвогуле, лета 1993 года было вельмi адметным для нас. Мы трапiлi на сустрэчу з Папай Рымскiм, якая ў жнiўнi адбылася ў Вiльнi. У нас тады была магчымасць заспяваць у касцёле Святога Мiкалая.

Пасля хор атрымаў прапанову спяваць падчас богаслужэнняў у гродзенскiм Фарным касцёле. Мы спявалi па-беларуску. I калi мы пачыналi, то было пару чалавек на iмшы ў нядзелю. Паступова людзей набаўлялася, набаўлялася. У адзiн з дзён мы ўбачылi, што касцёл ужо поўны. Выходзiм з тых арганаў , – зверху, – i бабулька чакае нас пасля iмшы. Вочы яе ў слязах . Кажа: «Вой, цi ж я магла падумаць, што дажыву, што буду малiцца на роднай мове...» Гэта немагчыма было прыняць без хвалявання, без слёз. Мы былi вельмi кранутыя.

Потым у нас было шмат канцэртаў. Мы выступалi амаль ва ўсiх абласцях Беларусi, а таксама за межамi краiны. Сярод самых памятных – паездка ў Данiю, выступленне на святкаваннi 500-годдзя Мiрскага замку, канцэрты ў Наваградку, Слонiме, iншых гарадах. Вельмi цёплыя i шчырыя словы хочацца сказаць на адрас удзельнiкаў хору. Ад мяне асабiста самая вялiкая падзяка Сафii Трафiмаўне Варабьёвай-Дольскай. Я лiчу яе сваёй духоўнай мацi. Сафiя Трафiмаўна асаблiва дапамагла , калi ў мяне нарадзiўся сын, i трэба было глядзець дзiця i праводзiць рэпетыцыi хору.

Што да блiжэйшых планаў хору «Бацькаўшчына», то будзем мэтанакiравана працягваць творчую працу. Прыемна было пачуць цёплыя словы на наш адрас на юбiлейнай вечарыне.

Пастараемся заўсёды заставацца на вышынi!

Мiхась Амялiшка, стараста хору «Бацькаўшчына:

– Пачалося ўсё з клуба «Паходня», якi згуртаваў свядомых беларусаў. Там мы многае даведалiся пра беларускiя народныя традыцыi, абрады. Лагiчным працягам гэтай справы стала тое, што ў 1991 годзе па iнiцыятыве Вiкторыi Палiкарпаўны Тарасевiч быў створаны наш хор. Сабралiся людзi, якiя любяць песню i зацiкаўленыя ў пашырэннi i ўмацаваннi духоўнасцi. Памятаю першую сустрэчу ўдзельнiкаў хору, якая адбылася ў гродзенскiм музычна-педагагiчным вучылiшчы. Тады прыйшлi Вiктар Парфёненка, Юры Тарасевiч, Iгар Лапеха, Нiна Шаставiцкая, Святлана Iоська i некалькi навучэнак вучылiшча. Мяне абралi старастам, таму што калiсьцi ў маладосцi спяваў у студэнцкiм хоры. Першай песняй, якую пачалi спяваць, была «Магутны божа»(словы Наталлi Арсенневай, музыка Мiколы Равенскага).

Запомнiлiся шматлiкiя паездкi, выступленнi. У 1996 годзе хор пабываў у Данii, дзе з вялiкай цiкавасцю слухалi нашыя спевы. Запрашалi нас на Ўкраiну, у Польшчу. Некалькi разоў выступалi ў Вiльнi. Ну i ,канечне, «Бацькаўшчыну» добра ведаюць у Гродне. Спявалi мы ў Фарным касцёле, у Каложскай царкве, у лютэранскай кiрхе. Усюды наша галоўная задача: падтрымка духоўнасцi...

– (Кар.) Рэпетыцыi хору праходзяць па 2-3 разы на тыдзень. Гэта патрабуе шмат часу i вялiкай самааддачы ад кожнага. А хор «Бацькаўшчына» да гэтага часу, нягледзячы на такiя заслугi, лiчыцца аматарскiм. I ўсе працуюць выключна на грамадскiх пачатках. Адкуль жа бяруцца сiлы, каб на працягу столькiх гадоў прыходзiць на рэпетыцыi i выступленнi?

– (М.А.) Найперш я хацеў бы зазначыць, што ўсе гэтыя гады я быў не адзiн. Мяне ва ўсiм падтрымлiвала жонка Лiлiя Дзмiтрыеўна, таксама актыўная ўдзельнiца хору. I я вельмi ёй удзячны. Таксама сярод удзельнiкаў хору былi i iншыя члены маёй сямьi: зяць Аляксандр Гашко, а таксама ўнукi Дзiма i Цiмафей. I ўвогуле, да працы хору за мiнулыя дзесяць гадоў далучылася шмат людзей, – усяго, як я падлiчыў, каля 130 чалавек. Нехта прыходзiў, нехта адыходзiў. Але для кожнага, я перакананы, «Бацькаўшчына» стала важным момантам у жыццi.

Ну а што прымушае прыходзiць на рэпетыцыi, браць удзел у канцэртах? На гэтае пытанне адкажу так: мне падабаецца спяваць, выступаць, да спадобы сама творчая атмасфера канцэртаў i рэпетыцый. Гэта галоўнае. Я хацеў бы павiншаваць усiх з юбiлеем хору «Бацькаўшчына» i выказаць падзяку тым людзям, якiя нам дапамагалi i дапамагаюць дзеля таго, каб жыла беларуская песня.

З юбiлярамi гутарыў Мiхаiл ВАСIЛЕВIЧ

Назад