Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Лiст ад чытача

«А мне крыўдна...»

Шаноўная рэдакцыя, з нядаўняга часу з’яўляюся разам з жонкай пастаянным вашым чытачом, хоць пiшу ўпершыню. Задумацца прымусiла нататка ў вашай газеце «В Москве планируют увековечить белорусских классиков» за 10 студзеня 2002 года. Гэта добра, калi iх «увековечат». Але нас цiкавiць некалькi iншых рэчаў. I, спадзяюся, тыя, хто павiнны даць адказы на нашы пытаннi, мусяць быць шчырымi i аб’ектыўнымi.

У Беларусi другой дзяржаўнай мовай зрабiлi рускую, а таму першае пытанне: чаму ў Расii другой дзяржаўнай мовай не абвесцiлi беларускую мову? Там што, не жывуць беларусы? Усiм вядома, што iх там сотнi тысяч. Чаму на тэрыторыi братняй Расii няма нiводнай беларускамоўнай школы, нiводнага беларускага класа нават там, дзе кампактна пражываюць беларусы. Так маюць яны магчымасць вывучаць там сваю родную мову i культуру цi не? Канешне, не. I патурбавацца бы гэтым самым «дабрадзеям», якiя пазачынялi беларускiя школы ў Гродне, аб тым, каб iх адкрылi для беларусаў у Расii.

Па-другое, мы не чулi, каб беларусы ў РФ мелi беларускi тэатр цi трупу. А чаму? Мы ж, здаецца, у Саюзе з Расiяй? Цi гэта не так? I калi так, то чаму так адбываецца?

Мае сваякi прыязджаюць з Расii (дзядзька жанаты на рускай) i дзiвяцца, што ў нас няма нi рускай, нi беларускай мовы, i называюць гэта «жлабiзмам». А мне, вядома, крыўдна, як i маёй жонцы i бацькам. Чаму мы, праваслаўныя, не чуем беларускай мовы нават у божым храме. I чаго пасля гэтага праваслаўныя япiскапы лямантуюць, што насельнiцтва кiдаецца ў каталiцызм?

А яшчэ. Чаму ў Маскве не ўвекавечылi ў назвах вулiц ледзь не ўсiх беларускiх пiсьменнiкаў i дзеячоў культуры, як гэта зроблена ў нас. I куды глядзiць наш прэзiдэнт, калi расiяне не хочуць рабiць беларускую мову другой дзяржаўнай у РФ?

Просьба да рэдакцыi «БI»: калi ласка, змясцiце на сваiх старонках матэрыялы, як жывуць беларусы ў Расii, цi ведаюць i памятаюць яны родную культуру i мову, цi ёсць наогул у iх нейкае культурнiцкае жыццё, цi можа яны наогул ужо забылiся, што нарадзiлiся на гэты свет беларусамi.

З павагай Вiктар i Соф’я Аўдзiевiчы

Ад рэдакцыi

А што, панове прыхiльнiкi саюзаў, насамрэч адкажыце нашым чытачам на гэтыя простыя пытаннi. Больш таго, падобныя лiсты не рэдкасць у рэдакцыi. Людзi пiшуць нам не толькi аб тым, што ў iх малыя заробкi, што няма чым кармiць сям’ю, што цячэ дах над галавой, папэнкалi трубы, што iх аблiчваюць у крамах, дзяруць хабары, ашукваюць чыноўнiкi, што ўвесь час жыццё даражэе, а заробку не дабаўляецца. Ёсць i такiя лiсты, у якiх хваляванне i неспакой за будучыню культуры i нацыi. Мы з задавальненнем прадаставiм месца ў газеце тым, хто пазачыняў у Гродне беларускiя школкi, садкi, хто паздымаў беларускiя шыльды, хто дагэтуль абразлiва каверкае беларускую мову i насмяхаецца над усiм беларускiм. Скажыце на нашых старонках не толькi аб тым, чаму ў нас няма мовы, але чаму нiзкiя заробкi i пенсii, чаму дарогi i тратуары зiмой не чышчаныя ў горадзе, чаму транспарт дрэнна ходзiць. У 1995 годзе ў гэтым была вiнаватая беларуская мова. Вы так крычалi ва ўвесь голас. А хто вiнаваты цяпер?

Дарэчы, мы з задавальненнем прадаставiм месца на старонках «БI» i iнтэгратарам з Расii. Абгрунтуйце свае памкненнi, як вы ў Саюзе збiраецеся захаваць нашу культуру i мову, якое месца вы для iх рыхтуеце. Пра гэта ж нiхто не кажа, а людзям цiкава, яны пытаюцца i хочуць зразумець. Вы прыдумалi, вы i патлумачце. А то атрымлiваецца, як 80 гадоў таму, банда бальшавiкоў зрабiла пераварот у Расii, устанавiла свой рэжым, а потым высветлiлася, што цэлыя пакаленнi, мякка кажучы, пражылi не так.

Цiкава было назiраць падчас вiзiту Пуцiна ў Польшчу, калi ён ускладваў вянок да помнiка воiнам Армii Краёвай, казаў аб тым, што ў савецкiя часы несправядлiва ставiлiся да палякаў i iншых народаў. Прэзiдэнт Расii прызнаваў несправядлiвасць, i гэта заслугоўвае павагi. Дарэчы, размаўлялi абодва прэзiдэнты аб тым, што адбываецца ў Беларусi. А гэта ўжо многага варта, калi iх увагу прыцягвае незразумелы лёс нашай краiны. Можа варта задумацца, панове iнтэгратары. Як бы пазней наступнаму расiйскаму прэзiдэнту, а можа нават i гэтаму, не казаць тое самае беларусам, што ўжо казаў палякам. I хоць нам пакуль нiхто i не казаў аб тым, за што раскулачылi нашых продкаў i павывозiлi ў сiбiр, пастралялi ў Курапатах.., мы спадзяёмся, што нашы суседзi як бы i самi ўсё выдатна разумеюць, таму што пацярпелi не менш.

Зрэшты, мы заклiкаем усiх зацiкаўленых выказвацца на старонках «БI» па гэтых пытаннях. Трэба, каб людзi ведалi.

Назад