Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

З гісторыі роднага краю

Браты Іваноўскія:трое вядомых, чацвёрты...

У друку i ў размовах пра мiнулае i нашу спадчыну час ад часу ўзгадваюцца iмёны братоў Iваноўскiх. Траiх больш-менш вядомых землякоў, што нарадзiлiся ў маёнтку Лябёдка былога Васiлiшкаўскага, зараз Шчучынскага раёну, мы ведаем.

Па-першае, усе трое адносiлi сябе да розных нацыянальнасцяў. Старэйшы – Ежы, лiчыў сябе палякам, не адзiн раз займаў пасады мiнiстра i сенатара Рэчы Паспалiтай. Прафесары Вацлаў i Тадэвуш называлi сябе адпаведна – беларусам i лiтоўцам. Першы з iх пасля кастрычнiцкага перавароту змагаўся за iдэi Беларускай Народнай Рэспублiкi. Менавiта пры яго актыўным ўдзеле напачатку мiнулага стагоддзя быў надрукаваны першы нумар газеты «Свабода». Пазней, падчас Другой сусветнай вайны, Вацлаў працаваў у Мiнску, дзе пры загадкавых абставiнах быў забiты. Пахаваны на Кальварыйскiх могiлках. Па адной з версiй, ён загiнуў ад рук савецкiх партызанаў, па iншай – стаў ахвярай агентаў Кубэ.

Найбольш спрыяльным аказаўся лёс Тадэвуша Iваноўскага, або Тадаса Iванаўскаса. Ён праславiў сваё iмя, як выдатны навуковец, меў годнасць акадэмiка, быў папулярным i паважаным у Лiтве чалавекам яшчэ пры жыццi. А зараз суседняя краiна рыхтуецца адзначыць 120-ыя ўгодкi з дня яго нараджэння. Прымеркаваныя да юбiлею ўрачыстасцi ўжо пачалiся, дарэчы, на нашай зямлi: у вёсцы Пеляса Воранаўскага раёну, у лiтоўскай школе. Аб гэтым паведамляла наша газета.

А зараз пра чацвёртага Iваноўскага, малавядомага Станiслава. Ён таксама нарадзiўся i рос у Лябёдцы, вучыўся ў Вiльнi, дзе доўгi час працаваў адвакатам. У Першую сусветную вайну служыў у царскай армii, ваяваў. Затым апынуўся ў Пецярбургу, адкуль быў накiраваны ў Кранштадт гарнiзонным пракурорам.Там яго i застаў кастрычнiцкi пераварот. Вярнуўшыся на радзiму, Станiслаў як мог спрыяў станаўленню польскай дзяржавы. У гады нямецкай акупацыi жыў у Лябёдцы i Вiльнi, супрацоўнiчаў з Армiяй Краёвай. Затым выехаў у Польшчу i жыў да смерцi ў Быдгашчы.

Пра малавядомыя старонкi жыцця Iваноўскiх я даведаўся з кнiгi «Успамiны крэсовага юнацтва», аўтарам якой з’яўляецца сын Станiслава Iваноўскага – Казiмiр. У кнiзе апiсваюцца гаспадарчыя турботы, маёмасныя канфлiкты, узаемаадносiны з мясцовымi сялянамi... Ёсць матэрыялы пра паляванне i рыбалку, балi-гулянкi i iншае. Як прыгадвае аўтар, ён, яго бацькi i астатнiя Iваноўскiя добра валодалi беларускай мовай i са сваiмi сялянамi з навакольных вёсак гаварылi звычайна па-беларуску.

Кожны з трох вядомых братоў быў тройчы жанаты, а таму, пiша аўтар, ён меў шмат цётак. У кнiзе прыводзiцца факт, што ў 20-ыя гады мацi Казiмiра на важным прыёме ў Вiльнi была прадстаўлена самому Пiлсудскаму. Той запытаў, якога Iваноўскага панi з’яўляецца жонкай. Яна адказала: «Таго, што мае толькi адну жонку». «Гэта значыць Станiслава» – сказаў маршалак, якi вельмi добра арыентаваўся ў вiленскай элiце.

Яшчэ адзiн цiкавы эпiзод з кнiгi, гэтым разам з жыцця Алены Iваноўскай, сястры згаданых братоў. Гэтая эксцэнтрычная асоба захаплялася коньмi i сабакамi. Апошнiя адказвалi ўзаемнасцю сваёй апякунцы. У дзень яе шлюбу, калi вясельная дружына рушыла ў Старыя Васiлiшкi да касцёлу, неадступных ад нявесты сяброў зачынiлi ў памяшканнi. Яны, вiдавочна, на гэта моцна пакрыўдзiлiся. Аднак нехта са слугаў пашкадаваў сабак i адчынiў iм дзверы. Тыя па свежых слядах узялi кiрунак у бок вясельнай кавалькады. Касцельныя дзверы былi адчыненыя i абрадаваныя жывёлiны аказалiся ў храме якраз у момант шлюбнай цэрэмонii. Можна толькi ўявiць,што там адбывалася...

З замiлаваннем пiша Казiмiр Iваноўскi пра жыццё i заняткi ў тых мясцiнах сваякоў i тамтэйшых сялянаў. Распавядае аб незабыўнай прыгажосцi ваколiц, дзе прайшлi маладыя гады. Невыпадкова, напэўна адзiн з раздзелаў кнiгi, выдадзенай на польскай мове, пачынаецца беларускiм выслоўем: «Кожнаму мiла хатка, дзе радзiлася яго матка. Кожнаму мiлы куток, дзе яму абразалi пупок.» Цiкавую кнiгу напiсаў сын малавядомага Iваноўскага, польскi вучоны ў галiне машынабудавання прафесар Казiмiр Iваноўскi. Сваiм творам ён дапамог землякам лепш пазнаць гiсторыю роднай старонкi.

У канцы 90-х гадоў на Лiдчыне двойчы пабываў вядомы лiтаратар з Варшавы Земавiт Фядэцкi. У другi раз наведваўся ён у край свайго дзяцiнства з сястрой Барбарай i яе мужам Мiколам Брунарам, якiя даўно жывуць у Францыi. Падчас нашых гутарак-успамiнаў з варшаўскiм госцем пан Мiкалай, пачуўшы прозвiшча Iваноўскiх, раптам палез у партфель, дастаў адтуль кнiгу i прапанаваў мне паглядзець. Гэта была кнiга Казiмiра Iваноўскага.

I апошняе. На адным з фотаздымкаў згаданай кнiгi я ўбачыў дом Iваноўскiх у Лябёдцы, якi многiя i зараз называюць палацам. З пасляваеннага часу там месцiцца дзiцячы прытулак. Глянуў на здымак i ўзгадаў пачутую колькi гадоў таму ў Вiльнi прапанову.Выказаў яе наш зямляк з пад Радунi, былы вiцэ-прэзiдэнт Лiтоўскага фонду культуры Iзiдарас Шымелёнiс. Ён прапаноўваў стварыць у Лябёдцы музей дружбы беларусаў, палякаў i лiтоўцаў, кiм i лiчылi сябе браты Iваноўскiя. Слушная iдэя, толькi, вiдаць, давядзецца дачакацца, пакуль у Беларусi стане менш абяздоленых дзетак, i былы маёнтак Iваноўскiх будзе магчыма выкарыстаць пад музей.

Алесь ЖАЛКОЎСКI

Назад