Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

памяць

Інтэрнацыянальны герой з Косава

Пасол Рэспублiкi Польшча Мар’юш Машкевiч, пасол Лiтвы Ёнас Паслаўскас i намеснiк главы мiсii з пасольства ЗША Джозэф О’Нiл 3 лютага прынялi ўдзел ва ўрачыстасцях, прысвечаных 256-й гадавiне з дня нараджэняя аднаго з найславуцейшых сыноў Беларусi – Тадэвуша Касцюшкi.

У знак пашаны да нашага земляка перад мемарыяльным знакам на месцы былога фальварку Мерачоўшчына Брэсцкай вобласцi, дзе Т. Касцюшка нарадзiўся, былi ўскладзены кветкi i вянкi. Цiкава, што гэта адна з нешматлiкiх акцый, якая аб’яднала афiцыйныя ўлады, замежных дыпламатаў i апазiцыю. Да арганiзацыi мерапрыемства спрычынiлiся мясцовыя ўлады, грамадския аб’яднаннi «Вежа» i «Ратуша».

Тадэвуш Касцюшка – кiраўнiк паўстання 1794 года, выдатны вайсковы i палiтычны дзеяч, удзельнiк змагання паўночна-амерыканскiх штатаў за незалежнасць. У 1792 годзе пастановай Заканадаўчага сходу Францыi яму разам з Дж. Вашынгтонам, I. Песталоцы, Ф. Шылерам i iншымi, не менш знакамiтымi людзьмi, нададзена званне ганаровага грамадзянiна Францыi. Iмя яго вядома i ўшанавана далека за межамi Беларусi. У Аўстралii яго iмем названа самая высокая гара, у ЗША – адна з акруг штата Iндыяна, горад у штаце Мiсiсiпi, астравы на Алясцы... У ЗША, Швейцарыi i Польшчы яму ўсталяваны помнiкi. Сапраўдны iнтэрнацыянальны герой, яшчэ адна невычэрпная крынiца гонару за нашу Радзiму.

Завiтаўшыя госцi выступiлi з прамовамi, ў якiх прыпомнiлi славутыя старонкi з жыцця Касцюшкi. А пасля ўрачыстасць атрымала працяг у косаўскай гарадской бiблiятэцы, дзе ўсiх жадаючых чакала канцэртная праграма. Разам з мясцовымi талентамi перад гледачамi выступiлi гурты з Гродна i Брэста.

Што ж, пакуль мы помнiм наша мiнулае, шануем яго, ў краiны ёсць будучыня. А якая – гэта ўжо справа пiльнай працы не аднаго чалавека, а народа, якi пакуль яшчэ мае назву – беларусы.

Вольга АрцЁменка

Назад