Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

БАСКЕТБОЛ

30 тысяч для «профі»?

Дзве сустрэчы, якiя баскетбалiсткi гродзенскай «Алiмпii» правялi на сваёй пляцоўцы з лiдэрамi першынства Беларусi – барысаўскай «Беразiной», на жаль, завяршылiся для iх няўдачай. Першую гульню нашыя спартсменкi прайгралi проста недаравальна – на апошнiх хвiлiнах сустрэчы.

А ўсё iшло так добра. Пасля першага перыяду гродзенкi ўступалi ўсяго два ачкi – 12:14. Пасля другога – упэўнена лiдзiравалi – 30:21. Але вопыт ёсць вопыт. У «Беразiны» сваё слова сказалi былыя «алiмпiйкi» – Святлана Гапонава i Кацярына Шупляцова. Разам з вопытнейшай Жанай Гарадзецкай – адной з лепшых спартсменак «Беразiны» – яны ўзялi гульню на сябе. Барысаўскай камандзе ўдалося ў вынiку нагнаць гродзенак i ў канцоўцы гульнi перамагчы – 51:48.

Паўторны матч спачатку праходзiў па тым жа сцэнарыю. Адрыў барысаўчанак увесь час быў нязначным, але потым сiлы нашых дзяўчат сталi ўбываць. Затое «Беразiна» нарошчвала атакi. На атакуючую пазiцыю з зайздроснай рэгулярнасцю выходзiла Жана Гарадзецкая i папаўняла ачковы багаж сваёй каманды. Гэтая аднастайная, вельмi простая тактыка прынесла свой вынiк.

Да таго ж у нашай камандзе не iшла гульня ў лiдэра – Надзеi Дрозд. I хаця вельмi старалiся Вольга Цярэнцьева, Лiдзiя Панасюк, Вольга Курсевiч, таксама зусiм юная Наталля Ануфрыенка, фiнальная сiрэна зафiксавала перамогу гасцей з лiкам 63:47.

Крыўдна праiгрываць такiя матчы. Па сваёй сiле «Алiмпiя» сёння здольная перамагаць усiх. Галоўнае: няма ўвагi да клуба з боку горада. Сёння зарплата ў спартсменак, якiя выступаюць фактычна на прафесiйным узроўнi, гуляюць i ў першынстве Беларусi, i ў чэмпiянаце Балтыйскай лiгi, складае 30 тысяч рублёў. Што не перавышае мiнiмальнага пражытачнага ўзроўню. Не дзiўна будзе, калi ў наступным сезоне наша каманда згубiць усiх сваiх iгракоў.Адпаведныя прапановы з iншых клубаў, у тым лiку i расiйскiх, гродзенкi ўжо атрымлiваюць.

Петр ЮрэвIЧ

Назад