Суды
Апісана маёмасць рэдактара
У галоўнага рэдактара зачыненай уладамi гарадзенскай газеты «Пагоня» апiсана ўласная маёмасць: пральная машына, тэлевiзар, пылесос. Судовы выканаўца паставiў яму ўмовы заплацiць штраф у 500 тысяч рублёў да 18 лютага, iнакш маёмасць будзе канфiскавана.
Асудзiлi М.Маркевiча за ўдзел у акцыi, падчас якой гарадзенцы выказвалi сваё стаўленне да рашэння Вышэйшага гаспадарчага суду РБ, якi прыпынiў дзейнасць газеты. М.Маркевiч стаяў разам з усiмi сабраўшымiся ў ланцугу на тратуары па вулiцы Савецкай. Але мiлiцыянеры палiчылi яго арганiзатарам i склалi пратакол. Суд вынес адпаведнае рашэнне. Цiкава, што судовыя выканаўцы прыйшлi да Маркевiча пасля 19 гадзiн вечара. Аказваецца, яны працуюць цi не круглыя суткi. Паўгадзiны таму Мiкола вярнуўся з ЗША, дзе знаходзiўся па запрашэнню Мiжнароднай лiгi па правах чалавека.
Але i гэта яшчэ не ўсё.14 лютага следчы абласной пракуратуры прад’явiць абвiнавачванне Маркевiчу ў крымiнальнай справе па факту публiкацыi на старонках газеты матэрыялаў, якiя следства квалiфiкавала, як паклёп на прэзiдэнта РБ. «БI» неаднойчы паведамляла пра гэту гiсторыю падчас прэзiдэнцкай выбарчай кампанii. Нагадаю, што два нумары газеты былi канфiскаваны ў гродзенскай друкарнi i да чытачоў не дайшлi. Пракуратура Гродзенскай вобласцi ўзбудзiла крымiнальную справу. Нягледзячы на тое, што рашэннем ВГС газета была закрыта, пракуратура працягвала следства. Цяпер будуць выносiць абвiнавачванне. Акрамя М.Маркевiча па гэтай справе праходзiць i журналiст «Пагонi» П. Мажэйка.
М.МIКАЛАЙЧЫК
|