Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Прамысловасць

Новы статус «Азота»

Удзельнiкi канферэнцыi працоўнага калектыву рэспублiканскага унiтарнага прадпрыемства «Азот», хаця i з вялiкай доляй скептыцызму i насцярожанасцi, усё-такi прагаласавалi за тое, каб адно з вядучых прадпрыемстваў беларускай нафтахiмii, на якiм занята больш за 7 тысяч чалавек, стала акцыянерным таварыствам. Новы статус «Азот» атрымае вельмi хутка. Прызначаны нават тэрмiн: 18 сакавiка гэтага года, калi павiнна быць зарэгiстравана акцыянернае таварыства «Азот».

Перамены чакаюцца вельмi сур’ёзныя. Людзей, якiя працуюць на «Азоце», найбольш непакояць наступствы акцыянавання. Цi захаваюць яны свае рабочыя месцы? Цi змогуць на ранейшых умовах карыстацца заводскiмi аб’ектамi сацкультбыту? Гэта толь- кi некаторыя з тых пытанняў, з якiмi прыйшлi ў Палац культуры хiмiкаў дэлегаты канферэнцыi працоўнага калектыву.

«У цэлым год 2001 быў вельмi складаным для ўсiх, у тым лiку для «Азота». Хаця стабiльнасць працы мы здолелi захаваць. Нам удалося ўтрымацца на ўзроўнi каэфiцыента выкарыстання магутнасцяў 94 -95 адсоткаў. I калi сёння мы маем страты, то для гэтага ёсць як аб’ектыўныя, так i суб’ектыўныя прычыны.»

Сярод асноўных прычын складанага становiшча, у якiм апынулiся хiмiкi, – тое, што яны пастаўляюць мiнеральныя ўгнаеннi айчынным калгасам i саўгасам. Ад гэтага «Азот» мае толькi страты. Летась яны склалi ажно 12 мiльярдаў рублёў. Яшчэ адзiн фактар: чарговы эканамiчны крызiс у свеце, з-за чаго ў нашага вядучага прадпрыемства значна знiзiлася валютная выручка. Да таго ж «Азот» адчувае жорсткую канкурэнцыю з боку вытворцаў аналагiчнай прадукцыi не толькi ў краiнах Захаду, але i ў Расii. Па словах Валерыя Лангова, «канкурэнцыя цэнаў памiж вытворцамi дасягнула апагею». На сусветным рынку прапанова перавышае попыт. Гэта тычыцца як капралактаму, так i метанолу. I ў першым паўгоддзi змен для лепшага хiмiкам чакаць не прыходзiцца.

Як глыток паветра, «Азоту» патрэбны iнвестыцыi. Асноўныя вытворчыя фонды зношаныя на 75-77 адсоткаў. Тыя рэсурсы, якiя прадпрыемства мае, яно выкарыстоўвае для абнаўлення абсталявання. За тры мiнулыя гады гэтая сума склала 5 мiльёнаў амерыканскiх долараў. Але гэтага вельмi мала. Толькi на першачарговую праграму патрэбна, як мiнiмум, 85 мiльёнаў гэтых самым долараў. Усяго ж праграма рэканструкцыi гродзенскага «Азота» «пацягне» на 300 мiльёнаў долараў.

Паколькi ў дзяржавы грошай на гэта няма, то застаецца разлiчваць толькi на знешнiя iнвестыцыi. I ёсць падставы сцвярджаць, што гэта будзе расiйскi капiтал. Маюцца ўжо рэальныя прэтэндэнты на сваю долю ў акцыях «Азота». У гэтым спiсе, напрыклад, такая вядомая кампанiя як «Iтэра». Перад будучымi iнвестарамi, – сцвярджае Валерый Лангоў – ставяцца ўмовы на 3-5 гадоў захаваць рабочыя месцы, а таксама, па магчымасцi, сацыяльную базу. 51 адсотак акцый гродзенскага «Азота» застанецца за дзяржавай. Сам працоўны калектыў можа разлiчваць максiмум на 2-3 адсоткi акцый.

Прэзiдэнт канцэрна «Белнафтахiм» Iван Бамбiза дапоўнiў размову аповядам аб тых пераменах, якiя адбываюцца ва ўсiм нафтахiмiчным комплексе Беларусi. Ён назваў 130 тысяч нафтавiкоў i хiмiкаў краiны «адзiнай сям’ёй». Адно з вядучых беларускiх прадпрыемстваў – нафтаперапрацоўчы завод у Мазыры – здолела забяспечыць сваiм рабочым дастойныя ўмовы аплаты працы. За мiнулы год сярэдняя зарплата склала тут 367 тысяч рублёў.

На думку прэзiдэнта канцэрна, «гэта нават невысокая зарплата па цяперашнiх цэнах». Няблага зарабляюць не толькi ў Мазыры. Але гэта сёння. Для таго, каб забяспечыць сабе дзень заўтрашнi, патрэбна абнаўляць вытворчасць. Пры гэтым усе разумеюць важнасць нафтахiмiчнага комплексу для эканомiкi краiны. Таму такiя патрабаваннi да будучых iнвестараў, якiя пажадаюць набыць акцыi шасцi вядучых прадпрыемстваў беларускай нафтахiмii. Iван Бамбiза заявiў, што ўрад павiнен будзе пераканацца, што гэта «людзi прыстойныя i ў iх ёсць грошы». Потым будзе абвешчаны конкурс iнвестараў.

Такiм чынам, кiраўнiкi як прадпрыемства, так i канцэрна, пастаралiся супакоiць «азотчыкаў», што самое акцыянаванне – гэта справа, аддаленая па часе. Да таго ж, iнтарэсы людзей, якiя працуюць на гэтым прадпрыемстве, улады абавязкова ўлiчаць.

Трэба сказаць, што прысутныя ў зале з вялiкай доляю скептыцызму ўспрымалi гэткiя выказваннi. Нiчога добрага ад будучага акцыянавання народ не чакае. Але ўсе разумеюць, што як нi старайся, гэтых перамен ужо не пазбегнуць.

Пры галасаваннi сярод дэлегатаў канферэнцыi прадстаўнiкi Незалежнага прафсаюза заклiкалi прысутных выказацца супраць акцыянавання, паколькi пры вырашэннi такога важнейшага пытання як прыватызацыя ўлады фактычна вырашылi ўсё загадзя, без улiку думкi самiх азотчыкаў, i цяпер проста паставiлi людзей перад фактам. Але большасць дэлегатаў прагаласавала ўсё-такi за прыватызацыю.

Так што ўжо 18 сакавiка павiнна быць зарэгiстравана акцыянернае таварыства «Азот», i працэс пойдзе.

Раман ПЯТРОЎСКI

Назад