Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Скандалы

Гісторыя з Вольгай Корбут пакуль не скончана

Заходнi друк працягвае адсочваць сiтуацыю вакол Алiмпiйскай чэмпiёнкi Вольгi Корбут, якая была затрыманая палiцыяй пры спробе вынесцi з супер-маркету тавары на суму 19 даляраў ЗША. Апроч гэтага, у даўно пакiнутай хаце, дзе некалi жыла Корбут, знойдзеныя 30 тысячаў непраўдзiвых даляраў. Апошнi нумар «Atlanta Journal» змяшчае рэакцыю знаёмых гiмнасткi на гэтыя падзеi.

«Гэта ўсё безсэнсоўна. Калi б яна падрабляла даляры, чаму б яна тады крала?» – кажа ўладальнiк гiмнастычнай школы Дэвiд Дэй, якi ў 1991 годзе запрасiў Корбут на працу ў Атланту. «Я не думаю, што яна бедная. Яна вельмi эканомная з грашыма, таму што яна не мела iх доўгi час».

Дэй сказаў, што 46-гадовая Корбут была ўжытая, а потым адкiнутая савецкай спартовай машынай. Гэта сфармавала ейныя погляды на жыццё. «Кожны хоча кiраваць Вольгай. Усе абяцаюць ёй цэлы свет. Яна хоча верыць iм, але яе падманваюць».

На працы былую чэмпiёнку лiчаць строгiм трэнерам. Яна кажа, што амерыканскiя дзецi сапсаваныя гультаi, але бацькi гэтых дзяцей цвердзяць, што мець трэнерам Корбут – гэта вялiкi гонар. Мэнэджэр Вольгi Корбут – Кэй Ватэрфорд кажа, што былая гiмнастка вучыць дзяцей бясплатна, калi iхныя бацькi не маюць грошай на вучобу. Iншыя знаёмыя Корбут характарызуюць яе як схаваную ў сябе зменлiвую зорку, якая лiчыць, што ёй усе вiнаватыя.

Расiйская эмiгрантка Наташа Грымберг, якая ў 1990-ым годзе, у сувязi з Чарнобыльскай катастрофай, узяла да сябе ў хату сына гiмнасткi Рычарда кажа, што да сёння не мае за гэта нiякай падзякi. «Ёй не падабаецца кожны, хто сустракаецца на ейным жыццёвым шляху», – кажа Грымберг, – «Яна заўсёды мае побач тых, хто хочуць ёй дапамагчы, але яна – цяжкi чалавек для дапамогi».

Daily News пiша, што цяпер Корбут жыве ў запушчанай хаце каля Атланты са сваiм новым мужам, былым беларускiм бiзнэсменам, а цяпер разносчыкам пiццы, i нават суседзi не ведаюць, хто яна такая.

«Я думаю, што iнцыдэнт з Корбут вельмi сумны», – кажа Шанон Мiлер, якая дапамагла гiмнастычнай камандзе Злучаных Штатаў выйграць Алiмпiйскае золата ў 1996 годзе, – «а яна натхнiла многiх дзяўчынак прыйсцi ў гiмнастыку».

Румынскi трэнер Бэла Каролу, чыя школа прынесла Алiмпiйскае золата Надзi Каманэчы, i трэнер са Злучаных Штатаў Мэры Лу Рэтан пагадзiлiся, што Корбут «зрабiла выбух» у гiмнастыцы, але адзначылi, што «яна не была прыемным чалавекам як для сяброў па камандзе, так i для канкурэнтаў».

Нейкi час, пiша газета, Корбут вяла школу гiмнастыкi ў Ню-Джэрсi, якую пакiнула азлобленая, пасля таго, як бацькi паскардзiлiся на тыранскiя спосабы навучання.

Два гады таму, пасля разводу з Барткевiчам, – пiша Daily News, – Корбут пакiнула хату, дзе яны разам жылi i дзе пазней былi знойдзеныя непраўдзiвыя грошы. Суседзi кажуць, што пасля выезду Корбут яны заўважылi ў кучах смецця ейныя персанальныя памятныя рэчы. «Там быў ейны вясельны ўбор i ейны ж вялiкi партрэт, на якiм яна з залатымi алiмпiйскiмi медалямi,» – сказаў адзiн з суседзяў, а iншы дадаў: «Я бачыў асабiстыя фотаальбомы, дзе яна была сфатаграфаваная з Мухамэдам Алi, О’Джэй Сiмпсанам i Донам Кiнгам. Былi там i ейныя вясельныя фотаздымкi. Усё гэта сапраўды сумна».

Радыё «Свабода»

Назад