Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Мастацтва

Філасофская кераміка Кітая

Стыль i экзотыка. Тысячагадовая культура рытуалаў i сiмвалаў у старажытных i новых формах. Гонар сваёй нацыi i ўвасабленне яе традыцый. Так можна акрэслiць тое, што экспануецца ў Гродзенскiм дзяржаўным гiсторыка-археалагiчным музеi на выставе «Сучасная кiтайская керамiка».

Гродзенцы ўжо мелi магчымасць пазнаёмiцца з мастацтвам Кiтая ў мiнулым годзе. Гэтым разам у адной з залаў Новага замку размешчаны творы 37 сучасных мастакоў, якiя працуюць у буйнейшых цэнтрах керамiчнай вытворчасцi Кiтая.

Знакамiты кiтайскi фарфор i iншыя вiды керамiкi прынеслi краiне прызнанне. У экспазiцыi паказаны дэкаратыўная пластыка i розныя сасуды, створаныя ў другой палове 1990-х гадоў.

Гармонiя сiмвалаў Усходняй фiласофii, традыцыйныя натуральныя матэрыялы i фарбы, якiя, дарэчы, у Кiтаi з’явiлiся значна раней, чым у Еўропе. Адвечныя тэмы: прырода, чалавек, рэлiгiя, i нечаканае новае, постмадэрнiстскае мастацтва.

Так, сёння мастакi-керамiсты звяртаюцца да ўзораў керамiкi самых розных перыядаў, да запазычванняў з еўрапейскага мастацтва. Але кожны экспанат – цi то Бажаство шчасця, цi то набор кубкаў для вiна, цi стылiзаваная кансервовая банка з глiны, сведчаць аб недзвычайнай устойлiвасцi традыцый старажытнага кiтайскага маствацтва. Прастату, але i тонкасць гэтага павiнен заўважыць, здаецца, кожны наведвальнiк залы.

Асновы кiтайскай фiласофii адлюстроўвае i канцэпцыя стварэння выстаўкi, створаная супрацоўнiкамi музея (мастакi Аляксандр Жэўнаў, Чэслаў Рой i iнш.). Яна складаецца нiбы з 5 сектараў: цэнтр i чатыры бакi свету.

Дарэчы, нават прадстаўнiкi з кiтайскiх дэлегацый звычайна гавораць, што лепшае афармленне iх выставак у Гродне.

«Кiтай-для нас экзотыка. А народ iдзе на экзотыку,» – расказвае Юрый Вiктаравiч Кетурка, кiраўнiк мастацтвазнаўчага аддзелу, на пытанне аб колькасцi наведвальнiкаў.

I сапраўды, людзей звычайна вабiць нешта экстраардзiнарнае, або проста далёкае i нязвыклае. Але цiкава наведаць выставу хоць бы i проста таму, што дасягненнi менавiта ў керамiцы ставяць дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Кiтая на адно з першых месцаў у свеце.

Алена СТАСЮКЕВIЧ

Назад