Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Фотавыстава

«Бліжэй да Нёмана»

У зале Саюза палякаў на Беларусi адна з рэдкiх па цяперашнiм часе сустрэч з творчасцю замежных фотамайстроў. Тут адкрылася фотавыстава нашага госця з Рэспублiкi Польшча – Лешэка Твожыдло. Выстава мае назву «Блiжэй да Нёмана».

Сам Лешэк жыве ў Малапольшчы, належыць да Клуба мастакоў-фатографаў горада Катавiцэ. У лiпенi мiнулага года ўпершыню трапiў на Беларусь ў рамках мiжнароднага пленэру i закахаўся ў нашую зямлю. Таму i здымаў падчас вандроўкi па Гродзеншчыне вельмi многа. Сотнi фотаздымкаў папоўнiлi тады калекцыю Лешэка, якога ўразiлi непаўторныя краявiды Навагрудка i Аўгустоўскага канала, спакойны i магутны «Бацька Нёман», велiчныя помнiкi дойлiдства. На яго фотаздымках – поўныя ўнутранай прыгажосцi i годнасцi партрэты людзей, якiя жывуць у Прынямоннi.

Цiкава, што гэтыя працы Лешэка Твожыдло раней за беларусаў змаглi ўбачыць нашыя суседзi на Ўсходзе: выстава па вынiках памятнага пленэра летась была прадстаўлена ў Санкт-Пецярбурзе i Пскове. I вось цяпер – сустрэча з гродзенцамi.

Сам Лешэк – прыемны, ветлiвы, адкрыты людзям. Ахвотна распавядае пра сябе, сваю творчасць, першыя крокi ў фотамастацтве:

– Першыя здымкi я зрабiў яшчэ ў малодшых класах школы У мяне быў тады фотаапарат майго стрыя. Памятаю нават год – 1968. Пазней былi iншыя апараты, у тым лiку цудоўная «Змена-6». Цяпер здымаю, канечне, зусiм iншымi фотаапаратамi, сярод якiх i «Нiкан», i «Алiмпус». Займаюся, ў асноўным, партрэтнай фотаздымкай. Калi фатаграфую чалавека, то, найперш, з iм доўга размаўляю, мiнiмум паўгадзiны. Мушу зразумець яго душу. Толькi тады здымак будзе сапраўдным. У мяне ўласная фотастудыя, прыбыткi ад якой дазваляюць падарожнiчаць па свеце i займацца творчасцю. Вось i ў вас, на Беларусi, мы пабывалi ў мiнулым годзе. Мне вельмi спадабалiся мясцовыя людзi. Запомнiлiся сустрэчы ў вёсцы Нямнова, што ў ваколiцах Гродна. Вельмi сiмпатычныя, ветлiвыя людзi, з якiмi хочацца сустрэцца iзноў. Падабаецца ваш Нёман. Ён такi прыгожы. Калi ў дзяцiнстве чытаў творы Элiзы Ажэшка, у якiх гаварылася пра гэтую велiчную раку, вельмi хацелася пабываць тут. I я рады, што гэта атрымалася. Спадзяюся, што буду яшчэ мець магчымасць прыязджаць сюды яшчэ i ў далейшым.».

Мы таксама спадзяемся на новыя сустрэчы з творчасцю Лешэка Твожыдло. Фотамайстра, якога вызначаюць пачуццё прыгожага i прафесiйны досвед фатографа.

Мiхаiл ВАСIЛЕВIЧ

Назад