Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Абвінавачванні прад’яўлены. Але ёсць пытанні

Рэдактару зачыненай уладамi гродзенскай газеты «Пагоня» М.Маркевiчу i карэспандэнту Паўлу Мажэйку пракуратурай Гродзенскай вобласцi прад’яўлены абвiнавачваннi па артыкулу 367, частка 2 КК РБ: распаўсюджванне паклёпу на прэзiдэнта РБ.

Гэты артыкул КК прадугледжвае да 5 гадоў пазбаўлення волi. Крымiнальная справа, нагадаю, была ўзбуджана падчас прэзiдэнцкай выбарчай кампанii. У Маркевiча, да ўсяго, апiсана маёмасць: пральная машына, тэлевiзар, пылесос. Судовы выканаўца паставiў яму ўмовы заплацiць штраф у 500 тысяч рублёў да 18 лютага, iнакш маёмасць будзе канфiскавана.

Асудзiлi М.Маркевiча за ўдзел у акцыi, падчас якой гарадзенцы выказвалi сваё стаўленне да рашэння Вышэйшага гаспадарчага суду РБ, якi прыпынiў дзейнасць газеты. У аўторак, калi пiсаўся матэрыял, выканаўцы да Мiколы Маркевiча не прыходзiлi.

У артыкуле Паўла Мажэйкi «Iдзем на выбары» у 36 нумары газеты, наклад якой быў цалкам канфiскаваны следчымi ў гродзенскай друкарнi, былi такiя словы: «I ўрэшце рэшт, цi варты народнай падтрымкi чалавек, якi змагаецца з сваiмi апанентамi, забiваючы iх». Менавiта гэтыя словы сталi прычынай узбуджэння крымiнальнай справы. Па словах Паўла, ён бачыў у следчага экспертызу, праведзеную спецыялiстамi фiлалагiчнага факультэта Гродзенскага Дзяржаўнага унiверсiтэта iмя Я.Купалы, у якой гаворыцца, што гэтыя словы, згодна з кантэкстам, толькi агульная тэза, якую катэгарычна нельга аднесцi да асобы Лукашэнкi. Тады тым больш дзiўна, што Паўлу прад’яўлены абвiнавачваннi. Падобна Маркевiчу, Павал адмовiўся падпiсвацца пад паперай следчага А.Кулевiча i звярнуўся з хадайнiцтвам да пракурора вобласцi, у якiм запатрабаваў прыпынiць ягоны пераслед па палiтычных матывах. У дадатак да прад’яўленых абвiнавачванняў следчы Кулевiч узяў з М.Маркевiча, П.Мажэйкi падпiску аб нявыездзе.

Цiкава ў гэтай гiсторыi тое, што абвiнавачваннi журналiстам пракуратура прад’яўляе за распаўсюджванне паклёпу на прэзiдэнта праз iнтэрнэт, паколькi наклад газеты да чытачоў не дайшоў. На допыт выклiкаўся яшчэ адзiн супрацоўнiк «Пагонi» Аляксей Салей. Ён займаўся вёрсткай газеты i выстаўляў яе на сайт у iнтэрнэце. На допыце ён патлумачыў следчаму, што гэтыя нумары на сайт ён не рыхтаваў, паколькi кампутарная тэхнiка з рэдакцыi была канфiскавана супрацоўнiкамi пракуратуры. А гэта ўжо вельмi цiкавы факт. Паўстае пытанне: дык у чым вiнаваты журналiсты?

М.КАРНЕВIЧ

Назад