У Гродна з гэтай нагоды прыехалi госцi. Сярод iх выканаўчы дырэктар каардынацыйнага бюро Праграмы ТАСIС у нашай краiне Леанiд Арлоў i эксперт Еўрасаюзу па праекту «Падтрымка нацыянальных каардынацыйных бюро» Марцiн Хорселiнг. Яны сустрэлiся з прадстаўнiкамi абласных уладаў i недзяржаўных арганiзацый. Па словах гасцей, галоўнай мэтай сустрэчы было стымуляваць дыскусiю i прэзентаваць новыя праграмы.
Новая iнiцыятыва еўрапейскай праграмы ТАСIС складзена такiм чынам, каб падтрымлiваць партнерскае супрацоўнiцтва памiж няўрадавымi арганiзацыямi, мясцовымi i рэгiянальнымi органамi ўлады i некамерцыйнымi прафесiянальнымi арганiзацыямi з дзяржаў Еўрапейскага Саюза i адпаведнымi арганiзацыямi з дзяржаў СНД i Манголii.
Развiццё НДА на постсавецкай прасторы можа паскорыцца за кошт iх сумеснага ўдзелу ў праекце з еўрапейскай краiнай. Арганiзацыi-партнёры павiнны вырашаць аднолькавыя праблемы, хаця i знаходзяцца ў розных умовах. Сумесна яны будуць вызначаць мэты праекту i намячаць вынiкi, да якiх трэба iмкнуцца.
Як распавёў Леанiд Арлоў, заяўкi на ўдзел у праграме ТАСIС у тэрмiн да 8 красавiка могуць падаваць няўрадавыя арганiзацыi, якiя займаюцца праблемамi аховы здароўя, сацыяльнай галiны, абароны правоў спажыўцоў i навакольнага асяроддзя, а таксама прадстаўнiкi дзелавой сферы. Сярод пытанняў, якiя падтрымлiваюцца праграмай, правядзенне рэформаў у галiне кiравання i адмiнiстрацыйнай сiстэмы ў мясцовых органах улады. Заяўкi афармляюцца па-ангельску.
Што тычыцца памераў фiнансавання, якое можа прадаставiць Еўропа, то яно вагаецца ад 100 тысячаў еўра да 200 тысячаў еўра. Пры гэтым адна з абавязковых умоваў – тое, што па меньшай меры 20 адсоткаў сумы праекта павiнна ўкласцi ў справу сама партнерская арганiзацыя. А дзеянне праектаў разлiчана на тэрмiн ад 18 да 24 месяцаў.
Адрас, па якiм можна атрымаць неабходную iнфармацыю аб праграме:
European Commission EuropeAid Cooperation Office AIDCO-Unit A\3
L-41, 2\110 Rue de la Loi 200 B-1049 Brussels, Belgium.
Адрас электроннай пошты: europeaid-ibpp@cec.eu.int
Мiхаiл ВАСIЛЕВIЧ