Каб адстаяць свае правы
Выпрацаваць доўгатэрмiновую праграму дзеянняў з тым, каб паказаць уладам, што не дазволiм iм расправiцца з намi – такi лейтматыў «Круглага стала» праваабарончых арганiзацый i недзяржаўных СМI, якi адбываўся ў мiнулы аўторак ў Гродне.
Як асноўная i канкрэтная тэма падчас «Круглага стала» разглядалася сiтуацыя з газетай «Пагоня», якая была зачынена рашэннем ВГС, а супраць ейнага галоўнага рэдактара М.Маркевiча i карэспандэнта Паўла Мажэйкi працягваецца крымiнальная справа. Сярод удзельнiкаў «Круглага стала» Жана Лiтвiна, прэзiдэнт БАЖ, М.Пастухоў i Ю.Тапарашаў – юрысты прававога Цэнтру БАЖ, Гары Паганяйла, намеснiк старшынi БХК, прадстаўнiкi праваабарончай арганiзацыi «Вясна», Выканаўчага бюро асамблеi няўрадавых арганiзацый, журналiсты. Жана Лiтвiна ва ўступным слове зазначыла: калi зараз дапусьцiм, што ўлада расправiцца з «Пагоняй», то наступнымi будуць ўсе астатнiя: «Рабочы», «Народная воля», «БДГ» i iншыя выданнi, якiя падчас прэзiдэнцкай кампанii публiкавалi найбольш вострыя матэрыялы. Яна заклiкала сабраўшыхся згуртавацца i разам адстойваць свае правы з тым, каб улада бачыла, што мы не збiраемся здавацца. М.Пастухоў, вопытны юрыст, звярнуў асаблiвую ўвагу на тое, што з «Пагоняй» распраўляюцца за iх пазiцыю. Ён, дарэчы, i заклiкаў сабраўшыхся выпрацаваць доўгатэрмiновую праграму дзеянняў, каб паказаць уладам, што не дазволiм iм расправiцца з намi. Гары Паганяйла яшчэ раз звярнуў увагу на тое, у якой атмасферы мы зараз жывём. Ён параўнаў яе з той самай сiстэмай, якая была ў Нямеччыне перад Другой сусветнай вайной. На яго думку, беларускiя суды не ўяўляюць сабой нiякай улады, а выкарыстоўваюцца рэжымам, як рэпрэсiўны апарат. Таму няма анiякай надзеi на праваахоўныя ворганы. Ён таксама прааналiзаваў абвiнавачваннi, прад’яўленыя М.Маркевiчу i П.Мажэйку, i прыйшоў да высновы, што ў iх няма канкрэтных абвiнавачванняў, i назваў справу няйнакш, як «опусам». На яго думку, пры нармальнай прафесiйнай абароне такая справа адразу рассыплецца ў судзе. Але гэта можа быць у сапраўдным судзе. Г. Паганяйла ў склаўшайся сiтуацыi прапанаваў аб’яднаць намаганнi як праваабаронцам, так i СМI, i выступiць агульным фронтам. Зрэшты, як высветлiлася пасля выступу М.Маркевiча, не так ўсё добра ў дачыненнi з праваахоўнымi арганiзацыямi. Пазнаёмiўшыся са сваёй справай ў пракуратуры, ён убачыў там толькi два лiсты, накiраваныя з патрабаваннямi прыпынiць пераслед журналiстаў. Адзiн з iх быў ад БАЖ, другi – ад грамадскасцi Гродзеншчыны. Мiкола паставiў пытанне: як могуць спакойна пачувацца сябры арганiзацый, у статутах якiх першым пунктам запiсана: абарона правоў чалавека. Маркевiч распавядаў, як звяртаўся да мiжнародных арганiзацый, казаў, што не мае да iх прэтэнзiй. З крытыкай пагадзiлiся прадстаўнiкi праваабарончых арганiзацый i ўжо падчас «Круглага стала» прапанавалi канкрэтныя меры. Прыйшлi да высновы, што неабходна праявiць салiдарнасць, стварыць арганiзацыю калектыўнай бяспекi ўнутры краiны, пастаянна займацца распаўсюджваннем iнфармацыi для мiжнародных арганiзацый, а ў дачыненнi справы «Пагонi» стварыць iнфармацыйную хвалю з тым, каб не толькi ў Беларусi ведалi, але i ва ўсiм свеце, за што судзяць журналiстаў.
М.КАРНЕВIЧ
|