ЛIДА
На бальнічны ложак: з-за галадухі
Калi iнжынер-тэхнолаг Iван Л. адчуў слабасць, вырашыў папiць вады. Падыйшоў да фантанчыка, страцiў прытомнасць i звалiўся на зямлю. Яго накiравалi ў шпiталь. Два тыднi праляжаў на бальнiчным ложку iнжынер аднаго з лiдскiх прадпрыемстваў. Дыягназ яму дактары паставiлi зусiм незвычайны: галоднае абамленне. Галоднае iснаванне iнжынера тлумачыцца проста: заробак складаў не сто даляраў, як дэкларуюць па тэлевiзару, а 80 тысяч беларускiх рублёў. Жыве чалавек за сем кiламетраў ад Лiды з бацькам, у якога пенсiя яшчэ меншая. Падымаецца ў пяць гадзiн ранiцы, дабiраецца прыгарадным аўтобусам у Лiду на працу. Увечары знясiлены вяртаецца дамоў. Харчаванне мужчыны беднае: хлеб, малако, кефiр, булка ды сякi-такi суп. Пра мясныя прадукты дай Бог узгадаць толькi перад святам, ды на iх, як i на лекi, грошай не стае.
Вось так жывуць прадстаўнiкi тэхнiчнай iнтэлiгенцыi. Зрэшты, цi толькi яны?...
С.ВАЛОШКА
|