У СУДЗЕ
Наступная спроба: «Мужыцкая праўда»
Гродзенскi гарвыканкам адмовiў рэдактару зачыненай уладамi газеты «Пагоня» Мiколу Маркевiчу ў размяшчэннi ў горадзе новага выдання пад назвай «Газета Пагоня»
Пасля таго, як 12 лiстапада рашэннем Вышэйшага гаспадарчага суду РБ была зачынена гродзенская газета «Пагоня», яе галоўны рэдактар М.Маркевiч зарэгiстраваўся па месцу жыхарства як iндывiдуальны прадпрыймальнiк. Асноўны вiд дзейнасцi, якi запiсаны ў ягоным новым пасведчаннi: выпуск газеты. Мiкола распачаў збiраць патрэбныя дакументы для рэгiстрацыi новага выдання. Накiраваў заяву i ў Гродзенскi гарвыканкам з просьбай даць згоду на размяшчэнне выдання ў горадзе, як гэтага i патрабуе заканадаўства. 27 лютага ён выпадкова пацiкавiўся ў Агульным аддзеле выканкама, цi прынята рашэнне па ягонай заяве. Аказалася, што рашэнне было прынятае яшчэ 20 лютага, але пiсьмовы адказ за цэлы тыдзень да Маркевiча так i не патрапiў. Праўда, копiю яму адразу выдалi на рукi. У адказе гаворыцца, што выканкам прыняў пад увагу той факт, што назва новага выдання практычна iдэнтычная назве газеты «Пагоня», якая была закрыта рашэннем ВГС i галоўным рэдактарам якой быў той самы Маркевiч. А таму выканаўчы камiтэт лiчыць, што iмкненне зарэгiстраваць выданне «Газета Пагоня» з’яўляецца спробай абыйсцi рашэнне ВГС РБ i аднавiць выданне газеты «Пагоня» пад iншай, але тоеснай назвай. На гэтай аснове выканкам выносiць рашэнне: адмовiць Маркевiчу ў згодзе на размяшчэнне ў горадзе гэтага выдання. Подпiс старшынi гарвыканкама – А.Антоненка. Абураны Маркевiч пайшоў да старшынi гарвыканкама i, натуральна, выказаў яму тое, што лiчыць такое рашэнне незаконным i абсурдным. У сваю чаргу, па словах М.Маркевiча, Антоненка яму прапанаваў звяртацца са скаргай хоць у суд, але, маўляў, любы суд будзе на ягоным баку. Тым часам насамрэч Маркевiч рыхтуе заяву ў суд, а таксама яшчэ адну заяву ў гарвыканкам на размяшчэнне яшчэ аднаго выдання пад назвай «Мужыцкая праўда». Ён лiчыць, што гэта назва найбольш яскрава нагадвае аб тым, што з часоў Кастуся Калiноўскага ў Беларусi практычна нiчога не памянялася: як не меў беларус нiякiх правоў у сваёй краiне, так i дагэтуль не мае.
М.КАРНЕВIЧ
|