СВIСЛАЧ
Нязломны Кузьма
Анатоль Кузьма, дырэктар Свiслацкага кормаадкормачнага пункту, былы старшыня райвыканкама, дэпутат Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу РБ адмаўляецца падпарадкавацца ўжо трэцяму рашэнню суда.
Як пiсала «БI» у адным з папярэднiх нумароў, дырэктар корманарыхтоўчага пункта А.Кузьма адхiлiў ад працы вадзiцеля аўтобуса В.Мухiна быццам за тое, што па яго вiне адбылося дарожна-транспратнае здарэнне, i ад гэтага пацярпела жанчына. Як высветлiлася ў судзе, пацярпелая жанчына не мела прэтэнзiй да вадзiцеля, паколькi падвярнула нагу сама. Гэта ж засведчыла i экспертыза ДАI. Атрымалася, што А.Кузьма незаконна адхiлiў чалавека ад працы. Такое рашэнне вынес i Свiслацкi раённы суд, абавязаўшы Кузьму ўзнавiць В.Мухiна на працы i выплацiць яму страчаны заробак. Гэта ж рашэнне было прынята i калегiяй абласнога суда. Тым не менш В.Мухiн на працы не адноўлены, А.Кузьма нават спiсаў аўтобус, на якiм той працаваў. Кузьма прапаноўваў Мухiну ў якасцi працы iсцi i вязаць венiкi. Абураны кiроўца вымушаны быў iзноў падаць скаргу ў раённы суд. Гэтым разам А.Кузьма прывёў на паседжанне суду чуць цi не ўвесь калектыў кормаадкормачнага пункту. Але сведкi пачалi блытацца ў сваiх паказаннях. Суд вынес рашэнне аднавiць Мухiна на працы ў якасцi вадзiцеля, выплацiць Мухiну вымушаны прагул у памеры 250000 рублёў i кампенсацыю за маральную шкоду ў памеры 500000 рублёў за кошт кормаадкормачнага пункта. Дарэчы, здзiўляе той факт, што суд абавязаў выплочваць грошы калектыву кормаадкормачнага пункта, паколькi ва ўсiм гэтым вiнаваты асабiста А.Кузьма. Хай бы ён i плацiў. Зрэшты, у судзе разглядаецца яшчэ адзiн iск да Кузьмы. Гэтым разам ад раённага пракурора.
Дзiву даешся: няўжо на гэтага А.Кузьму няма анiякай управы. Колькi рашэнняў яшчэ вынясуць суды розных iнстанцый? Сапраўды, можна ўзгадаць словы паэта: «Гвозди бы делать из этих людей, не было б в мире крепче гвоздей». Тым часам В.Мухiн i надалей застаецца без працы. I надалей у Свiслачы стаiць адноўлены бюст Сталiну, якi летась падчас кiраўнiцтва Кузьмой раёнам, з’явiўся на Алеi герояў. Вось гэта дык справы. М.АКСАМIТ
|