Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Слова пра прафесара Міхася Ткачова

10 сакавiка споўнiлася б 60 гадоў вядомаму беларускаму навукоўцу, грамадскаму i палiтычнаму дзеячу, настаўнiку Мiхасю Ткачову. Сёлета ж, 31 кастрычнiка, споўнiцца 10 гадоў з дня смерцi гэтай ўнiкальнай асобы. 50 год жыцця гэта шмат цi не? Нават для сярэднестатыстычнага веку гэта мала. А што казаць пра гiстарычны час. Усё яго кароткае жыццё сталася яскравым прыкладам самаадданага служэння Бацькаўшчыне i беларускаму народу. Па сённяшнi дзень для шматлiкiх людзей ён застаецца настаўнiкам, сябрам i паплечнiкам.

Праз 10 год зрабiлася яшчэ больш вiдавочным, што лакуна, якая з’явiлася ў духоўным жыццi Беларусi з адыходам Мiхася Ткачова, так i не запоўнiлася. Занадта вялiкая ды ўнiверсальная была асоба... I не толькi па памерах i маштабе спраў. Аўра, якую гэты чалавек праменяваў, надавала непаўторнасць i значнасць усяму, да чаго ён дакранаўся, да чаго меў дачыненне. Для яго мiнулае, сучаснасць i будычыня былi непарыўна знiтаваныя. З’яўляючыся адначасова гiсторыкам i палiтыкам, археолагам, арганiзатарам i актыўным дзеячом беларускага Адраджэння апошняй чвэрцi ХХ ст. Складваецца ўражанне, што ён жыў у чатырох вымярэннях.

Доктар гiстарычных навук, прафесар Мiхась Ткачоў нарадзiўся ў старажытным беларускiм горадзе Мсцiславе ў сям’i настаўнiкаў Алеся Рыгоравiча (загiнуў у 1942 г. пад Ленiнградам, не даведаўшыся аб нараджэннi сына) i Дамiнiкi Сямёнаўны. Багатая гiсторыя роднага гораду, яе матэрыяльныя рэшткi ў выглядзе Замкавай гары, царквы Аляксандра Неўскага, касцёлаў i кляштараў кармелiтаў i езуiтаў моцна паўплывалi на станаўленне рамантычнай асобы будучага навукоўца. З другога боку цяжкае i паўгалоднае паваеннае жыццё ў сталiнскiм i постсталiнскiм Савецкiм Саюзе, нясправядлiвасць i здзек над людзьмi функцыянераў камунiстычнай партыi i чыноўнiкаў савецкай улады спрычынiлiся да ранняга духоўнага i грамадзянскага сталення.

У 1959 г. Мiхась Ткачоў паступае на гiстарычны факультэт БДУ. Менавiта з гэтага часу ён канчаткова «захварэў» сярэднявечнай гiсторыяй беларускага народу. Але вучоба пачалася не адразу. Бо «разумнiкi» з мiнiстэрства адукацыi прыдумалi чарговы, тыповы для бальшавiкоў, загад: школьнiкi, якiя не мелi двух гадоў працоўнага стажу, першы курс вучылiся завочна. Гэта значыць будучыя iнтэлiгенты павiнны былi прайсцi рабочую загартоўку. Адаптацыя да тагачаснага Мiнску таксама праходзiла балюча. Мiхась Ткачоў, правiнцыяльны хлопец з рамантычнай душою, ехаў у беларускую сталiцу як у духоўны цэнтр сваёй Бацькаўшчыны, а яго сустрэў чужы расiйскамоўны горад. Аднак тут ён знайшоў сваё патрыятычнае асяроддзе. Малады Мiхась Ткачоў знаёмiцца з Станiславам Пятровiчам Шушкевiчам (бацькам Станiслава Шушкевiча), беларускiм паэтам якi нядаўна вярнуўся з ГУЛАГу, з Сушынскiм Язэпам Францавiчам, паплечнiкам Янкi Купалы яшчэ па працы ў суполцы «Загляне сонца i ў нашае ваконца» i iнш.

Пасля заканчэння ў 1964 г. вучобы ва ўнiверсiтэце Мiхась Ткачоў быў размеркаваны на працу настаўнiкам у г. Жодзiна. Праз 4 гады, у 1968 г., ён паступае ў аспiрантуру пры Iнстытуце гiсторыi АН Беларусi, праўда, па спецыяльнасцi не гiсторыя, а археалогiя. У вынiку атрымалася нават лепей. Лёсам было наканавана, каб ён стаў не кабiнетным навукоўцам, а рамантыкам-археолагам. Мiхась Ткачоў адным з першых не толькi на Беларусi пачаў працаваць на мяжы гiсторыi i археалогii, вывучаючы абарончае дойлiдства Вялiкага княства Лiтоўскага ў сярэднявечныя часы. Мiхась Ткачоў без перабольшвання быў пачынальнiкам новага накiрунку ў археалогii на еўрапейскай частцы Савецкага Саюзу – «гiстарычнай археалогii». У даследаваннях гiсторыi Беларусi сярэднявечнага перыяду ён пачаў актыўна выкарыстоўваць археалагiчную навуку. Заслуга Ткачова i ў тым, што культурныя напластаваннi XIV-XVIII стст. у нашых старажытных гарадах не знiшчаюцца экскаватарамi Сёння гэта ўжо агульнапрызнаная галiна сучаснай археалогii, якая паспяхова развiваецца на Беларусi, Польшчы, Лiтве, Украiне.

Пачынаючы з 1968 г. i да апошнiх дзён прафесар Ткачоў прысвяцiў сябе беларускай навуцы. Iм напiсана каля 200 навуковых прац, з iх 10 кнiг (уключаючы раздзелы ў калектыўных манаграфiях). У 1972 г. ён абаранiў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Ваеннае дойлiдства Беларусi XIII-XVIII стст. (па помнiках паўночна-заходняй i паўднёва-заходняй Беларусi)». Праз 15 год, у 1987 г., Мiхась Ткачоў паспяхова абаранiў доктарскую дысертацыю «Арганiзацыя абароны гарадоў Беларусi XIV-XVIII cтст.» На падставе гэтых дысертацый стваралiся кнiгi, якiя ў адначас разыходзiлiся памiж спецыялiстамi i звычайнымi чытачамi. Гэта Замкi Беларусi (1-е выд. 1977 на беларускай мове, 2-е выд. 1987 г. – па-руску); Абарончыя збудаваннi заходнiх зямель Беларусi XIII-XVIII стст. (1978); Замкi i людзi (1991).

Мiхась Ткачоў у сваiх працах паказаў генезiс, эвалюцыю i этапы развiцця абаронча-замкавай архiтэктуры на беларускiх землях.

Прафесар М.Ткачоў не паспеў выгадаваць сваiх аспiрантаў, фармальна стварыць сваю школу. Аднак у яго былi паплечнiкi i вучнi, неабыякавыя да сярэднявечнай гiсторыi i археалогii – Алег Трусаў, Лявон Калядзiнскi, Тацяна Бубенька, Алесь Краўцэвiч, Iгар Чарняўскi, Генадзь Сагановiч, Андрэй Мяцельскi i iнш. Кожнага з iх характарызуюць актыўная патрыятычная i грамадзянская пазiцыя, высокi прафесiяналiзм i высокiя маральна-этычныя нормы. Менавiта гэтыя асобы шмат у чым сёння вызначаюць развiццё айчыннай медыявiстыкi.

З 1978 г. лёс на доўгiя 12 год звязаў Мiхася Ткачова з Гродна. Ён з асаблiвай любоўю ставiўся да горада над Нёманам, вельмi часта i не без падстаў называў яго «сапраўдным музеям пад адкрытым небам». М.Ткачоў вельмi шмат зрабiў для захавання гiстарычнай памяцi, помнiкаў i культурных месцаў Гродна. Выдатны навуковец, таленавiты выкладчык, актыўны грамадскi дзеяч, ён пакiнуў значны след у жыццi i душах шматлiкiх гарадзенцаў розных узростаў. Дай Бог кожнаму з нас, народжаным на гарадзенскай зямлi, падобным чынам клапацiцца аб лёсе гэтага ўнiкальнага горада. Калi сёння запытаць студэнтаў-гiсторыкаў 1978-1989 гадоў, якiя ў iх ўражаннi ад вучобы ў Гродзенскiм унiверсiтэце, кожны успомнiць лекцыi па гiсторыi, археалогii i культуры Мiхася Ткачова.

Плённую навуковую i педагагiчную працу М.Ткачоў спалучаў з актыўнай грамадскай i палiтычнай дзейнасцю. У канцы 80-х гадоў ХХ ст. Ён быў адным з заснавальнiкаў i доўгачасовым лiдарам гарадзенскага гiсторыка-культурнага i палiтычнага клубу «Паходня». Клуб «Паходня» зрабiўся сапраўдным цэнтрам дэмакратычнага руху горада, гэта была ўнiкальная школа жыцця i патрыятызму для маладых удзельнiкаў клуба. Большасць актыўных сябраў яго i сёння з’яўляюцца палiтычнымi лiдарамi дэмакратычнага i патрыятычнага руху ў Гродне. Як тады перапалохалiся ахоўнiкi савецка-камунiстычнай iдэi! Было арганiзавана дзiкае цкаванне Мiхася Ткачова i сябраў «Паходнi», запалохванне студэнтаў дэканамi i рэктарамi, абраза iнтэлегенцыi. У 1989 г. тагачасны дэкан гiстарычнага факультэту Гродзенскага дзяржунiверсiтэту апублiкаваў (па «сацыяльнаму заказу») артыкул супраць М.Ткачова ў газеце «Гродзенская праўда». Яго не спынiла нават тое, што Ткачоў у гэты час знаходзiўся ў шпiталi ў цяжкiм стане. У 1989 г. праф. М.Ткачову прыйшлося пакiнуць мiлы яго сэрцу горад Гродна i пераехаць жыць i працаваць ў Мiнск. Працуючы ў рэдакцыi выдавецтва Беларуская Энцыклапедыя (спачатку кiраўнiком гiстарычнай рэдакцыi, а пазней галоўным рэдактарам), Мiхась Ткачоў быў iнiцыятарам стварэння фундаментальных энцыклапедый па археалогii i нумiзматыцы Беларусi, а таксма шасцiтомнага выдання Энцыклапедыя Гiсторыя Беларусi.

На ад’езд з Гродна паўплывала i тая непрыемная атмасфера, якую стварылi вакол яго iмя i асобы пэўныя людзi i палiтычныя сiлы ў горадзе. Але найважнейшай прычынай, каб пакiнуць Гродна, было нацыянальнае Адраджэнне, якое выбухнула ў канцы 80-х.

Актыўная грамадзянская i патрыятычная пазiцыя Мiхася Ткачова не дазваляла яму знаходзiцца на ўскрайку бурлiвых пераменаў, якiя адбывалiся на тэрыторыi спарахнелага Савецкага Саюзу. Ад самага пачатку, з чэрвеня 1988 г., ён знаходзiўся ў першых шэрагах адраджэнцаў Беларусi. У гэты час Мiхась Ткачоў абiраецца намеснiкам старшынi Сойму Беларускага Народнага Фронту. Ён быў адным з iнiцыятараў, а потым актыўным стваральнiкам сацыял-дэмакратычнага руху Беларусi. У сакавiку 1991 г. Мiхась Ткачоў быў абраны старшынёй Цэнтральнай Рады Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады.

Прафесар Мiхась Ткачоў – гэта не проста гучнае iмя вядомага вучонага i палiтычнага дзеяча. Для большасцi людзей, якiя яго ведалi асабiста, ён быў у першую чаргу добрым чалавекам, уважлiвым настаўнiкам i сябрам. Адкрыты для кожнай цiкавай i арыгiнальнай прапановы, ён сам генерыраваў iдэi, большасць з якiх апярэдзiлi свой час i толькi цяпер пачынаюць усведамляецца i рэалiзоўвацца намi. У адным з сваiх апошнiх iнтэрв’ю ў 1992 годзе на пытанне «што Вы лiчыцце сёння галоўным у жыццi Беларусi?» Мiхась Ткачоў адказаў: «Лiчу важнейшым i неабходным кожнай партыi, кожнаму чалавеку стаць «дзяржаўнiкамi»: усiмi сiламi i сумеснымi намаганнямi мацаваць суверэнiтэт i незалежнасць Бацькаўшчыны, ствараць цывiлiзаванае, салiдарнае, дэмакратычнае грамадства.» Час у нашай краiне спынiўся, i словы Настаўнiка актуальныя i сёння.

Генадзь i Альбiна СемянчукI

P.S. Клуб «Паходня» 10 сакавiка 2002 г. арганiзоўвае памятную вечарыну, прысвечаную 60-годдзю з дня нараджэння праф. Мiхася Ткачова. Вечарына адбудзецца ў 17.00 у памяшканнi Гарадскога Дому Культуры. Запрашаюцца ўсе, хто ведаў альбо хоча даведацца пра Мiхася Ткачова.

Назад