Выстава
«Пад небам толькі ты і толькі я...»
Выстава пад такой назвай адкрылася 4 сакавiка ў галерэi Тызенгаўза. Яна, як зазначыла гаспадыня галерэi спн. Галiна Сарока, прысвечана жанчынам з нагоды надыходзячага 8 сакавiка.
Менавiта гэткiм чынам вырашылi павiншаваць прыгожы пол са святам гродзенскiя мастакi-мужчыны: супрацоўнiкi кафедры выяўленчага мастацтва ГрДУ Антон Ляшчынскi, Гары Мазураў, Аляксей Багустаў, Сцяпан Янкоўскi, Анатоль Бурчык, Iван Русачак, выкладчык вучылiшча мастацтваў Анатоль Скамарошчанка, дырэктар мастацкай школы Iван Грыцкевiч. Зразумела, што i тэматыка iх твораў была адпаведнай. Жанчыны на карцiнах паўставалi рознымi, але нязменна прыгожымi. Вобразы жанчыны-анёла, жанчыны-музы, жанчыны-пачуццёвасцi пазiралi з палоцен i, здавалася, адчувалi сябе цалкам у гармонii з пейзажнымi замалёўкамi i кветкавымi кампазiцыямi.
Разынкай выставы сталi драўляныя статуэткi скульптара Мiкалая Скляра, а пэўную закончанасць усёй гэтай красе надало музычнае афармленне Уладзiмiра Захарава.
За жанчын падымалiся келiхi з чырвоным вiном, i ў iх адрас гучала безлiч цудоўных словаў. «Каб заўсёды побач з жанчынамi была прыгажосць i шчодрыя мужчыны, – пажадаў Антон Ляшчынскi. – А калi мужчына мастак, то хай ён займаецца мастацтвам толькi тады, калi яго жанчыне ёсць чым заняцца.»
Людмiла ЯКШУК
|