Святы Казімір – заступнік Літвы
Жарты, смех, песнi, музыка, гандаль, вясёлыя твары людзей, то сонейка, то снег – усё гэта тры днi панавала ў старажытнай Вiльнi. Горад i цэлая краiна святкавалi дзень святога Казiмiра, альбо, як кажуць лiтоўцы – Казюкас. Падчас здавалася, што ты трапiў у сапраўдны Вавiлон, ад гэтага цяпло i весела на душы. Такое забытае пачуццё...
Нейкi час я прыпынiўся побач з Вiленскай ратушай, каб паназiраць за iтальянцамi. Жанчына ўвiшна разглядала пляцёныя кошыкi. Яна перабiрала то большы, то потым меншы, як бы гублялася i не магла падабраць нечага адпаведнага. Высокi мужчына з загарэлым тварам з непрыхаваным здзiўленнем больш разглядаў людзей i напэўна намагаўся зразумець: адкуль, куды i навошта. У гэты час падаў даволi густы снег. Цёплая дублёнка i зiмовая шапка на iтальянцу яўна сядзелi незвычайна: яны неадпавядалi ягонаму памеру. А ён смачна зацягваўся цыгаркай i задаволена круцiў галавой, пераходзячы з аднаго мейсца на другое, паколькi яго пастаянна падцiскалi ўсё новыя i новыя людзi. Нарэшце куплены маленькi кошык, але рука адразу пацягнулася да суседняга столiка, дзе ляжала мноства ўпрыгожванняў з каляровага шкла. Мужчына мiла ўсмiхаўся, але праз некаторы час загаварыў са сваёй паненкай. Iтальянскую мову цяжка зблытаць з якой-небудзь iншай.
Мы прыехалi ў Вiльню пад абед i хацелi прыпаркавацца дзе-небудзь блiжэй да цэнтра. Нават праехаць па вузенькiх вулачках было праблематычна. Паўсюдна людзi, у адзiн i другi бок з закупамi: сувенiрамi i патрэбнымi ў гаспадарцы рэчамi. Найбольш кiдаюцца ў вочы пляцёныя кошыкi i карзiны. Яны такiя розныя: адныя проста, каб хадзiць у краму цi па грыбы, у iншыя можна складваць бялiзну, альбо цыбулю, альбо нешта пакласцi, як ў чамаданчык, закрыць покрыўкай, i спакойна насiць. Практычна ў кожнага ў руках вербачкi: самых розных коляраў i памераў. Але гэта не проста вербачкi, гэта толькi лiтоўскiя вербачкi. Падобных не робяць нi беларусы, нi палякi. Колькi любовi здольнасцi трэба прыкласцi, каб з сухiх кветачак цi каласкоў выплесцi такую прыгажосць.
А вось дзядзька на плячах цягне драўлянага мядзьведзя, аж пакрэквае. Нiчога дзiўнага – той зроблены з цэльнага дрэва, лiчы – нясеш на плячах добрае браўно. А вось яшчэ маладая пара: ў руках вялiзныя каваныя вешакi, i дзяўчына так зухавата ўпiраецца. Магчыма побач недзе iх машына, бо iнакш на тварах не было б такога здаровага аптымiзму. Усё «герай», як кажуць лiтоўцы..
– Юзэф, хоць, шыпцей – махае задаволеная кабета – патч цо зналезла, якi сурвэткi... У беднага Юзэфа заплечнiк адцягвае спiну, трымае ў руцэ шапку, расшпiлiў куртку i з валасоў валiць пара. Так упрэў бядняга.
– Прашом, прашом – паказвае свой тавар маладзенькая лiтоўка. – Ачю, ачю лабай, – дзякуе за пакупку.
Злева мiнаюць два мужчыны ў чорных палiто i без шапак, у iх няма нiчога ў руках, але словы «костэн», «нiхт тоер», «гут» – мне знаёмы з нямецкай.
– Сигареты, нет, только такие, извини старик, дешевле не могу.
Тут расклалi на бруку вогнiшча i ў вялiкiм катле нешта гатуюць. Побач прадаюць шашлыкi, стаяць драўляныя столiкi, абгароджаныя абцясанымi друкамi. Гэта сапраўднае сярэднявечча. Прадаюць каня i гусей.
– Васiль, я тут у краму злётаю, глядзi, нiкуды не адыходзь, – даносiцца родная мова незнаёмых людзей.
Дзесяць метраў iдзём паўгадзiны. Вулачка вузкая, а нейкая пераапранутая джаз-банда маладых музыкаў выдае незнаёмыя песнi. Народ не хоча праходзiць, кiдаюць грошы, асаблiва задаволены дзецi, танцуюць.
Далей дзядзька з 30-х гадоў, грае на акардэоне, на самым рагу вулiцы i на вузенькiм ходнiку, а побач бляшанка пад грошы. I шапка на iм такая, як у 30-я, i акардэон стары, i бляшанка, як у тыя часы.
Вочы разбягаюцца на гэтым свяце. Ад катэдры i да самой Вострай брамы вулiца ператварылася ў кiрмаш. Бары i кавярнi працуюць да самае ночы. Гандлюць..., чым толькi не гандлююць. Сюды з’ехалiся рамеснiкi з усяе Лiтвы. А ўяўляю, што рабiлася на гэтых вузенькiх вулачках, калi ў сярэднявеччы сюды з’язджалiся рамеснiкi з усяго Вялiкага княства Лiтоўскага...
Жанчына з Клайпеды, у якой я набываю сувенiры, распавядае, што яны пачынаюць працаваць ад чатырох гадзiн ранiцы i да позняга вечара. Да дзесяцi гадзiн яшчэ можна прайсцi больш-менш вольна, а потым вулiца ператвараецца ў раку, толькi з двума цячэннямi. Так i было на самай справе.
З гiсторыi i легендаў
Каралевiч Казiмiр быў нашчадкам славутага роду Гедэмiнавiчаў. Яго бацька – Казiмiр Ягелон, Вялiкi князь Лiтоўскi i кароль Польскi. Мацi – Эльжбета з роду Габсбургаў, дачка iмператара святой Рымскай iмперыi. У Казiмiра было пяць сясцёр i пяць братоў . Амаль усе яны параднiлiся з князямi Германii i сталi каралямi. I толькi адзiн наш святы Казiмiр, у гонар якога i ладзiцца гэта свята з сярэнявечча, не iмкнуўся да ўлады – ён стаў святым. Разам з братамi i сёстрамi атрымаў выдатную па тых часах адукацыю. Ягоны настаўнiк, польскi гiсторык Ян Длугаш, так пiсаў пра свайго вучня: «Прыгожы, на рэдкасць здольны i вельмi разважлiвы юнак». Каралевiч Казiмiр добра ведаў гiсторыю, валодаў некалькiмi замежнымi мовамi, любiў вершы i пiсаў iх сам. Акрамя таго, што быў разумны, да ўсяго быў прыгожы i прывабны, падцягнуты i чорнавокi. Праўда, у хуткiм часе ягоныя настаўнiкi адзначалi асаблiвую набожнасць юнака. Ён уставаў i клаўся спаць з малiтвай, не любiў пустых забаваў, жыў проста i дапамагаў бедным, абяздоленым i калекам. «Пасля Бога найбольш трэба любiць праўду i справядлiвасць», – так казаў каралевiч Казiмiр. На жаль, пражыў каралевiч толькi 25 гадоў. Ён памёр ад чахоткi ў нашым Гродне ў 1484 годзе, 4 сакавiка. Тут ён жыў у Старым замку разам з сваёй свiтай. Яго астанкi былi перанесены ў Вiльню i захаваны ў Кафедральным касцеле. Людзi прыходзiлi да ягонай магiлы i малiлiся. Гэта месца было прызнана цудатворным.
Аднак найвялiкшае цуда святога Казiмiра прыпадае на 1518 год. Згодна легенды, тады на землi Вялiкага княства Лiтоўскага напала шматлiкае войска Масковii. Яны збiралiся захапiць Полацк. Невялiкi атрад вялiкакняскiх воiнаў не мог прыняць бой. Тады кароль Жыгiмонт Старэйшы папрасiў аб дапамозе свайго памёршага брата Казiмiра. Здзiўленыя воiны раптам пабачылi ў хмарах юнака ў белых адзеннях i на белым канi. Абадзёраныя такiм цудам, яны абаранiлi свой горад ад маскоўцаў. Вось такая прыгожая легенда.
У 1602 годзе папа Клеменс VIII аб’явiў Казiмiра святым. З тае пары ён i стаў заступнiкам Лiтвы. У тыя часы i тэрыторыя сучаснай Беларусi ўваходзiла ў ВКЛ: у адной дзяржаве два народы пражылi 500 гадоў. Зрэшты, гэта вядома цяпер кожнаму школьнiку.
I больш пяцi стагоддзяў святы Казiмiр апякуецца Лiтвой у гады цяжкiх выпрабаванняў. Дарэчы, апякуецца ён i намi, толькi мы пра гэта не ведаем, можа папросту не хочам гэтага ведаць. Падчас вясеннiх кiрмашоў лiчылася, што «без Казюка – няма руху».Майстры i рамеснiкi верылi ў свайго заступнiка i ведалi, што гандаль iм заўёсёды ўдасца. Вераць яны i дагэтуль, i вера гэта спраўджваецца.
Вось адсюль i Казюкас – так шануюць яго людзi ў Лiтве з часоў сярэднявечча. I з тых часоў кожны год у Вiльнi ладзiцца свята святога Казюкаса, падчас якога i праводзiцца цудоўны кiрмаш рамеснiкаў з усяе краiны. Аб iм ведаюць у Еўропе, а таму з задавальненнем, калi стала магчымасць, пачалi прыязджаць сюды турысты.
Адна цiкаўная дэталь. На вулiцах, як павялося, гандлюць толькi рамеснiкi, i нiякiх выяздных крамаў з гарэлкай, шапiкаў з мясакамбiнатаў, калгасаў i саўгасаў няма. Цэлы стары горад i так у барах i кавярнях, кожны дзень, i нават без свята. Зрэшты, няма п’яных. Людзi толькi заходзяць туды з’есцi гарачай стравы, папiць пiва. Калi не ў адным, то ў iншым бары абавязкова можна знайсцi месца, каб сесцi нават цэлай кампанiяй. Зрэшты, у старой Вiльнi можна паспрабаваць любую кухню: лiтоўскую, польскую, кiтайскую, карэйскую, японскую, iтальянскую... I нiкому ў голаў не стрэлiць вывозiць на вулiцу прадаваць гарэлку, як гэта робiцца ў Гродне. Дарэчы, i смецце за сабой прыбiраюць майстры i рамеснiкi самi, не ствараючы дадатковых праблем для камунальных службаў.
I яшчэ адна цiкавостка. Адзiн лiтоўскi гiсторык распавядаў мне, што ў часы сярэднявечча ў дзень святога Казюкаса падчас кiрмаша, закаханыя маладыя людзi дарылi адзiн аднаму падарункi, якiя набывалi ў майстроў. Але гэта традыцыя чамусцi знiкла. Цяпер i ў Лiтве святкуюць дзень святога Валянцiна.
А што ў нас?
Распавядалi, што ў нядзелю ў нашым горадзе Казюкi праводзiў Саюз палякаў Беларусi. Сабралi каля 30 рамеснiкаў у скверы на Савецкай плошчы. Напiсалi iм бэджыкi па-польску, уручылi дыпломы ад СПБ, пацешылiся, парадавалiся i можна сказаць, аднавiлi свята. Ушанавалi народную традыцыю i, святога Казiмiра. Нiкому не скардзiлiся пра фiнансавыя цяжкасцi, наколькi маглi, зрабiлi рэкламу ў газетах. Прыходзiлi людзi, нешта набывалi i задаволеныя разыходзiлiся. А вось што датычыць цэлых аддзелаў культуры з гар – i аблвыканкама, то да народнага свята нiхто i рукi не прыклаў. Напэўна, не ведаюць, або не дазваляюць, альбо няма грошай, альбо яшчэ якой трасцы.
М.КАРНЕВIЧ
|