Гэтым разам выстава размясцiла творы цэлай плеяды зорак беларускага мастацтва, акадэмiкаў i стыпендыятаў Акадэмii мастацтваў.
Адначасова тут размешчаны i працы польскiх мастакоў, прысвечаныя знакамiтаму майстру.
Выстава стартавала з Мiнску. Цяпер вандруе па мясцiнах, дзе жыў i працаваў Ф.Рушчыц: Гальшаны, Валожын, Гародня i Варшава. Мастацтвазнаўцы лiчаць, што лепшыя творы Рушчыца створаны на зямлi беларускай. Менавiта таму ў 2000 i 2001г. на Валожыншчыне – радзiме мастака – былi арганiзаваны пленэры. I працы, што прадстаўлены на выставе – створаныя пад уражаннем зямлi i мясцiн, дзе працаваў вучань Куiнджы.
Старшыня праўлення абласной арганiзацыi Саюза мастакоў, гарадзенскi скульптар Уладзiмiр Панцялееў, лiчыць гэту выставу вельмi адметнай для гарадзенскай зямлi падзеяй. Бо тут сабраныя працы мастакоў з такiмi гучнымi iменамi, як А.Шчамалеў, Г.Вашчанка, А.Бараноўскi, Г.Скрыпнiчэнка, Т.Мiлянкоўскi i iнш.
Таксама i працы гарадзенскiх мастакоў, у тым лiку i скульптура Ул.Панцялеева.
На адкрыццi прысутнiчалi мастакi з Мiнску, Гродна. Словы падзякi iм прыйшлi сказаць i прадстаўнiкi гарадской улады – I.I.Клiменка i С.Н.Давыдзiк. Мiж тым, мастакi з Акадэмii мастацтваў плануюць у хуткiм часе правесцi трэцi пленэр. Таму што вынiкi такой працы красамоўна гавораць за сябе.
Е.СтасюкевIч