– Паасцярожней нельга?
– Сама мне ў твар сумкай б’еш!
– Дык што, сказаць нельга?
Салон, здаецца, зараз разыдзецца па швах. Але мы неяк паўзем далей, запакаваныя так, што заклiноўваюцца дзверы.
Гэта ранiца.
Гэта грамадскi транспарт.
Калi вам удалося ўлезцi ў аўтобус з першага раза, можаце лiчыць, што дзень пачаўся паспяхова. У гадзiны пiк транспарт ходзiць часцей, чым звычайна, але яго ўсё роўна не хапае на ўсiх жадаючых. Нягледзячы на ўдзел у агульнай справе жвавых маршрутак, штурмавыя атакi на дзверы аўтобусаў i тралейбусаў працягваюцца. Няшмат хто гатовы аддаць 500 рублёў за адну паездку. Хiба толькi той, хто вельмi спяшаецца. Ды i колькi там месца – ў той маршрутцы.
Гумар, мова i праблемы
Грамадскi транспарт – гэта спецыфiчны асяродак для ўзнiкнення разнастайных анекдатычных выпадкаў, якiя ледзь не штодзень можна назiраць на ўласныя вочы. Вось што-нiшто з нядаўняга. Мажная кабета пiхае даму ў зялёным капялюшыку, спрабуючы ўлезцi ў тралейбус: «Жанчына, яшчэ трошкi! Трое выйшлi, а адзiн зайшоў...» Зялёны капялюшык з усмешкай парыруе: «Дык трое худых выйшлi». Транспартныя байкi перадаюцца з вуснаў у вусны i, абрастаючы сакавiтымi падрабязнасцямi, становяцца амаль фальклорам.
Грамадскi транспарт, як нi дзiўна,– гэта тое месца, дзе можна пачуць беларускую мову куды часцей, чым, напрыклад, у крамах i кавярнях. За гэта вялiкае «дзякуй» асобным кiроўцам.
А яшчэ грамадскi транспарт уяўляе сабой спляценне ўсялякiх праблем: экалагiчных, эканамiчных, тэхнiчных...
Экалогiя
Вось што распавёў Падольны Барыс Майсеевiч, начальнiк аддзела па кантролю за выкарыстаннем i аховай атмасфернага паветра абласнога камiтэта па ахове прыроды.
Па Гродзенскай вобласцi транспартам у атмасферу выкiдваецца каля 90 тысяч тон шкодных рэчываў за год. Прычым, самым экалагiчна чыстым вiдам транспарту з’яўляюцца тралейбусы. Калi падлiчыць колькасць шкодных рэчываў, што выкiдвае ў атмасферу праз комiны Гродзенская ТЭЦ-2, каб забяспечыць электраэнергiяй 1 тралейбус, i колькасць рэчываў, што выходзяць з выхлапной трубы «Iкаруса», то атрымаецца, што «Iкарус» забруджвае паветра ў 1000 разоў мацней, чым тралейбус. Да таго ж пры выдзяленнi шкодных выкiдаў праз комiны прысутнiчае каэфiцыент рассейвання. Выкiды ж з выхлапных труб трапляюць адразу ў зону дыхання. Па вiне аўтатранспарта (уключаючы прыватны) адбываецца 70% забруджання паветра.
Што да аўтобусаў, то для iх ёсць 3 вiды палiва: традыцыйныя бензiн i дызельнае палiва, а таксама газ. Найменш забруджвае атмасферу газ, але ў Гродне на яго аўтобусы не пераводзяць. Па-першае, з-за адсутнасцi вопыту i страху перад выбухам (верагоднасць выбуху прысутнiчае толькi ў выпадку дарожна-транспартнага здарэння). Па-другое, трэба трохi рэканструяваць як транспартныя сродкi (бо балоны павiнны мацавацца на даху), так i гаражы, якiя ўсе пабудаваны з разлiкам на сённяшнюю вышыню аўтобусаў.
Прадукты згарання дызпалiва выкiдваюцца з выхлапных труб у выглядзе страшэннага чорнага шлейфа, якi ўтрымлiвае сажу. Яны, канечне, шкодныя, але ўсё ж агульная таксiчнасць дызпалiва нiжэйшая, чым у бензiна. Прадукты выкiдаў рухавiкоў, што працуюць на бензiне, нябачныя чалавечаму воку, але, тым не менш, утрымлiваюць да 200 хiмiчных рэчываў, у тым лiку небяспечных, напрыклад, бенз(а)пiрэн. Калi мазаць iм пацука, то праз 90 дзён у жывёлы развiваецца рак скуры.
Аб тэхнiчным стане гарадскога аўтобуснага парка №1 судзiце самi. Частка аўтобусаў адпрацоўвае ўжо трэцi эксплуатацыйны тэрмiн. Да таго ж аўтобусы, якiя купляюць за мяжой, трапляюць да нас ужо ў патрыманым стане, пакалясiўшы па дарогах Чэхii i Германii.
Па вялiкiм рахунку, усё, як заўсёды, упiраецца ў фiнансы. Перафразуючы Напалеона, можна сказаць: каб ахоўваць навакольнае асяроддзе, патрэбны 3 рэчы – грошы, грошы i грошы.
Тэхнiка i эканомiка
Аб становiшчы з транспартам мы паспрабавалi распытаць дырэктара аўтапарка №1 Пракопчыка Iвана Аляксандравiча, але спадар дырэктар павёў сябе даволi неардынарна.
– Прыязджайце ў 16.00...Я вам нiчога не скажу,– з чароўнай мужчынскай паслядоўнасцю заявiў сп. Пракопчык на нашу просьбу аб сустрэчы. – Гэта iнфармацыя не для друку. Чаму? Не для друку, i ўсё!
Вось так. Завесай ледзь не дзяржаўнай таямнiцы закрыта для простых смяротных iнфармацыя аб колькасцi адзiнак транспарту ў парку №1, аб iх самаакупаемасцi, тэхнiчным стане. Няўжо ўсё так страшна, што мы – тыя, хто штодзень карыстаецца гарадскiмi аўтобусамi,– не можам ведаць аб сапраўдным стане рэчаў? Калi Вы, сп. Пракопчык, усё ж захочаце пацвердзiць цi абвергнуць гэта – мiласцi просiм!
А вось адзiн з кiроўцаў аўтобусаў аказаўся трохi больш гаворкiм (праўда, iмя папрасiў не называць):
– Праблемы? Вы самi бачыце, якiя праблемы. Тэхнiка старэе, новай мала. На гэтай машыне я 13 год. Яе ўжо час спiсваць. Але калi спiсаць, то дзе ўзяць новую? Гарвыканкам грошай не дасць. Увогуле... спытайце ў начальства. Мы ж, кiроўцы, нiжэйшае звяно...
I сапраўды, якiя патрэбны каментары тэхнiчнаму стану транспарта, калi кожны з нас, напэўна, не раз бачыў, як восеньскi лiвень хвошча проста праз дзiрку ў гумовай «гармошцы», а дзверы некаторых тралейбусаў прыходзiцца на прыпынках адчыняць ледзь не ўручную.
Тое, што няма грошай, гэта даўно не дзiва. Здзiўляе iншае: нежаданне некаторых начальнiкаў распавядаць пра праблемы. Гэта што, боязь быць абвiнавачаным у невыкананнi «норм соцспаборнiцтва»? Страх аказацца «левым», калi раптам падымецца шумок вакол зношаных рухавiкоў i зламаных дзверцаў?
А адсутнасць фiнансаў у дзяржаўным i гарадскiх бюджэтах можна было б зразумець, калi б, напрыклад, не здзеклiва гiганцкi размах праекту пад лозунгам «Кожнай вёсцы – Лядовы палац». I гэта ў той час, калi на прыём да доктара трэба прыходзiць са сваiмi хiрургiчнымi пальчаткамi, бюджэтнiкам затрымлiваюць i без таго мiзэрную зарплату, а аўтобусы ходзяць з парванымi «гармошкамi».
Раз ужо так не хочацца падтрымлiваць ахову здароўя i адукацыю, то хоць бы ў транспарт грошы ўклалi. Не на каньках жа, урэшце, народу на працу бегаць.
«Не вучыце мяне жыць. Лепш дапамажыце матэрыяльна»
Вядома, што кошт квiткоў абсалютна не пакрывае расходы ў галiне транспарту. Але, з другога боку, параўнаем кошт месячнага праязнога бiлета, напрыклад, са стыпендыяй. Хай сабе i самай вялiкай, якую атрымлiваюць выдатнiкi (у апошнiя месяцы яна складала каля 30 тысяч рублёў). Цi можа ўвогуле жыць i вучыцца на такiя грошы чалавек з iншага горада (дарэчы, бюджэт пражытачнага мiнiмуму, зацверджаны Саветам Мiнiстраў РБ, амаль у 2 разы большы)? А цяпер яшчэ адымiце ад гэтай стыпендыi кошт праязнога – тры з паловай тысячы, г. зн. амаль 12%.
А «мораль сей басни такова». Памятаеце Напалеона? Грошы, грошы i грошы – гэта тое, што пры нашай эканомiцы яшчэ доўга будзе недасягальным. Ну што ж, мы цярплiвыя. Паездзiм i ў тралейбусах аблупленых, i брудным паветрам падыхаем, ды яшчэ i «дзякуй» скажам – абы не было вайны.
Людмiла ЯКШУК