Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Рэліквіі Апанаса Цыхуна

Iмя Апанаса Пятровiча Цыхуна ўвайшло ў нядаўна выдадзены зборнiк «Людзi культуры Гродзеншчыны». Заслужаны настаўнiк Рэспублiкi Беларусь, паэт, гiсторык i грамадскi дзеяч за свае больш чым дзевяць дзясяткаў гадоў зрабiў многае.

Цяпер рыхтуе да друку кнiгу «Пройдзеныя шляхi-пуцявiны» аб знакамiтых людзях Прынямоння. Але нямногiм вядома, што Апанас Пятровiч з’яўляецца заўзятым антыкварам. У яго калекцыi вельмi рэдкiя рэчы: французскi гадзiннiк, бронзавы электрасвяцiльнiк i нямецкая пiшучая машынка. Усё гэта адносiцца да другой палавiны 19 стагоддзя. Нягледзячы на такую даўнiну, рэчы да гэтага часу верна служаць ветэрану.

Адкуль жа ўзялiся ў Апанаса Пятровiча такiя каштоўныя рэчы? Французскi гадзiннiк i бронзавы электрасвяцiльнiк перайшлi па спадчыне ад дзядзькi Максiма Федаравiча Краўцэвiча, якi жыў у Ленiнградзе. Ад яго дасталiся i рэдкiя лiтаратурныя выданнi, якiя таксама можна аднесцi да антыкварыяту.

– З усiх антыкварных рэчаў, – гаворыць Апанас Пятровiч, – я вельмi цаню пiшучую машынку «Канцiненталь» нямецкай вытворчасцi, якая мне служыць ужо больш за паўстагоддзя без усялякага рамонту. З яе дапамогай я аддрукаваў i выдаў да дзесяцi кнiжак, незлiчоную колькасць публiкацый у газетах i часопiсах. А дасталася яна мне выпадкова, калi вярталiся з Нямеччыны савецкiя ваеннапалонныя. У аднаго з iх я i набыў гэтую пiшучую машынку. Праўда, прыйшлося толькi замянiць лацiнскiя лiтары на беларускiя. Да гэтага часу мне верна служыць i французскi насценны гадзiннiк з тыднёвым заводам, дакладна паказваючы час. А з дапамогай бронзавага электрасвяцiльнiка я напiсаў не адну кнiжку, заседжваючыся да першых пеўняў».

Вiдавочна, чытачам цiкава будзе даведацца аб асабiстым жыццi i быце Апанаса Пятровiча. Жыве ён у невялiчкай хатцы прысядзiбнага тыпу, у якой заўжды цёпла, утульна. Зямельны участак дагледжаны i прыносiць карысць гаспадару. Ужо каля трох дзесяцiгоддзяў Апанас Пятровiч захапляецца i аматарскiм пчалярствам .

I хаця жыве ён адзiн, але не застаўся ў адзiноце. У яго многа сяброў, якiя прыходзяць да яго за парадай. Апанас Пятровiч – часты госць многiх культурных iмпрэз у горадзе i раёне, куды яго запрашаюць. Iлья БарысаЎ

Назад