Дзякуй, Астрыд!
Людзi вераць, што на саракавы дзень пасля смерцi чалавечая душа адлятае на неба. У гэтыя вясновыя днi з душой сусветна вядомай пiсьменнiцы Астрыд Лiндгрэн, якая памерла напрыканцы студзеня ў Стакгольме, развiтвалася незлiчоная колькасць прыхiльнiкаў яе незвычайнага таленту...
Астрыд Лiндгрэн з’явiлася на гэты свет у 1907 годзе ў мястэчку Вiмербю, што зрабiлася легендарным дзякуючы факту яе нараджэння. Ва ўзросце 18-цi гадоў яна ад’ехала ў сталiцу, дзе i сфармавалася жанчына, якая выбудавала свой лёс уласнымi рукамi.
Лiтаратурны дэбют Астрыд здзейснiла ва ўзросце 37-мi гадоў , а праз год з-пад яе пяра з’явiлася дзiўная «лепшая ў свеце дзяўчынка», якая праменiцца весялосцю, – Пэпi Доўгая Панчоха. Другi герой – Карлсан, якi жыве на даху, – стаў увасабленнем мары для ўсiх тых, хто таксама хоча лятаць i любiць жыццё ва ўсiх яго праявах. Каля 40 кнiг, якiя былi напiсаны Астрыд Лiндгрэн, – вынiк натхнёнай працы пiсьменнiцы, якая да таго ж была рэдактарам буйнейшага ў Швецыi выдавецтва для дзяцей.
«Я не хачу пiсаць для дарослых. Я хачу пiсаць для чытачоў, якiя могуць рабiць цуды. Толькi дзецi твораць цуды, калi яны чытаюць.» Гэта яе словы. Астрыд была чалавекам, якi неабыякавы да грамадства, яго спраў i стану. Уплыў гэтай жанчыны з блiскучым пачуццём гумару на розумы людзей, на грамадскую думку быў i застаецца непараўнальным.
...У сумныя днi, калi Швецыя развiтвалася з пiсьменнiцай, практычна ўсе газеты краiны надрукавалi матэрыялы, прысвечаныя памяцi Астрыд Лiндгрэн. Каля яе дома мноства кветак, якiя прыносiлi жыхары Стакгольма. Сярод гэтай данiны памяцi былi i кветкi ад беларусаў. Лёс даў магчымасць сказаць ад iмя чытачоў-суайчыннiкаў : «Дзякуй, Астрыд!»
Святлана МаразевIЧ-Iоська
|