Але Генадзь Навiцкi не абмежаваўся знаёмствам з прамысловасцю. Ён наведаў таксама лепшыя гаспадаркi нашага рэгiёну, – сельскагаспадарчае калектыўнае прадпрыемства «Кастрычнiк» Гродзенскага раёна i Лiдскае раённае сельскагаспадарчае прадпрыемства «Мажэйкава».
На тытунёвай фабрыцы прэм’ер-мiнiстр вёў гаворку аб тым, што рэканструкцыя вытворчасцi павiнна быць завершана да 1 снежня гэтага года. Устаноўка самага сучаснага абсталявання дазволiць прадпрыемству павялiчыць выпуск тытунёвых вырабаў да 14,5 мiльярда штук у год. Летась Гродзенская тытунёвая фабрыка вырабiла 9,5 мiльярда штук цыгарэт. Яшчэ 2 з паловай мiльярды штук цыгарэт выпушчана мiнскiм прадпрыемствам «Тытунь-Iнвест». I ўсё-роўна гэтай хадавой прадукцыi нашаму спажыўцу не хапiла: 5 мiльярдаў штук цыгарэт было ўвезена па iмпарту. У вынiку многае страцiў рэспублiканскi бюджэт. Неабходна павышаць i якасць прадукцыi, якая часта не задавальняе спажыўца. Гэта стрымлiвае пастаўкi на экспарт.
Вось некалькi лiчбаў, якiя характарызуюць сiтуацыю на прадпрыемстве. Цяпер тут працуе каля 870 чалавек. Сярэдняя зарплата па прадпрыемству за мiнулы год склала 158,7 тысяч рублёў. Фiнансавае становiшча складанае: пратэрмiнаваная дэбiторская запазычанасць летась склала 4020996 тысяч рублёў, а крэдыторская запазычанасць – 7535422 тысячы рублёў. Сыравiну фабрыка купляе за мяжой, за валюту. Абсталяванне ўжо даўно адпрацавала сваё: з 34-х вытворчых лiнiй толькi ў двух працэнт iзносу меньшы чым 100%. Напрыклад, тут ёсць лiнiя па вытворчасцi папiрос, якая была зманцiравана яшчэ ў 1965 годзе. Таму i вядзецца тэрмiновая рэканструкцыя гродзенскай фабрыкi.
Па словах Генадзя Навiцкага, ён прыехаў у Гродна пераканацца, што вызначаныя ўрадам задачы выконваюцца. Даведаўшыся пра складанасцi з фiнансаваннем, ён заявiў, што фабрыка крэдыт атрымае – па лiнii «Белзнешэканомбанка». Пры неабходнасцi ўрад дапаможа таксама з iнвестыцыйных крынiц. Акрамя таго, ужо зараз РУП «Гродзенская тытунёвая фабрыка» недаплочвае ў бюджэт акцызныя падаткi i мае магчымасць накiроўваць гэтыя сродкi на рэканструкцыю прадпрыемства.
Яшчэ адно з вельмi важных для Беларусi прадпрыемстваў – «Гродзенскi завод медыцынскiх прэпаратаў» у Скiдзелi. Ён будзе выпускаць субстанцыi высокаачышчаных амiнакiслот. Прадпрыемства пачало працаваць 15 студзеня мiнулага года. За час з верасня па снежань было напрацавана 300 кг доследнай партыi субстанцыi L-лейцына. Сёлета, у чацвёртым квартале, запланаваны ўвод у дзеянне вытворчых магутнасцяў. На гэта прадугледжвалася выдаткаваць 3,9 мiльярда беларускiх рублёў, але ў апошнi час узнiклi праблемы з грашыма. Прэм’ер-мiнiстр, iзноў-такi, нейкiм цудоўным чынам вырашыў i гэтую праблему, паабяцаўшы знайсцi грошы для завода медыцынскiх прэпаратаў – унiкальнага прадпрыемства, якому няма аналагаў у Еўропе. У блiжэйшай перспектыве завод у Скiдзелi пачне сам зарабляць валютныя сродкi для краiны. Да таго ж, будзе магчымасць забяспечыць беларусаў неабходнымi лекавымi сродкамi.
У сельскагаспадарчым калектыўным прадпрыемстве «Кастрычнiк» Генадзь Навiцкi вёў размову аб рэфармаваннi калгасаў i саўгасаў, якiя ў цяперашнiм выглядзе не ў стане эфектыўна працаваць. У весцы Квасоўка кiраўнiк урада заехаў на малочнатаварную ферму i быў уражаны суперсучасным абсталяваннем i высокiм узроўнем тэхналогiй. «Такiм гаспадаркам, як «Кастрычнiк», не патрабуецца рэфармаванне», – заўважыў ён. А ўвогуле, на думку Г.Навiцкага, аграрны сектар будзе рэфармавацца «з апорай на буйнатаварную вытворчасць i з выкарыстаннем iндывiдуальнага падыходу да кожнага калгаса».
Журналiсты задалi яму i пытанне аб акцыянаваннi прадпрыемстваў канцэрна «Белнафтахiм», сярод якiх i наш гродзенскi «Азот». Генадзь Навiцкi заявiў, што «Сусветны банк станоўча ацэньвае ход прыватызацыi ў Рэспублiцы Беларусь». Па яго словах, «пэўны кансерватызм» быў правiльным. А ўвогуле, альтэрнатывы акцыянаванню ў нафтахiмiчным комплексе краiны няма. Да гэтага падштурхоўвае хаця б тая акалiчнасць, што абсталяванне на прадпрыемствах хiмii зношана на 70-80%. Але прэм’ер-мiнiстр адначасова пастараўся супакоiць тых, хто па пэўных прычынах пабойваецца акцыянавання самай каштоўнай галiны беларускай прамысловасцi. Ён выказаўся дастаткова ясна, заявiўшы, што «кардынальных зменаў курсу урада не будзе».
Мiхаiл ВАСIЛЕВIЧ