Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Гiсторыя

Нашае свята

Дваццаць пятага сакавiка -

Годны дзень

Беларускай дзяржавы.

Веснаплынных вятроў талака

Пыл з кароны атрэсла iржавы.

***

Лучыць нашыя мары рака

Бел-чырвона-белага сьцяга.

Дваццаць пятага сакавiка –

Наша сьвята,

Пароль I прысяга!

Рыгор БарадулIн

Беларусь – гэта краiна вельмi дзiўных дзяржаўных святаў. 17 верасня мы святкуем фактычны пачатак другой святовай вайны. У лiстападзе адзначаем дзяржаўны пераварот у суседняй краiне, якi на самой справе адбыўся ў кастрычнiку. Днём Незалежнасцi ў нас з’яўляецца 3 лiпеня. У гэты дзень у 1944 г. Чырвоная армiя вызвалiла сталiцу нашай Рэспублiкi ад гiтлераўскiх акупантаў. Аднак вызваленне абярнулася аднаўленнем крывавага сталiнскага рэжыму, на рахунку якога жыццё соцен тысяч грамадзян Беларусi i вымушаная эмiграцыя дзесяткаў тысяч. Хiба так павiнна выглядаць незалежнасць?

Мiж тым у нашай гiсторыi ёсць дзень, якi з поўным правам мы можам лiчыць Днём нараджэння беларускай дзяржавы. 25 сакавiка 1918 г. у Менску была абвешчаная незалежная Беларуская Народная Рэспублiка (БНР). Яшчэ працягвалася вайна, i частка Беларусi была пад германскай акупацыяй. У Берасцi напачатку сакавiка бальшавiкi дзеля захавання ўлады ўступiлi Германii 2/3 нашай зямлi. Уплывовыя польскiя палiтычныя партыi разглядалi нашую тэрыторыю як «kresy wschodnie». Дзеячы лiтоўскага руху марылi пра далучэнне да ўласнай Летувы земляў, населеных беларусамi-каталiкамi. Украiнскiя палiтыкi прад’яўлялi прэтэнзii на Палессе. У самой Беларусi значная частка насельнiцтва, якая паверыла бальшавiцкай прапагандзе, звязвала будучыню толькi з савецкай Расiяй. Еўрапейскiя дзяржавы глядзелi на беларускiя землi як на неад’емную частку «белай» Расii.

Абвяшчэнне незалежнасцi было выклiкам усiм неспрыяльным абставiнам. Беларускiя палiтыкi зразумелi, што толькi ўласная сувярэнная дзяржава можа забяспечыць годнае i шчаслiвае жыццё. У вытокаў беларускай дзяржаўнасцi стаялi браты Iван ды Антон Луцкевiчы, Вацлаў Ластоўскi, Аркадзь Смолiч, Язэп Варонка, Васiль Захарка ды iнш. 25 сакавiка 1918 г. Беларусь далучылася да супольнасцi вольных еўрапейскiх нацый. Але стаць роўным i годным сябрам гэтай супольнасцi мы не здолелi, бо не адстаялi права на Волю.

Чаму лёс БНР аказаўся трагiчным? Чаму ў адрозненне ад лiтоўцаў i палякаў беларусы так i не сталi сапраўды сувярэннай нацыяй? Гэтыя пытаннi цiкавяць не толькi гiсторыкаў. Яны нябачна прысутнiчаюць у сучасным грамадска-палiтычным жыццi рэспублiкi.

Не прэтэндуючы на паўнату адказа, хачу звярнуць увагу на абставiну, якая сёння здаецца адной з вызначальных. Беларусь 1918 г. не зведала таго татальнага змагання за ўласную дзяржаўнасць, якое назiралася ў Лiтве-Летуве i ў Польшчы. Летам 1920 г. польскiя войскi разграмiлi Чырвоную армiю пад Варшавай. Гэты «цуд на Вiсле», якi выратаваў ад бальшавiцкай пагрозы Цэнтральную Еўропу, стаў магчымым толькi таму, што палякi зразумелi простую iсцiну: без свабоды не можа быць шчасця i дабрабыту! А свабоду найлепей забяпечыць незалежная дзяржава. Гэта ж разумелi i лiтоўцы. Якраз таму суседзi здолелi перамагчы ўсе перашкоды i збудаваць уласныя дзяржавы.

Поспех нашых суседзяў мiж iншым тлумачыцца тым, што падмуркам iх дзяржаўнасцi з’яўлялiся дзесяцiгоддзi асветнiцкай i адукацыйнай працы на роднай мове, актыўная культурастваральная дзейнасць. У пэўным сэнсе Польшчу i Еўропу ў 1920 г. выратавалi тайныя польскiя школы i асветнiцкiя гурткi канца ХIХ – пачатку ХХ ст. У той час школа была амаль адзiным месцам, дзе свядомасць масы насельнiцтва магла сустрэцца з нацыянальнай iдэалогiяй. Якраз адукацыя i асвета прычынiлiся да масавага пашырэння польскай i лiтоўскай нацыянальнай iдэi. А вось беларусы ў той час так i не здолелi стварыць уласнай нацыянальнай школы. Яны быццам не зразумелi, што толькi адукацыя на роднай мове дазваляе найбольш поўна развiць i выявiць творчыя здольнасцi i асобы i цэлага народу. Шматлiкiя ўраджэнцы беларускiх вёсак i гарадоў актыўна працавалi ў афiцыйных расiйскiх школах, праграмы якiх адмаўлялi беларусам права на самастойнае iснаванне, а Беларусь разглядалi як неад’емную частку Расii. Нядзiўна, што ў 1918 г. большасць «тутэйшага» насельнiцтва абыякава або варожа паставiлася да абвяшчэння беларускага дзяржаўнага суверэнiтэту. Быццам, мы самi тапталi будучыню сваёй зямлi.

Тым не менш 25 сакавiка 1918 г. вера i надзея беларускiх дзеячоў аказалася мацнейшай за ўсе сумненнi i перасцярогi. Усяму свету было заяўлена, што мы, беларусы – вольны i незалежны народ.

Абвяшчэнне незалежнасцi было таксама зваротам у будучыню. Пачынаючы з гэтага моманту iдэя самастойнай дзяржавы становiцца найважнейшай складовай беларускага руху. Напалоханыя iдэяй БНР, бальшавiкi пайшлi на стварэнне БССР, якая, нягледзячы на поўную падпарадкаванасць Маскве, таксама была пэўным этапам палiтычнай гiсторыi краiны. Iдэя БНР вiтала над Рэспублiкай Беларусь напачатку 90-х. Менавiта дзяржаўныя сiмвалы Беларускай Народнай Рэспублiкi (бела-чырвона-белы сцяг i герб «Пагоня») сталi сiмваламi маладой Рэспублiкi. Сённяшняе жыццё БНР – гэта, нарэшце, Дзень Волi, гэта НАШАЕ СВЯТА.

Напярэдаднi гэтага свята мiжволi думаеш пра асаблiвасцi нашай гiстарычнай памяцi. Вiдавочна, што значная частка насельнiцтва ў вынiку антыбеларускай прапаганды жыве з той гiсторыяй, якую нашыя продкi нiколi не перажывалi. Нават сярод моладзi можна пачуць, што БНР была «ненужной» дзяржавай, што «ўлады БНР былi здраднiкамi, якiя напiсалi лiст германскаму кайзеру» i г.д.

На самой справе вiншавальная тэлеграма кайзеру (25 красавiка 1918 г.) была выключна тактычным крокам, разлiчаным на тое, каб знайсцi падтрымку з боку германскiх палiтыкаў. «Германскую карту» ў тагачаснай сiтуацыi разыгрывалi кiраўнiкi i iншых маладых дзяржаў. У прыватнасцi, лiтоўцы нават абвясцiлi ўласную краiну манархiяй i прапанавалi герцагу Вюртэмбергскаму (адзiн з акупантаў) каралеўскую карону. Пры гэтым ён павiнен быў авалодаць лiтоўскай мовай i прыняць iмя Мiндоўга II. Герцаг згадзiўся, i Летува-Лiтва атрымала дыпламатычную i палiтычную падтрымку з боку Германскай iмперыi. А пакуль «Мiндоўг II» вывучаў лiтоўскую мову, закончылася вайна, якую, як вядома, Германiя прайграла. Летува-Лiтва зноў стала рэспублiкай, i гiсторыя запрашэння герцага Вюртэмбергскага пачала ўспрымацца як анекдот. Але на справе гэта была добра прадуманая палiтычная iнтрыга, накiраваная на ўмацаванне пазiцый лiтоўскай дзяржавы. Сёння ў Лiтве нiкому не прыдзе ў галаву называць тагачасных лiтоўскiх палiтыкаў «здраднiкамi». Наадварот, у гiстарычнай памяцi нашых суседзяў стваральнiкi незалежнай дзяржавы ацэньваюцца як нацыянальныя героi.

Ацэнкi беларускiх дзеячоў пачатку ХХ ст. як «здраднiкаў» сведчаць толькi пра тое, што сённяшняя Беларусь яшчэ не здолела стаць незалежнай краiнай. I значная частка прадстаўнiкоў афiцыйных сродкаў масавай iнфармацыi, настаўнiкаў i выкладчыкаў (не хочацца ўжываць слова «гiсторыкаў») заклапочаны не лёсам нашай краiны i яе народу, а выключна ўзроўнем уласнага добрабыту. Тым не менш вiдавочна, што час гэтых функцыянераў праходзiць.

Пераважная большасць вучняў старэйшых класаў, якiх цiкавiць мiнулае Беларусi, выдатна ўсведамляюць ролю БНР у навейшай гiсторыi. На пытанне «Чым для вас з’яўляецца Дзень Волi?» моладзь адказвала: «Я лiчу, што гэты дзень трэба прызнаць Днём незалежнасцi. Гэты дзень для мяне – Дзень веры ў годнасць беларускага народу»; «Для мяне гэты дзень мае асаблiвае значэнне: мы згадваем, якiмi намаганнямi была атрыманая незалежнасць, i разумеем, што значыць Воля для ўсяго беларускага народу»; «Для мяне гэты дзень з’яўляецца больш важным i значным, чым цяперашнi «Дзень незалежнасцi», i я лiчу яго сапраўдным святам» i г.д.

Абвяшчэнне незалежнасцi адбылося ў дзень Дабравешчання. Паводле Новага Запавету ў гэты дзень Анёл Гаўрыiл прынёс вестку Дзеве Марыi, што яна народзiць Сына Ўсявышняга. Хочацца верыць, што гэта не простае супадзенне, што падзея 25 сакавiка 1918 г. – гэта вестка пра будучыню нашай краiны. Урэшце рэшт не можа быць шчаслiвым народ, якi не мае Свабоды, якi не здабыў сабе Волю!

Алесь Смалянчук

Назад