Уражаннi
«Чужой» ў горадзе
«Такога ашаламляльнага шоу Вы нiколi не бачылi» – словы, якiя суправаджаюць амаль кожны канцэртны тур амаль кожнай эстраднай зоркi. На гэты раз дадзены надпiс на рэкламным буклеце аказаўся даволi блiзкiм да праўды.
Нашэсце расiйскай папсы на Гродна, якое пачалося з моманту пабудовы лядовага палацу, працягваецца. 23 сакавiка там прайшло новае элiт-эротык шоу Барыса Маiсеева «Чужы». Усё распачалося са знаёмых i дарагiх сэрцу кожнага фаната песень: «Чужой», «Танго-кокаин», «Дитя порока». Разагрэтая публiка радаснымi апладысментамi адказала на вiтанне артыста.
«Добры вечар, дарагiя землякi! – змешваючы ў неверагодную кучу беларускiя i рускiя словы, крычаў Барыс Маiсееў. – Я люблю i буду любiць маю вечна зялёную, вечна маладую Беларусь!» Прызнаннi ў любовi да роднай Беларусi сыпалiся як з рогу дастатку. I такая незлiчоная iх колькасць здольная была растапiць сэрца нават самай скептычна настроенай асобы.
Шоу было зроблена сапраўды прафесiйна. «Не ходите, мальчики, мальчики, в Африку гулять, крокодилы в Африке, мальчики, могут вас поймать...» Стварыць на аснове такога тэксту музычную i танцавальную кампазiцыю, якая прымушае гледачоў не адрываць вачэй ад сцэны i мiжвольна рухацца ў такт мелодыi – гэта трэба ўмець. Не зусiм зразумела толькi, за кошт чаго праграма названа «элiт-эротык». У нейкi момант танцоры балета Боры Маiсеева скiнулi з сябе белыя кашулi i засталiся ў скураных плаўках ды празрыстых маечках, выклiкаўшы гэтым захапленне натоўпу. Можна было таксама назiраць эратычныя танцавальныя пасажы двух маладых, добра складзеных хлопцаў – на фоне страсных воклiчаў Маiсеева. «Сяргей i Андрэй,»– з прыдыханнем прадставiў iх спявак. А яшчэ былi такiя досыць простыя, але змястоўныя словы: «Я хочу тебя больше, чем возможно хотеть». Напэўна, кожны ў адпаведнасцi са сваiмi ўяўленнямi аб эротыцы вырашае, што ж з гэтага з’яўляецца «элiт-эротык».
Нягледзячы на свае пяць дзесяткаў, Барыс Маiсееў энергiчна насiўся па сцэне i заводзiў залу, заклiкаючы «адпачываць на ўсю катушку»: «Прывiтанне, балкончык! Прывiтанне, партэрчык! Чаму не танчым? Спяваем!». I народ адпачываў. Танчылi i на танцпадлозе, i на месцах – хто як мог i хто колькi мог. А ў перапынках памiж песнямi дзякавалi кумiру блакiтнымi ружамi i такiмi ж паветранымi шарыкамi.
А яшчэ ён жартаваў. Цi то жарты былi вельмi смешныя, цi то энергетыка Маiсеева дзейнiчала, але кожны прыкол крошкi Боры выклiкаў выбух рогату. Запытаўшы, цi ёсць мужыкi ў зале, i не атрымаўшы адказу, якi б яго задаволiў, артыст зрабiў выснову. «Што, мужыкоў зусiм няма? Адзiн я застаўся?» Смехавую рэакцыю можаце сабе ўявiць. А пасля, спецыяльна для моцнага полу, аксамiтным голасам тлумачыў, што для мужыка святое. Патлумачыўшы, нечакана рашуча заявiў, што адрэжа гэтае святое таму, хто будзе сцвярджаць, што Барыс Маiсееў – гей.
Дзiўнае каляровае шоу спалучыла ў сабе жартаўлiвыя дурыкi i глыбока лiрычныя творы, якiя прымушалi табуны мурашак скакаць па скуры фанатаў. Пачуўшы першыя гукi любiмай мелодыi, зала ўзарвалася была воплескамi, але тут жа сцiхла. I толькi некалькi запаленых знiчак у цемры красамоўна гаварылi аб пачуццях, якiя выклiкаў у публiкi сумны аповед пра глуханямое каханне.
«Мае самыя родныя, добрыя, беларускiя сябры i сяброўкi! Паверце, я тут назаўсёды. Бора Маiсееў на сваёй спадчыне!» – бясконца паўтараў артыст. Цяжка сказаць, цi пазбег ён той хваробы, якая спасцiгае большасць расiйскiх зорак з беларускiмi каранямi. «Мы ж усе разам, праўда?» – толькi аднойчы прамiльгнула ў словах Майсеева настальгiя па былой i агульнай краiне.
Напрыканцы канцэрту «лялька Бора, зроблены ў Рэспублiцы Беларусь» (як сам назваў сябе спявак), прысвяцiў «сваёй спадчыне» песню «Не отрекаются, любя» (папрасiўшы прабачэння, што па-руску). Што ён меў на ўвазе, мы можам толькi здагадвацца. Хочацца верыць – нешта адпаведнае яго развiтальным словам: «Жывiце сваiм жыццём, таму што вы – вялiкая нацыя на гэтай маленькай цудоўнай зямлi. Навекi ваш, Бора Маiсееў».
Людмiла ЯКШУК
|