Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Гродзенскія вернісажы

У выставачнай зале – новыя «вокны»

У панядзелак выставачная зала Саюза мастакоў прапанавала ўвазе гродзенцаў працы, аб’яднаныя назвай «Вокны аднаго горада».

У выставе ўдзельнiчаюць 6 мастакоў з Беларусi, па аднаму – з Польшчы i Германii. З беларускага боку – графiкi Андрэй Басалыга, Вольга Нiкiшына, Юры Якавенка, Павел Татарнiкаў, а таксама Валерыя Маляўкiна i Раман Сустаў, якiя сёлета скончылi Беларускую акадэмiю мастацтваў. Гервiн Шмiдт прэзентуе мастацтва нямецкага плаката. Польская графiка прадстаўлена работамi Малгажаты Дзмiтрук.

«Чаму менавiта такая назва выстаўкi? – пiша ў прэс-рэлiзе куратарка праекта Кацярына Шэўнiна. – Усе мастакi – жыхары буйных гарадоў (Варшава, Гродна, Мiнск, Мюнхен). Што яны бачаць у вокнах-вачах свайго горада? Назва горада наўмысна не пазначана. Гэта той горад, якi мастакi будуюць у сваiх творах».

Гэта 3-цi Мiжнародны тэматычны выставачны праект, арганiзаваны мiнскiм Iнстытутам Гётэ, Музеем сучаснага выяўленчага мастацтва i Польскiм iнстытутам (Мiнск).

Мэта гэтых праектаў – эксперымент. Мастакi незалежна адзiн ад аднога працуюць над зададзенай тэмай. У вынiку ўсе работы атрымлiваюцца рознымi, бо кожны творца бачыць свет па-свойму. «Падрыхтоўка такой выставы – досыць працяглы працэс, – кажа Кацярына Шэўнiна. – Трэба прыдумаць тэму, форму (фота, вiдэа, жывапiс або графiка), выбраць мастакоў-удзельнiкаў i партнёраў».

I. АстраЎцова

Назад