Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Гродна-Беласток: візіт ваяводы

У Гродне пабывала афiцыйная дэлегацыя Падляшскага ваяводства Рэспублiкi Польшча. Аб вынiках вiзiту журналiстам на прэс-канферэнцыi, якая адбылася ў Новым Замку, расказалi ваявода Падляшскi Марэк Стшалiнскi i старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзiмiр Саўчанка.

Ёсць дамоўленасць аб правядзеннi ў Гродне i Беластоку ў маi гэтага года сустрэч вытворцаў сельгаспрадукцыi Гродзенскай вобласцi i Падляшскага ваяводства. З Польшчы на Беларусь будзе пастаўлена абсталяванне па перапрацоўцы на алей насення рапсу. Плануюцца таксама закупкi ў суседняй краiне кармавых дабавак для жывёлагадоўлi Гродзенскай вобласцi. У гродзенцаў ёсць намер пачаць продаж на польскi рынак ваўкавыскага цэменту i тэхнiчнага карбамiду, якi выпускае гродзенскi «Азот». Пастаўкi карбамiду ў Польшчу могуць скласцi каля 1 тысячы тон у месяц. Акрамя таго, iдзе ўзгадненне праекту паветраных зносiн Гродна-Беласток.

Падчас вiзiту польскай дэлегацыi ў Гродна гаварылася i аб рэканструкцыi памежнага пераходу Брузгi – Кузнiца. Гэтыя працы вядуцца за кошт Еўрасаюза. Ужо да канца гэтага года мяркуецца адкрыць тут рух для легкавiкоў. Аб’ём будаўнiчых работ трэба выканаць значны. Для гэтага будзе абвешчаны мiжнародны тэндэр. Дарэчы, за кошт сродкаў Еўрасаюза будзе прафiнансавана i частка работ з беларускага боку памежнага пераходу – па панiжэннi ўзроўню дарогi, якая вядзе з Брузгоў да Кузнiцы.

Ваявода Падляшскi нагадаў журналiстам аб тым, што з другога паўгоддзя будучага года грамадзяне Рэспублiкi Беларусь змогуць прыехаць у Польшчу толькi па вiзах. Але мяжа памiж дзяржавамi не павiнна стаць перашкодай для кантактаў памiж суседзямi. Будзе практыкавацца выдача шматразовых вiз, якiя польскi бок пастараецца зрабiць як мага больш таннымi. Прадпрымальнiкi Падляшскага ваяводства вельмi зацiкаўлены ў дзелавых кантактах са сваiмi гродзенскiмi калегамi. Ёсць канкрэтныя прапановы, якiя госцi з Беластоку перадалi кiраўнiцтву аблвыканкама. Па словах Марэка Стшалiнскага, у блiжэйшы час магчыма правядзенне сумесных семiнараў i канферэнцый, абмен ведамi i тэхналогiямi. Мяжа Беларусi i Польшчы павiнна быць адкрыта для добрасуседскага супрацоўнiцтва.

Уладзiмiр Саўчанка, адказваючы на адно з пытанняў журналiстаў, расказаў аб планах рэканструкцыi Аўгустоўскага канала. Ставiцца задача вярнуць каналу яго першапачатковыя функцыi транспартнай артэрыi. Рэканструкцыя беларускай часткi канала пачнецца ад мяжы з Польшчай. Менавiта там будзе адрамантаваны першы шлюз.

Мiхаiл ВасIлевIЧ

Назад