Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Суд адкладзены, суддзя – хворы

З прычыны раптоўнай хваробы суддзi Ленiнскага суду Гродна Мiкалая Сяргейкi адкладзены разгляд крымiнальнай справы журналiстаў «Пагонi» Мiколы Маркевiча i Паўла Мажэйкi, якiх абвiнавачваюць у паклёпе на прэзiдэнта РБ. Так гучыць афiцыйная версiя. Мiкола Маркевiч заявiў у зале суду, што гэта хоць i маленькая, але перамога ў гэтым працэсе.

З ранiцы

Ужо ад дзевятай гадзiны ранiцы ў судзе Ленiнскага раёну Гродна было мноства людзей. Выносiлi вырак Юрыю Хадыку за ўдзел у акцыi 24 сакавiка. Суддзя Дземчанка прызначыў яму 10 сутак арышту. У знак пратэсту супраць такога рашэння суду Ю.Хадыка абвесцiў галадоўку. Пасля 10 гадзiн побач з будынкам суду народу яшчэ пабольшала. Сярод iх – журналiсты з вядучых польскiх газет i Беластоцкага тэлебачання (напярэдаднi польская прэса апублiкавала заявы МЗС Польшчы, нобелеўскага лаўрэата Чэслава Мiлаша,а таксама канцэлярыi прэзiдэнта Польшчы, у якiх выказваецца занепакоенасць парушэннямi правоў чалавека ў Беларусi), прадстаўнiкi мiнскiх выданняў i расiйскай тэлекампанii НТВ, сябры i кiраўнiцтва Беларускай асацыяцыi журналiстаў, прадстаўнiкi праваабарончых арганiзацый i АБСЕ. Перад будынкам суду на агароджы хлебакамбiната вялiкi надпiс: «Рукi прэч ад журналiстаў «Пагонi»». Блiжэй да 11-й гадзiны сабраўшыяся пачалi заходзiць у будынак. У мiнулы аўторак на вулiцы стаяла цудоўная сонечная ранiца.

«В связи с тем...»

У журналiстаў мiлiцыянты спраўджаюць сумкi i забаранюяць праносiць фотаапараты i камеры. У судовай зале з-за гэтага чуць цi не дайшло да бойкi. Але неяк паразумелiся. Усiх жадаючых судовая зала яўна не змяшчала. Сабралася каля 200 чалавек.

Некаторыя прыйшлi ў кашульках з надпiсамi «Свабоду Маркевiчу i Мажэйку», «Стоп – суд над журналiстамi». У зале паявiлiся Павал i Мiкола. Яны таксама ў кашульках з надпiсамi: «Я журналiст, а не злачынца». Iх гучна вiтаюць. Некаторы час цягнецца паўза: вось-вось увойдзе суддзя i пачнецца працэс. Усе гатовы: адвакаты, абаронцы, падсудныя... Але ў залу ўваходзiць маладзенькая сакратарка суду i просiць увагi: «В связи с тем, что внезапно госпитализирован председательствующий суда Н.Сергейко, суд переносится». Гэта былi яе словы. Зала загудзела. Гучныя крыкi, смех, воклiчы «Суду, ганьба!». Спалоханая сакратарка ўцякла. Мiкола Маркевiч бярэ слова i заяўляе, што першая перамога за намi. Дзякуе ўсiм, хто сабраўся i нагадвае, што ў камерах сядзяць журналiсты , якiя ў пятнiцу выйшлi на несанкцыянаваны пiкет у абарону «Пагонi» i былi асуджаны на тэрмiн ад трох да дзесяцi сутак. Прапануе сабраўшымся сустрэць Аляксандра Дварэцкова, якога праз паўгадзiны павiнны выпусцiць, ён адсядзеў чацьвёра сутак.

Дакладна невядома – калi...

Адвакат спрабуе дамагчыся даведацца, на якую дату пераносяць суд. Да старшынi Ленiнскага суду яго не ўпускаюць два мiлiцыянты. Пазней яму ўсё ж удалося увайсцi да старшынi суду, якi патлумачыў, што праз два-тры днi будзе прызначаны новы суддзя, ён азнаёмiцца са справай i працэс пачнецца. Але калi дакладна – невядома. Народ пачынае разыходзiцца. З усiх вокнаў будынка суду за iмi сочаць цiкаўныя вочы супрацоўнiкаў Ленiнскага суду. Падобнае iм даводзiцца бачыць, напэўна, упершыню. Яшчэ праз гадзiну пачынаецца прэс-канферэнцыя з журналiстамi «Пагонi».

Сашу адвезлi дахаты

Людзi перамясцiлiся да будынку Ленiнскага РАУС, каб урачыста сустрэць Сашу Дварэцкова. Яго павiнны былi выпускаць у 12.15. Перад iх вачыма з варотаў пастарунку выязджае мiлiцэйская машына, у якой i адвозiлi хлопца ў невядомым накiрунку. Пазней на прэс-канферэнцыi дзяўчаты яму ўсё ж падораць бел-чырвона-белыя кветкi, а ён раскажа, што яго сiлком запiхалi ў машыну, папрасiлi не крычаць i адвезлi пад самы дом. Ён таксама раскажа, што чатыры днi ў камеры галадае Станiслаў Пачобут. Станiслаў больш за ўсiх спiць, каб эканомiць сiлы. Мiлiцыянты, з словаў Сашы Дварэцкова, называюць iх «палiтычнымi». Нейкiх асаблiвых папрокаў у бок мiлiцыянтаў Саша не выказвае. Ён нагадвае, што ў камеры засталiся Андрэй Мялешка, Анджэй Пiсальнiк, Станiслаў Пачобут. Саша вельмi расхваляваўся, калi праз шыбы мiлiцэйскага варанка ўбачыў людзей, якiя прыйшлi яго сустракаць.

Разам – мы сiла

Прэс-канферэнцыя працягвалася нядоўга. Ж.Лiтвiна, прэзiдэнт Беларускай асацыяцыi журналiстаў, зазначыла, што эпiцэнтр адстойвання дэмакратычнай прэсы Беларусi перанёсся ў Гродна. Але калi людзi збiраюцца разам адстойваць свае правы, на яе думку, гэта абавязкова дае вынiкi. На пытаннi больш адказвалi Павал i Мiкола. Яны найперш дзякавалi ўсiх, хто iх падтрымаў i падтрымоўвае ўвесь час. З краiны яны нiкуды з’язджаць не збiраюцца, паколькi не лiчаць сябе вiнаватымi i хочуць будаваць тут нармальнае жыццё. Мiкола верыць, што ў ягонага калектыву абавязкова будзе газета, нягледзячы на тое, што цяперашняя ўлада, па яго словах, ужо пяць разоў адмаўляла яму ў рэгiстрацыi новага выдання. Мiкола сумна канстатаваў, што i апазiцыйныя палiтычныя партыi, на жаль, не аказалi iм нiякай маральнай падтрымкi. Адвакат С.Цурко па-ранейшаму ўпэўнены, што абвiнавачваннi следства ў дачыненнi М.Маркевiча i П.Мажэйкi рассыплюцца ў судзе, паколькi не маюць пад сабой абгрунтаванай законнай асновы.

Напярэдаднi

Ёсць у нашым горадзе дзяржаўнае «Радыё Гродна», шмат хто з нашых гараджан яго слухае. Дык вось, адзiн з прысутных у судзе распавядаў мне, што ў панядзелкавай праграме з заклiкам да гродзенцаў не прыходзiць на суд Маркевiча звярталася кiраўнiчка гэтага радыё – нейкая Надзея Сакалова. Яна праяўляла салiдарнасць з Ленiнскiм судом, маўляў, ва ўсiм разбяруцца. Яшчэ, па словах расказчыка, Надзея абяцала сама прысутнiчаць i распавядаць аб усiм слухачам. Аднак Надзеi ў аўторак нi побач з судом Ленiнскага раёну Гродна, нi ў самiм судзе так i не пабачылi. Яна сапраўды праявiла салiдарнасць, толькi вось пытанне з кiм? Рэбус для цiкаўных слухачоў...

М.КАРНЕВIЧ

Назад