Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Дзесяцігоддзю капэлы прысвячаецца...

У Гродзенскiм абласным тэатры Лялек 12 красавiка адбудзецца ўрачысты канцэрт, прысвечаны 10-годдзю Гродзенскай капэлы. Для прыхiльнiкаў iх творчасцi выступяць самi юбiляры з шэрагам твораў такiх сусветна вядомых класiчных музыкантаў як Вольфганг Амадэй Моцарт, Iаган Себасцян Бах, Жорж Бiзэ... Для гледачоў увечары будуць працаваць камерны аркестр, камерны хор i салiсты вакалiсты капэлы.

Гiсторыя капэлы пачыналася ў 1992 годзе, калi яна была арганiзавана пад кiраўнiцтвам Андрэя Бандарэнкi, сённяшняга святара Барысаглебскай царквы, лаўрэата дзяржаўнай прэмii Рэспублiкi Беларусь за яго оперу «Князь Наваградскi», члена саюза кампазiтараў Беларусi. Тады музыканты выступалi ў першы раз на сцэне Лялечнага тэатра, былой капэлы Тызенгаўза. Гэта невыпадкова, бо першапачатковай мэтай «капэлiстаў» стала менавiта адраджэнне гiстарычнай капэлы Тызенгаўза. Зараз за плячыма музыкантаў з ужо дзесяцiгадовым стажам не адна наведаная з канцэртамi еўрапейская краiна. Беларускiя артысты выступалi ў Iспанii, Нарвегii, Францыi, Германii, Польшчы, Латвii, Лiтве... Спiс можна працягваць яшчэ доўга, ды i галоўнае не колькасць наведаных краiн, а якасць выканання. Артысты зусiм нядаўна вярнулiся з X Мiжнароднага фестываля бахаўскай музыкi, якi праходзiў у Тверы. Па словах галоўнага адмiнiстратара капэлы Яўгена Альфяровiча, гледачы, якiя прысутнiчалi ў дзень выступу гасцей з Беларусi, былi ўражаны ўзроўнем выканання твораў, нотныя лiсты на якiя – рэдкасць нават у свеце.

З цягам часу i ростам папулярнасцi Гродзенскай капэлы рос i яе рэпертуар. Зараз ен налiчвае, без перавелiчэння, каля тысячы твораў. Маючы мэтай папулярызацыю беларускiх музычных твораў як аўтараў мiнуўшчыны, так i нашых сучаснiкаў, асновай рэпертуару ўсе ж застаецца музыка класiкаў свету. Тое, што зал напоўнены слухачамi падчас канцэртаў, якiя даюць музыканты, сведчыць аб тым, што класiчная музыка захоўвае сваiх прыхiльнiкаў, а Гродзенская капэла адшукала ў вiрах сучаснага жыцця, напоўненага шматлiкiмi турботамi, свайго адданага слухача.

На сенняшнi дзень артысты знайшлi яшчэ адзiн напрамак дзейнасцi для сябе: выхаванне новага пакалення слухачоў i музыкантаў. Iснуюць дзве праграмы, згодна якiм выхаваўчыя заняткi праводзяцца ў шэрагу гродзенскiх школ i нават дзiцячых садках. Акрамя таго для маладых гродзенскiх музыкантаў, выпускнiкоў музычных класаў, выступленнi ў складзе Гродзенскай капэлы – гэта своеасаблiвая школа практыкi музычнага мастацтва, школа наладжвання тых тонкiх i, на жаль, вельмi крохкiх узаемаадносiн, якiя ўзнiкаюць памiж артыстам i слухачом падчас канцэрта.

Вельмi сiмвалiчна тое, што свой юбiлей музыканты адзначаюць менавiта на той сцэне, дзе ўсе некалi пачыналася. Зараз, праз дзесяцiгоддзе творчай дзейнасцi ў iх есць унiкальная магчымасць зазiрнуць на хвiлiну ў мiнулае, у думках яшчэ раз прайсцi свой шлях у музыцы з самага пачатку, каб даць адказ на адзiнае пытанне: цi не марна прайшлi гады? I калi адказ станоўчы, то яшчэ «доўгiя-доўгiя леты» жадаем вам на абраным нялегкiм творчым шляху.

Вольга АРЦЁМЕНКА

Назад