Новая кніга пра Гродна
Прэзентацыя новай кнiгi-фотаальбома аб нашым горадзе адбылася ў гродзенскiм гарадскiм Доме культуры. У кнiгi «Гродна. 21 стагоддзе» трое аўтараў: Яўген Жабрун, намеснiк старшынi гарвыканкама, гiсторык Iгар Трусаў i фотамастак Мiхаiл Анiшчанка. Паўнапраўным сааўтарам можна назваць i выдаўца з Брэста, прадпрымальнiка Сяргея Лаўрова. Таму што новая кнiга ўбачыла свет па яго iнiцыятыве i на яго сродкi.
Выдадзена яна тыражом дзве тысячы асобнiкаў. Тэксты напiсаны адразу на некалькiх мовах: беларускай, рускай, англiйскай i польскай. Але галоўнае ў гэтай кнiзе – фотаздымкi, якiя гавораць больш, чым словы. Усе фатаграфii – плён шматгадовай працы Мiхаiла Анiшчанкi, таленавiтага фотамайстра, якi так яскрава праявiў сябе ў каляровай фатаграфii. Асаблiва ўдаюцца яму гарадскiя здымкi, на якiх наш старажытны Гродна адчыняе неабыякаваму гледачу сваю прыгажосць i свае таямнiцы.
...Кнiга «Гродна. 21 стагоддзе» неўзабаве павiнна з’явiцца ў продажы. Яна стане неблагiм падарункам не толькi для гродзенцаў, але i для гасцей нашага горада. I на чарговым фестывалi нацыянальных культур, якi напачатку чэрвеня пройдзе ў Гродне, гэтае выданне абяцае стаць самым папулярным.
Мiхаiл ВАСIЛЕВIЧ
|