Яны былi вызвалены апошнiмi з удзельнiкаў акцыi ў падтрымку журналiстаў зачыненай уладамi газеты «Пагоня» – М.Маркевiча i П.Мажэйкi, якiя прыцягваюцца да крымiнальнай адказнасцi за паклёп на прэзiдэнта РБ. У гэты ж дзень А.Пiсальнiк i С.Пачобут правялi прэс-канферэнцыю.
Нагадаю, што за ўдзел у пiкетах пятага красавiка былi затрыманы 13 удзельнiкаў. Самае суровае пакаранне суддзя Ленiнскага суду Гродна Дземчанка вынес Анджэю i Стасу – 10 сутак арышту. Стас Пачобут усе 10 сутак трымаў у iзалятары часовага ўтрымання галадоўку. Пасля таго, як ён выйшаў на волю, было вiдавочна, што хлопец схуднеў, у яго кружылася галава, але Стас заявiў, што «нiчога новага для сябе не адкрыў. Там усё па-старому, нiчога не змянiлася».
Напачатку прэс-канферэнцыi М.Маркевiч зачытаў лiст, атрыманы ад прэсавага сакратара прэзiдэнта Чэшскае Рэспублiкi Ладзiслава Шпачэка. У лiсце прэзiдэнт Гавэл заклiкае беларускiя ўлады да неадкладнага заканчэння крымiнальнага пераследу абодвух журналiстаў ды iншых пакараных асобаў i спынення далейшых парушэнняў правоў чалавека на Беларусi.
А Пiсальнiк заявiў, што ён не адчувае сябе героем, асаблiва на фоне Стаса, але вельмi ганарыцца тым, што яго ўдзел у акцыях супаў з iнфармацыйнай хваляй, якая паднялася ў Польшчы. Анджэй нагадаў пра заяву канцэлярыi прэзiдэнта РП, МЗС Польшчы, Чэслава Мiлаша i Адама Мiхнiка адносна суду над журналiстамi «Пагонi». С Пачобут патлумачыў, што ён ведаў на што iшоў, удзельнiчаючы ў несанкцыянаваных пiкетах двойчы на тыдзень, ведаў якое яго чакае пакаранне, але яго жыццёвыя перакананнi заключаюцца ў тым, што «нельга змiрыцца з тым, калi цябе садзяць за нейкiя ўчынкi, якiя ты лiчыш нармалёвымi. Для свабоднага чалавека. I калi ты з гэтым будзеш мiрыцца, яны будуць садзiць за ўсё».
А.Пiсальнiк пракаментаваў сiтуацыю, якая адбылася ў газеце «Глос з над Нёмна». Высветлiлася, што кiраўнiк СПБ Т.Кручкоўскi быў супраць таго, каб у газеце друкавалася публiкацыя Андрэя Пачобута, штатнага супрацоўнiка выдання, аб падзеях звязаных з тэмай «Пагонi». Дзеля гэтага збiралася нават Галоўная ўправа СПБ, i большасць выказалася за публiкацыю. Публiкацыя пачынаецца здымкам журналiста Анджэя Пiсальнiка. Ён – сябра Саюзу палякаў i былы супрацоўнiк «Глоса з-над Немна».
У публiкацыi гаворыцца таксама аб падтрымцы, якую выказалi беларускiм журналiстам вядомыя палякi: напрыклад, Чэслаў Мiлаш – i аб занепакоенасцi лёсам Мiколы Маркевiча i Паўла Мажэйкi з боку канцэлярыi прэзыдэнта Польшчы i польскага мiнiстэрства замежных спраў.
Пазiцыя Саюзу палякаў у гэтай справе выглядала iнакш. Тадэвуш Кручкоўскi заявiў карэспандэнту «Газеты Выборчэй», што «барацьба за iнтарэсы беларусаў не з’яўляецца задачай нашай меншасцi».
Аднак кiраўнiцтва Саюзу палякаў усё ж прыняло заяву адносна пераследу журналiстаў «Пагонi». Яе надрукавалi толькi ў выглядзе каментару да публiкацыi ў «Глосе з-над Немна»: «Галоўная управа СПБ мае меркаванне, што ў Беларусi павiнны шанавацца правы чалавека. У тым лiку права свабоды прэсы. Выказваем сваю занепакоенасць сiтуацыяй, якая ўзнiкла вакол газеты «Пагоня». I адначасова хочам падкрэслiць, што Саюз палякаў, як грамадская арганiзацыя, якая дзейнiчае згодна са сваiм статутам, не мае намеру ангажавацца ў палiтычную барацьбу».
Але нават у выглядзе камэнтару да публiкацыi гэтая заява не была змешчаная ў iнтэрнэт-вэрсii «Глоса з-над Немна».
Анджэй патлумачыў, што зразумеў няладнае, калi прачытаў газету яшчэ ў камеры. Адзiнае яго ўсцешыла, што кiраўнiк СПБ Т.Кручкоўскi застаўся ў меншасцi. Па яго словах, адным з матываў ягонага звальнення з рэдакцыi «Глоса з над Немна», было ўвядзенне цэнзуры кiраўнiцтвам СПБ. Анджэй распавядаў, што на апошнiм з’ездзе СПБ галасаваў менавiта за Кручкоўскага, паколькi другi кандыдат на пасаду старшынi – Т.Малевiч, па яго словах, дапускаў нават антысемiтскiя выказваннi. Як заўважыў А.Пiсальнiк – «Я падтрымаў Кручкоўскага, паколькi мала яго ведаў». Ён выказаў меркаванне, што магчыма спадару Кручкоўскаму хопiць мудрасцi, каб змянiць у далейшым свае паводзiны.
На думку абодвух хлопцаў, акцыя вакол «Пагонi» была найбольш яркай за апошнi час у Гродне. Яшчэ яны казалi, што мiлiцыянты ставiлiся да iх значна лепш, чым да звычайных сутачнiкаў. Як заўважыў Стас: «таму што яны бачаць, што перад iмi свабодны чалавек».
Хлопцы дзякавалi сябрам за падтрымку, за перадачы ў камеру. Стас Пачобут сцiпла прызнаўся, што сваёй галадоўкай нiчога асаблiвага не зрабiў, паколькi пры iснуючым рэжыме ў Беларусi кожны дзень галадае мноства людзей толькi ад таго, што яны не маюць грошай на харчаванне.
М.КАРНЕВIЧ